Я змагла пакласці ўсіх чатырох сабак аднаго каля аднаго, а зверху таксама закрыла іх лістотай грэцкага арэха – мне не хацелася, каб на іх раны трапляў пясок. Яшчэ я паклала ў магілу некалькі кветак ружовых аднагадовых вяргіняў, яркіх, з празрыстымі пялёсткамі, якія маюць, праўда, не надта дарэчную назву – «вясёлыя рабяты».
І тут зза чаромхі спінай да мяне выйшла Лялька-маладая. Яна поцягам цягнула па зямлі цела сваёй маці.
– Палажы яе туды, – сказала яна мне, паказваючы на яміну, і гэта былі першыя асэнсаваныя словы, якія я ад яе пачула за ўсё маё жыццё.
Глядзець на труп, які прабыў без міласэрнага покрыва зямлі столькі дзён, было страшна. Пахаваць цётку Ляльку разам з сабакамі?
– Лялько, давай занясем тваю маці на могілкі. Я такую самую яміну выкапаю, такім самым лісцем высцелю, і кветкі такія самыя пакладу. Могілкі ж каля царквы, зямля там асвечаная. Твая маці ў той зямлічцы будзе, як у царкве, ляжаць.
– Не. Мы ў царкве былі ў тую нядзелю. І ў тамтую нядзелю. Палажы яе тут.
– Добра. Давай. Давай паложым яе тут.
Я больш нічога не ведала, не хацела, не магла.
Трэ было занесці цётку да яміны і неяк спусціць яе туды.
Было навокал ціха. Дабрацічы маўчалі. Ніхто не прыбег на страляніну і лямант, ніхто не цікавіўся, што тут адбылося, ці застаўся тут хто жывы.
Але не, нехта падышоў да веснічак, ідзе сюды.
– Добры дзень, што, – Міхась Яраш, усміхаючыся, як заўжды, падышоў да нас, ахапіў поглядам усю карціну, і ўсмешка знікла, – што тут адбываецца? Я толькі з цягніка, баба кажа, у вас тут… – ён не змог гаварыць далей; ён не мог адвесці вачэй ад таго, што цяпер уяўляла сабой цела старой Лялькі.
– А, гэта ты? Добра, што падышоў, якраз дапаможаш мне пакласці ў яму цётку. Самой нязручна, не хочацца яе кідаць, і на сабак наступаць таксама не хачу. Давай, ідзі сюды.
Мішык адступіў.
– Чаго ты? Хадзі сюды, – настойвала я. – Да слова, даўно хацела спытацца, на чыё заданне ты назіраеш за аб’ектамі? Кукаля? Кабэбэ? Ну, адказвай, чаго маўчыш?
Калі я пачала гаварыць, Міша працягваў адступаць, а потым павярнуўся і кінуўся бегчы.
– Эй, паэтцвецік, ці добра табе заплацілі?
Апошнія словы я крычала яму наўздагон.
Мы з Лялькай разам неяк змаглі, не ўпусціўшы, пакласці яе маці ў магілу. Садкі пах лістоты арэха заглушыў цяжкі смурод; ружовымі пампончыкамі вяргіняў мы ўслалі ўсю яміну, пасля чаго засыпалі яе пяском. Атрымаўся даволі вялікі пагорак. Лялька выгладзіла яго ўвесь рукамі, пасля чаго, пакуль я ставіла рыдлёўку на месца, моўчкі знікла ў лесе.
Я зноў засталася адна.
Дагавор, які пакінуў мне Кукаль, ляжаў на верандзе. Я прачытала яго, плямячы паперу крывавымі пальцамі.
Кукаль купляў у нас зямлю і дом за смешныя грошы. Мой дохлы подпіс. Месца для подпісу сястры. Ягонае ўпэўненае, нахабнае факсіміле.
Вось я і падкачала. Сарвалася. У чарговы раз падвяла.
Як я пра ўсё гэта буду расказваць Уляне?
Навошта я выходзіла са схованкі? Чаму мне так нічога не ўдаецца? Абсалютна нічога не ўдаецца. Навошта мне наогул такое жыццё? За апошнюю думку я зачапілася. Навошта мне жыць? Навошта? Які сэнс? Ад мяне няма карысці – няма нікога, хто б хацеў, каб я жыла. Сястра? Яна ўжо стамілася ад мяне. Муж? Былы. Дзяцей у мяне няма. Дзяцей няма. Я перажыла сваю дачушку. Няма ўжо бабулі, няма маіх аднавяскоўцаў. Няма ў мяне і Толіка: хіба ж ён пашкадуе пра мяне? Не. Я для яго прыгода, успамін пра маладосць, сведчанне яго жыццёвай моцы. Не, Толіка ў мяне таксама няма. Затое ў мяне ёсць Кукаль, Шушко і Пачцівы, Грайчык і Майдзенка – як хвароба, як смяротная пухліна, яны распаўзліся па целе зямлі.
Хутка пухліна прарвецца тут, у Дабрацічах, і гной адсюль пацячэ наўкола.
Тут будзе панаваць Кукаль. Тут будзе панаваць гной.
Што такое лекавыя расліны ў Дабрацічах
За ноч мне не палепшала. Я ляжала без сну; думкі крумкалі, як крукі. Думкі падалі камянямі. Думкі, як пацукі, беглі па коле, па вяроўцы, якая вяла да кардыёстыму на паліцы.
Усё цяжкае, усё мярзотнае, усё подлае, што я перажыла, у чым я была вінаватая, гэтай ноччу ўспаміналася зноў і зноў. Як бабуля біла мяне, калі праз мяне здохла карова. Мая першая шлюбная ноч (пра гэта я нікому не расказвала і ніколі не раскажу). Тварык маёй дачушкі ў труне. Гоша. Турма. Здрада Антона. Мая баязлівасць, няўпэўненасць. Маё слабаволле. І апафеоз: пухлая вільготная нага Кукаля, да якой я прыкладаюся вуснамі.