Але ноччу мне сасніўся горкі сон, а абуджэнне сталася яшчэ горшым.
Вар’ятка Грэта на маршы
Вар’ятка Грэта ўсё нясецца і нясецца па свеце, з пустымі вачыма, са шпагай у руках, а пчаляры з коканамі замест твараў тупаюць і тупаюць навокал… Брэйгель не ўмеў маляваць. Гэта я зразумела, калі ў юнацтве паспрабавала скапіяваць «Вар’ятку…» ды «Пчаляроў». Ён не ўмеў маляваць, але ўмеў бачыць. Ажаніўся з дачкой боса і фабрыкаваў сабе гравюры на продаж… А сёння я сасніла брэйгелеўскіх герояў. Каляровыя сны – першая прыкмета шызафрэніі.
Брэх, стрэлы, енк змяшаліся са сном; сон лопнуў як мыльная бурбалка. Што там? Я саскочыла з ложка. Сабакі – чамусьці толькі тры галасы – брахалі адчайна, з нянавісцю, потым брэх змяніўся выццём і скавытаннем – тонкім, жаласным і бездапаможным.
Я выглянула ў акно і адрухова адхінулася.
Кукаль!
Кукаль са сваімі ахоўнікамі – ці як іх там трэба называць. Ва ўсіх, акрамя Кукаля, у руках аўтаматы.
Бяссільна апусцілася я назад на ложак. І ў гэты момант прайграла. Чалавек прайграе тады, калі скараецца пройгрышу. Я ў той момант скарылася. Спалохалася, хаця яшчэ нічога не адбылося, а так нельга, як правільна сказаў Ляві. І ўсё стала перадвызначаным. Выйсці на іх з сякеркай, якую баба заўжды трымала пад ложкам? Смешна. Горка. Пазваніць у міліцыю? Навошта – яны ж пад Кукалем ходзяць. Няма, няма прыёму супраць лома. Тэлефон на кухні маўчаў – яго адключылі. Я патрымала ў руках мабільны – пазваніць Улянцы, Зарніцкай, Анатолю? Але навошта? Чым яны дапамогуць?
І я пайшла на двор – здавацца, спадзеючыся на літасць ворага, падманваючы сябе розумам, бо шкурай добра ведала, што вораг бязлітасны.
Я спала не распранаючыся. Скурчаныя пальцы – я ўчора садрала з сябе гіпс, – скурчаныя пасля гіпсу пальцы не слухаліся, і я не стала прычухвацца. Растрапаная, у камечанай вопратцы, механічна перастаўляючы ногі, пад вясёлае скандаванне з вуліцы «Выхо-ди! Выхо-ди!» я выйшла на ганак.
Мяне сустрэлі апладысментамі. Ахоўнікі з аўтаматамі сталі калідорам, і я прайшла гэтым калідорам да Кукаля, які, разваліўшыся, сядзеў за нашым сталом пад ігрушай. Джына, з ранай у жываце, у лужыне крыві, ляжала ля ганка, выцягнуўшы лапы, і канала. Астатнія сабакі тонка скуголілі.
– Чаго вы ад мяне хочаце? – спытала я, спыняючыся ля стала. – Як вы маглі забіць сабаку?
– Не давала прайсці, вось і застрэлілі, – адказаў ён спакойна, як заўсёды; ён быў апрануты густоўна і так сабе неахайна, як апранаюцца звычайна разумныя і паспяховыя мастакі ці фатографы. – Не хочаш, каб і цябе напаткала такая ж доля – не стой і ты на маім шляху. Гэта я ў літаральным сэнсе. Вось, – ён шчоўкнуў замком скураной тэчкі, – гэта – акт аб уступленні ў правы наследавання, гэта – дазвол на продаж дома і ўчастка раней, чым праз паўгода пасля смерці завяшчальніка, а гэта – дагавор куплі-продажу. Ты падпішаш яго зараз, а заўтра прынясеш падпісаным тваёй сястрой.
Я моўчкі адмоўна пахітала галавой і павярнулася, каб пайсці ў дом. Мяне адразу ж развярнулі назад; пад рэбрамі я адчула халодную рулю аўтамата.
Сабакі ўсё яшчэ няшчасна вылі; пустое выцвілае неба; няма нікога, хто б дапамог.
Кукаль, спакойны і нетаропкі, дастаў з кішэні мабільнік і набраў некалькі лічбаў.
– Здароў. Ну што ў цябе? Выдатна. Пачакай хвіліну. – І да мяне: – Дзеці тваёй сястры цяпер купаюцца ў Бугу. Падпішаш, або мне сказаць, каб мой чалавек страляў?
– Ппадпішу.
– На калені.
Я стала на калені. Ён шпурлянуў мне ў твар дакументы і асадку. Я распісалася ў дагаворы, і адзін з ахоўнікаў забраў яго ў мяне.
– Цалуй мне ногі, – сказаў Кукаль, усё яшчэ трымаючы тэлефон ля вуха.
Я прапаўзла метр і пацалавала яго ногі – спачатку адну, пасля другую, тлустыя ногі ў скураных басаножках.
– Добра, пакуль можаш вярнуцца, пытанне вырашылася, – сказаў Кукаль у тэлефон.
Я ўсё яшчэ стаяла перад ім на каленях.
Ён устаў, і коратка, прафесійна, без размаху, ударыў мяне нагой пад дых. Я павалілася.
– Паехалі, – сказаў Кукаль, – Заўтра прынясеш мне ў «Калінку» падпісаны сястрой дагавор. Хаця не, заўтра я заняты, пазаўтра. А то сама разумееш, што будзе. Прыстрэльце сабак, – распарадзіўся ён, адыходзячы.
Усчалася страляніна. Лежачы на пяску, я заціснула рукамі вушы, але гукі праходзілі праз іх – праз скуру, косці, цягліцы, жылы, і кожны сабачы стогн быў як удар хлыстом… Каб забіць сабак, ахоўнікам спатрэбілася многа больш, чым тры кулі.
Нарэшце яны ад’ехалі.
Нейкі час я ляжала, а потым сабралася з сіламі і ўстала, каб узяць рыдлёўку і пахаваць сабак. Мне прыйшлося яшчэ схадзіць і па сякеру – каб абсякаць тоўстыя карані розных дрэваў, якімі пранізаная зямля ў Дабрацічах.
Калі вялізная яміна пад чаромхай была гатова, я выслала яе спод тоўстым слоем лістоў грэцкага арэха і на руках прынесла целы сабак. Спачатку я старалася не запэцкацца іх крывёю, але сабакі былі вельмі цяжкія, несці іх было нязручна, а валачыць іх па зямлі мне не хацелася – і вельмі хутка рукі і халат былі ўжо чырвоныя. Некалькі барвовых кропель трапілі мне нават на губы і твар.