Дастаткова праглынуць некалькі таблетак – і больш нічога гэтага я не пабачу. Я забуду пра ўсё гэта; забудуць і пра мяне. Жыццё не для такіх, як я.
Развіднела, потым узышло сонца. Каб дастаць вады для жывёлы, мне прыйшлося выварочваць вядро чатыры разы. Суша. У роце – горыч, горыч усярэдзіне, горыч на душы. На бязлітасным сонечным тле мае чорныя думкі ўжо засцілі святло. Я прыкрыла рукой вочы, і зпад яе зацурчэлі слёзы. Я хачу памерці. Гэта прасцей, чым даказваць сваю невінаватасць – сястры, пракурору, самой сабе, – гэта, несумненна, лягчэй, чым зноў пабачыць заўтра тут, на ўзгорку, людзей з тэадалітамі. Ужо пяцьдзясят мне, пажыла, колькі магла.
Калі бабе было семдзесят восем, яна таксама хацела ўтапіцца ў бухце. Але адмовілася ад свайго намеру, бо сасніла сон, бы нехта на небе не даў ёй, самагубцы, прасфорку і адвярнуўся ад яе. Яна зразумела знак, бо верыла ў Валадарства нябеснае. Але я не веру.
Боль, мацнейшы за боль ад пабояў, падняўся і затапіў мяне, і само сабой выгаварылася:
– Ох, мацінка мая, нашто ты мяне на свет нарадзіла?
Кардыёстымфортэ чакаў на паліцы, і вяроўка, па якой я паўзла, вілася да яго.
Абсалютна спакойна, асэнсавана я высыпала на далонь з бутэлечкі горку маленькіх беленькіх пігулак. І тут пачуўся твой нізкі, басісты голас:
– Здароў! Што робіш?
Між намі ніколі не было больш таго, што было. Ты нават ніколі не гаварыў мне, што кахаеш – ні тады, у юнацтве, на зялёным аксамітным ад вільгаці моху, ні тым больш цяпер – у начным лесе, дзе цені глыбокія, як пустата. Але ж менавіта ты выратаваў мяне і ад смерці, і ад нечага нават горшага. Я не заўважыла, калі ты пад’ехаў, бо ў тым маім стане да мяне не даходзілі ніякія знешнія гукі, але калі ты з’явіўся на ганку веранды, то не заўважыць цябе я не магла.
У праёме дзвярэй, на тле святла, твая фігура, Толік, была яшчэ цямнейшай, чым звычайна, а рысы твару былі амаль не відочныя. Ты зрабіў некалькі крокаў да мяне, павярнуў маю далонь і перасыпаў пігулкі на сваю, а потым пайшоў на кухню. Я пацяглася за табой. Ты сыпануў іх у печ, і яны адразу праваліліся ў попел, які я даўно не выбірала.
– Што здарылася? – спытаў ты ціха.
Седзячы пры кухонным, засланым вынашанай цыратай, стале, я расказала табе пра ўсё. Як бабуля біла мяне, калі праз мяне здохла карова. Як абвінавачваў мяне тварык маёй дачушкі ў труне. Як скарыстаў мяне Гоша. Як мучылі мяне ў турме. Як здрадзіў мне Антон. Як мая баязлівасць, няўпэўненасць, маё слабаволле дасталі сястру. І што ты ніколі не гаварыў мне «кахаю». І што, прапоўзшы на каленях да пульхнай вільготнай нагі Кукаля, я больш нічога не хачу, акрамя аднаго – пра ўсё забыць. Што я проста не змагу бачыць, як Кукаль будзе ўзводзіць у Дабрацічах бардэль.
Ты маўчаў, павесіўшы галаву. Табе не было што сказаць, і я гэта разумела.
Але потым ты знайшоў словы. Ты заехаў да мяне выпадкова, ты так і не сказаў мне «кахаю», ты паклікаў мяне з сабою толькі з жалю і чуласці, гэта я разумею, але і гэтага сталася дастаткова.
– Паехалі, – сказаў ты мне ў той дзень, сёмага ліпеня, – сёння ж Івана Купалы, трэба нарваць ліпы ды багна. Паехалі разам. У мяне ў кабіне віно ёсць, – дадаў ты, памаўчаўшы.
Апошняе вырашыла справу.
З той пары, як Улянка кінула мне ў вочы «Ты ўсё разбураеш!», з той пары, як яна разбіла бутэльку аб сцяну, я не нюхала алкаголю.
Толік жвава адчапіў цыстэрну і ўлез да мяне ў кабіну. Збоку, зпад сядзення, выняў пачатую бутэльку, зубамі выцягнуў корак і працягнуў мне віно. Потым завёў матор, і трактар, скінуўшы ношу, жвава пабег па пыльнай дарозе.
Я адпіла з рыльца і пакінула бутэльку каля сябе.
Да Гораў не блізка. Дарога лесам, потым шашой (каля шашы на слупку шыльдачка: «У раёне выяўлены выпадкі шаленства. Пазбягайце сустрэчаў з дзікімі жывёламі!»), потым грунтоўкай; роўнае асушанае поле, зжоўклая трава абапал, кароткі цень бяжыць побач. Дзікіх жывёлінаў не відно.
Мы маўчалі.
«Мерсэдэс» пабачылі адначасова: там, дзе за шлюзам вялікая затока, на рэзкім павароце дарогі, трохі з’ехаўшы з яе, стаяў знаёмы чорны аўтамабіль, побач – яшчэ адзін, серабрысты. Толік адразу заглушыў матор. Сэрца маё забухала так, што грукат яго перакрываў гул вады, які пачуўся адразу, як сціх матор.
– Разварочвайся. Я не хачу сустракацца з ім. Дзеля Бога, разварочвайся.
– Паспеем. Гляну, як там што.
Не зачыніўшы дзверцы, Толік злез і, трымаючыся ценю кустоўя, трохі прыгнуўшыся, хутка пайшоў наперад. Раптам спыніўся, з секунду пастаяў, павярнуўся і замахаў мне – ідзі, маўляў, хутчэй. Хутчэй, хутчэй! Я насцярожана выйшла, і сонца адразу ўдарыла па патыліцы.
Толік папераджальна прыціснуў палец да вуснаў.
З-за куста, дзе мы стаялі, усё было добра бачна.
Кукаль, спінай да нас, у купальных трусах метраў за дзесяць. Вялікі і мажны, п’янаваты, відаць нават па спіне. Трохі далей, за кустоўем, плёскаліся ў затоцы нейкія людзі, Кукалева, відаць, кампанія, і час ад часу віскат жанчын перакрываў моцны роўны гул вады ў шлюзе. На траве разгорнуты сіні абрус, на ім бутэлькі і ежа.
Я не паспела больш нічога заўважыць, падумаць, агледзець, як раптам Толік, сагнуўшыся, ціха і імкліва рвануўся праз тыя метры, што дзялілі нас ад Кукаля, ззаду, бы рысь, скочыў на Івана Мітрыча, які абсалютна не чакаў такога нападу, і яны разам зрынуліся ў ваду.
Знямеўшы, аслупянеўшы, з адваленай сківіцай я глядзела, як Толік стараецца ўтрымаць Кукалеву галаву пад вадой; Толік худы, учэпісты, а Кукалева туша вялікая, налітая; нешта панесла мяне да іх, я скочыла ў ваду і ўсім целам, жыватом навалілася на Кукалевы ногі, сілу скіраваўшы на тое, каб не даць яму ўзняцца; калі б яму ўдалося хоць раз вырвацца, ён крыкнуў бы, і ягоныя знаёмцы прыбеглі б з затокі; ён быў дужы, але нас было двое, і, думаю, ён быў п’яны; каб утапіць чалавека, дастаткова трох хвілінаў; мы з Толікам вытрымалі тыя хвіліны.