Калі ён перастаў звівацца і замёр, да мяне дайшло, што мы зрабілі.
Я ўстала з кален, і мяне выразна, буйна затрэсла. Ток высокай моцы прайшоў праз галаву, сэрца і рукі.
Тапелец пакалыхваўся на плыткаводдзі тварам уніз.
П’яны Кукаль зваліўся з берагу і ўтапіўся. Ля берага плытка, амаль па калена, але ці многа трэба п’янаму? А нават і не п’янаму? Жыццё чалавечае вісіць на тоненькай нітачцы… Так скажуць усе, калі мы паспеем уцячы.
Мы – забойцы.
Правал у часе, мы ў кабіне трактара, Толік заводзіць матор, трактар разварочваецца, пада мной лужына, мокры профіль Толіка, яго прышчуранае цёмнае вока.
Што там цяпер, ля ракітавых кустоў над затокай? А раптам Кукалева кампанія ўжо вярнулася, мо яго ўжо знайшлі? Раптам нас бачылі, і цяпер ужо гоняцца за намі або тэлефануюць у міліцыю? Нам не выкруціцца.
Толік гнаў трактар, мяне матляла па кабіне.
– Паедзем на Горы праз дачы. Трэба, каб нас там пабачылі. Гэта не тое што алібі, але лепш, чым нічога. Нас маглі пабачыць, калі мы ехалі праз Дабрацічы, і, калі што, лепш будзе настойваць, што мы сапраўды ездзілі на Горы, але не гэтай дарогай, а праз дачы. Дачнікі рэдка калі працуюць на градах з гадзіннікамі на руках. Больш па сонцы час угадваюць. Нам гэта можа прыдацца. Ды не бойся, хутчэй за ўсё, ніхто нас не патурбуе. Халера, – скрозь зубы прамармытаў ён, калі мы выехалі на шашу.
– Што такое?
– Чарота. Ён, напэўна, пабачыў трактар. Вунь яго машына.
Белая «ніва» выязджала на шашу недзе за кіламетр ад нас, з дабрацінскай дарогі. Яна павярнула ў супрацьлеглы нашаму бок, але сапраўды нас маглі пабачыць – мы якраз выязджалі з дарогі на шлюз.
– І што цяпер будзе?
– А, хай. Што будзе, тое будзе.
Наўмысна штосілы тахкаючы маторам, Толік прагнаў трактар праз дачы, але нікога я тут не заўважыла. Можа, дачнікі пахаваліся ад пякучага сонца ў халупы і не зводзяць з гадзіннікаў вачэй у чаканні пары, калі можна будзе бегчы на цягнік? Тады напэўна яны прыкмецяць дакладны час, калі мы праімчаліся. Можа, мы робім памылку, якая будзе нам многага каштаваць? Уявіўся дыялог: «Экспертыза паказала, што смерць настала ў 12.30. Паводле паказанняў сведкаў, у 12.40 вы выязджалі на шашу з гэтай дарогі, у 20.50 праязджалі праз садовае таварыства «Ветэран». Гэта ўскосныя доказы таго, што вы маглі ўчыніць забойства…» Не, блін, якія там ускосныя доказы! Дыялог будзе такі: «Сляды трактара знойдзены на месцы злачынства, як і вашыя сляды на беразе. У купе з паказаннямі сведкаў, якія бачылі трактар, гэта напэўна даказвае вашу віну». І нават не дыялог, а маналог, бо што можна на гэта адказаць следчаму? Пракурору Майдзенку з апечанай скурай і агнём у вачах?
Толік звярнуў пад купу дубоў і заглушыў матор.
– Давай хутчэй, – ён сунуў мне ў рукі кошык і выпхнуў з кабіны.
– Рві чабрэц, – ён пхнуў мяне ў спіну. – Давай-давай, няма калі, потым вачыма лыпаць будзем.
Я, адрухова сціскаючы кошык, павольна агледзелася.
Дзьмуў моцны вецер. Тут, у старым бары на Горах, само сабой нараджалася рэха, і тахкала, і шчоўкала, і пастуквала між камлёў і промняў. Месца былога хутарка на пагорачку знакавалі духмяныя палотнішчы ліпаў, з якіх цяпер Толік хуткахутка драў квецень разам з дробненькімі галінкамі, і здзічэлыя ў церан сліўкі; падушачкі чабору і ачыткоў раскашавалі ў сонечных плямах; унізе, дзе раней была рэчка, залівалі даліну туманныя хвалі светніку. Адтуль, знізу, пахла багнай і трохі вадой.
– Прыйдзі ў змыслы, – злосна, як мне падалося, кінуў Толік і вырваў у мяне кош. – Чаго ты аслупянела. Усё нармальна. Чыстая работа. Ну, чаго ты?
– Толік, я баюся!
– Перастань! – Толік упаў на калені і спехам пачаў ладаваць кош чаборам; разам з травой туды трапляла ігліца, мох, пясок. – Ну, скажы, хіба ты не хацела вось сёння, калі я прыехаў да вас, пайсці і атруціцца? Ну, хацела? Хацела. Значыць, смерці ты ў любым разе не баішся, так? Так! Тады чаго табе баяцца, халера! – загрымеў ён. – Чаго табе баяцца, калі ты не баішся нават смерці?
Ён кінуў абодва кашы на руку, другой жалезнай падхапіў мяне і павалок у трактар.
– Зараз сядзі дома і нікуды не выходзь. Я адвязу ваду, потым заеду па Валіка, і мы прыедзем. Калі раптам хто будзе што пытаць – але ніхто нічога не спытае – ты нічога не знаеш, каля шлюза мы не ездзілі, нічога не бачылі, – вучыў ён мяне дарогай, калі мы на гранічна магчымай хуткасці праносіліся назад – праз дачны пасёлак, па шашы, Дабрацінскім лесе. – Замкніся і не адчыняй. Улянка калі прыязджае?
– Не ведаю, пад вечар, мусіць. Ёй многа дзе сёння трэба быць.
– Мы прыедзем раней. Усё добра, далібог. Канчай псіхаваць.
З гэтым наказам ён мяне пакінуў, і трактар знік за хвоямі. Бутэльку з віном Толік пакінуў мне.
Няпэўным рухам я адчыніла брамку, трошкі стукнуўшыся пры гэтым клубам аб слупок; на клубе забалела нечакана моцна. Я падняла спадніцу, якая яшчэ не паспела да канца высахнуць. На сцягне чарнела некалькі сінякоў.
Гэта былі сляды ўдараў ног Кукаля. Я адчула, як падкочваецца да горла дурната. Ён адбіваўся нагамі, стараючыся ўстаць, і адзнакі барацьбы пад шлюзам цяпер красуюцца на маім сцягне. Раптам гэтая карціна выразна стала перад маімі вачыма: шум вады, Толік, Кукалевы ногі, якія б’юць мяне па жываце, і на нагах валасіны. Нельга нават сказаць, што я забіла яго сваімі рукамі. Я забіла яго сваім целам, тлустым целам пяцідзесяцігадовай дуры.