От так маеш. Забойца. Бярэш на сябе функцыі Госпада Бога.
Я замкнулася на верандзе, завесіла вокны і ў мокрым, як была, расцягнулася проста на падлозе. Варта было заплюшчыць вочы, як зноў чуўся шум вады, Толікавы напружаныя цягліцы на худых руках, і зноў пхалі мяне ў жывот Кукалевы ногі… Я адкаркавала бутэльку з віном і раптам адчула, што не магу. Не магу глынуць. Проста не магу. Горла сціснулася. Целазабойца не прымае. П’янства – гэта свята. І свята скончылася.
Знянацку ўсярэдзіне варухнулася спружына і імгненна выпрасталася, жалезныя крылы яе ўдарылі так, што я застагнала. Так баліць язва ці інфаркт. Так баліць, калі нараджаеш. Можа, так баліць, калі нараджаешся. Можа, так баліць, калі паміраеш.
Але я не памерла.
Хана бобіку
Улянка і Валік паставіліся да аповеду Толіка не так, як я чакала. Не так, як я чакала, паставіліся да таго, што сядзелі на адным радне з забойцамі. Мы пасцялілі радно ў садзе, і сядзелі тут, каб можна было гаварыць, не асцерагаючыся праслухоўвання.
Улянка, якая прыехала насцярожаная і напружаная, хаваючы вочы, у нейкі момант аповеду падняла іх і больш ад мяне не адводзіла.
Мы пазванілі Зарніцкай, каб яна не выводзіла Ліну і Казіка на двор, трымала іх у пакоі, аж пакуль не заедзе па іх Юрка.
– Вось так. Кукаля больш няма. Хана бобіку. Пытанне аб продажы вашага дома адпадае. А вось пытанне пра тое, што будзе далей – застаецца, – сказаў Толік, завяршаючы аповед.
– Зусім забыла за гэтымі справамі, – Уляна махнула рукой і павярнулася да валізкі. – Я ж прывезла табе сігнальны экзэмпляр тваёй кніжкі, – яна працягнула мне зялёны том.
– Добра, што сёння моцны вецер – пясок ужо напэўна засыпаў сляды трактара на дарозе, – азваўся Валік, якога, відавочна, хвалявала толькі тое, як нам пазбегнуць падазрэнняў.
Паглядзеўшы на мяне, ён дадаў цалкам спакойна:
– Ды што ты трасешся? Гэта было адзіна магчымае выйсце. Ды вы ганарыцца можаце. Я пра вас унукам раскажу, калі дажыву.
Карацей, я знаходзілася ў кампаніі яшчэ больш амаральных за мяне асобаў, для якіх забойства Кукаля было не прычынай для згрызотаў сумлення ды пакаяння, а ледзь не нагодай для свята.
Я паглядзелапаглядзела на іх, і ўзялася за прывезеную Улянай кніжку.
Па гары хаджу, сонца не бачу
Мой стан на працягу наступных дзён быў нейкім віхлястым: я ніяк не магла супакоіцца і засяродзіцца.
Са сваімі перажываннямі я засталася амаль што самнасам: Улянка, абняўшы мяне на развітанне, чарговы раз паляцела з агітбрыгадай па вёсках Століншчыны, Толік з Валікам былі запрэжаны Чаротам у бітву за ўраджай настолькі шчыльна, што бяздзейны металашукальнік вось ужо некалькі дзён ляжаў у каморы – праўда, Толік дамовіўся, што яго можна пакінуць у нас яшчэ. Заязджалі да мяне Юрка з дзецьмі – на гадзінку. Юрка схадзіў на магілу бабулі, і яны паляцелі ў Менск.
І вось я тулялася па двары на самоце.
Шчыра кажучы, сумленне мяне больш не мучыла, і прывід Кукаля начамі не прыходзіў. Холадна разважыўшы, я вырашыла, што не буду перажываць: я парушыла запавет «не забі» – забіла чалавека, але, як казаў Азазэла, «яго абавязкова трэ было забіць». Мяне вельмі падтрымалі словы заўсёды разважлівага Валіка, што ён раскажа пра нас унукам. Ну і няхай траплю па смерці ў пекла: Кукаль ператвараў у пекла жыццё тут, і я не шкадую, што яго спыніла.
Аднак, так бы мовіць, не шкадуючы пра злачынства, я шкадавала пра пакаранне.
Я панічна баялася зноў трапіць у турму. Адна справа, калі вы трапляеце туды маладой – хаця і гэта не мёд з лоем. Але мне, у мае пяцьдзясят, зноў трапіць туды праз такога гада, як Кукаль… Лёгка можна было здагадацца, што зараз зрабіла б з гэтага факта мая знаёмая рэдактарка БТ. Зноў падвесці Уляну, зноў трапіць у цёмнае царства. Не, вось гэтага я не вытрымаю. Лепш тады самой, сапраўды… І я зноў цалкам сур’ёзна разглядала паліцу з кардыёстымам.
Бывалі моманты – ды дзе там моманты, доўгія гадзіны, – калі я была цалкам дэмаралізаваная. Разпораз паглядала на дарогу, адкуль зза арэхавага куста кожны момант маглі прыбыць міліцыянты: а) з прывітаньнем ад чорнага пракурора і арыштаваць мяне нібыта за забойства бабы; б) з прывітаньнем ад нейкага іншага чына і арыштаваць за забойства Кукаля; в) без усялякіх прывітаньняў – якіянебудзь асобыя спэцназаўцы, каб прафіляктычна набіць морду, – выбарчая кампанія ж яшчэ ня скончылася!
Напэўна, мне стала б лягчэй, калі б я магла напіцца. Але я не магла: горла сьціскалася, цела не прымала, і, патрымаўшы шклянку ў дрыжачай руцэ, я выплёсквала віно на зямлю.
Да далёкіх дамкоў дачнага…
Азірнуўшыся, я пабачыла: гэта ўчастковы. Свінячае варыва палілося на зямлю, а не ў карыта. Каб умела, я б памалілася Богу. Счакаўшы тыдзень і за гэты час давёўшы мяне амаль да нервовага зрыву, адплата ў асобе падцягнутага маладога чалавека з адкрытым тварам – такім рэдкім цяпер – зачыніла брамку і падышла да мяне.
– Добры дзень.
– Добрага здароўя.
– Ці не маглі б вы ўдзяліць мне трохі часу? Трэба пагаварыць.
– Праходзьце вунь на лаўку, да стала. Я зараз, толькі свінні дам.