– Паеду дахаты. Думаю, цяпер гэта бяспечна.
Па дарозе з крэпасці пазваніла Уляне. Размова была не тое што пустая, але несардэчная. Сястра была цалкам паглыбленая ў дзень сённяшні – час яе шумеў, свісцеў і выгукваў лозунгамі; нават пра затрыманне яна асабліва не расказвала – праехалі ўжо, цяпер трэба глядзець наперад. Я ж без астатку была занурана ў рыбін горад. Мой час цурчэў і ліўся брунатнай вадой Буга, дзе на перакатах ловяцца на гачок самы. Толькі адна навіна мяне зачапіла:
– Дарэчы, ты ведаеш, што днямі выйшаў указ пра тое, што прыватным асобам забараняецца шукаць скарбы? Цяпер на гэта мае права толькі дзяржава, а калі нейкі чалавек ці арганізацыя хоча гэтым займацца, то мусіць атрымаць ліцэнзію. А за парушэнне – крымінальная адказнасць, да двух год. Уяўляеш, якая ўвага да нас? – паведаміла сястра.
– Ты думаеш, да нас?
– Не сумняваюся. Так што памятай пра гэта, калі іншы раз гаворыш па тэлефоне. І яшчэ я думаю, што мы не беспадстаўна за гэта ўзяліся.
– За што за гэта?
– За ўсё за гэта. Толькі, прашу, не сарвіся, не падкачай, не нарабі глупстваў, як ты часам умееш.
Вось так размаўляе са мною сястра – а яна ж не старэйшая. Ну, хай сабе.
Хведзька адрапартаваў, што за маю адсутнасць у Дабрацічах усё было спакойна; жывёлу маю ён карміў, паставіўшы на ўтрыманне разам з тымі, што знаходзіліся ў іх лячэбніцы, дзеля чаго штодня забіраў у сталоўцы аблбальніцы некалькі вёдраў нядоедкаў. Ля ЦУМа Хведзька мяне высадзіў. Пасля пустынных бабровых хатак у крэпасці ісці люднымі брэсцкімі вуліцамі было трохі дзіўна; дзівілі мяне і нязвычна галосныя гукі аўтамабільных клаксонаў. Чаго яны так разгуліся – гэта ж, нібыта, забаронена? Прайшоўшы яшчэ пару крокаў па алеі ўздоўж Машэрава, я зразумела прычыну. Абапал вуліцы, уздоўж праезджай часткі, праз кожныя метраў дзесяць, стаялі маладыя людзі; кожны быў апрануты ў майку, на якой была намаляваная літара. Разам літары складалі словы «Гарабец – свабода». Кіроўцы і пасажыры, праязджаючы міма, вітальна гудзелі, махалі хлопцам і дзяўчатам. Разам з моладдзю, у такой самай саколцы з літарай Ц, стаяла ў шэрагу Ірына Лаўранеўская[22] – я ведала гэтую жанчыну прыкладна майго веку, адзіную тут, хто вывучаў стары, разбураны дашчэнту горад. Ва ўмовах, калі за вымаўленне ўголас прозвішча любога з кандыдатаў – акрамя, канечне, аднаго – можна было лёгка вылецець з працы, калі радыё і тэлевізія былі забітыя гумовымі людзьмі, а апошнія недзяржаўныя газеты спынілі друкаваць на мінулым тыдні, акцыя выглядала смелай і крэатыўнай. Жадаючы спраўдзіць рэакцыю мінакоў, я азірнулася навокал; яны то, у большасці сваёй, ухвальна пасміхаліся, але тут я пабачыла нешта, што сцерла ўсмешку з маіх вуснаў: у праезд за 13-й школай з боку ракі ўехала вялікая вайсковая машына, з кодабу якой пасыпаліся добра мне знаёмыя спецназаўцы ў чорным. Я ўжо адкрыла рот, каб зараўці «Міліцыя!», але, на шчасце, не паспела гэта зрабіць. Дзядок, што сядзеў на лавачцы з газетай, ціха прамовіў у мабільнік «Ахтунг» – і ў той самы момант ланцуг рассыпаўся, хлопцы і дзяўчаты скінулі саколкі і без залішняй мітусні змяшаліся з натоўпам. Спецназаўцы былі на месцы праз трыццаць секундаў, але здабычай іх сталі толькі саколкі. Спадарыня Лаўранеўская, якая таксама за гэты час скінула свою майку, рушыла ў самую гушчу міліцыянтаў. З адрошаным выразам твару, у чорных акулярах і з доўгай цыгарэцінай у муштуку, на высачэзных абцасах – рыхтык Сафі Ларэн; яна рассякала натоўп людзей у чорным, і яны давалі ёй дарогу; ім і няўцям было, што толькі што гэтая гранддама кіравала моладдзю на рызыкоўнай акцыі.
Я прысела на лаўку побач з дзядком.
– Як думаеце, які наступны ўказ выдасць наш прэзідэнт? – спыталася я яго, паказваючы на газету і не ў сілах стрымаць усмешку.
Ён акінуў мяне пільным позіркам.
– Ну, калі б я быў на яго месцы – ад чаго барані Божа, – думаю, я выдаў бы дэкрэт пра тое, каб заканадаўча замацаваць цвёрдае вымаўленне Ч і Р у словах жэншчыны і ператрахівать. Наспеў даўно. Ну, зычу ўсяго найлепшага, – дзядок па-старасвецку прыўзняў капялюш, падняўся з лаўкі і рушыў за Лаўранеўскай.
Чорныя, пазабіраўшы саколкі, адхлынулі назад.
Ля мяне прытармазіла машына. Гэта быў дзіўны тэхнічны апарат; здавалася, усё ў ёй – колы, лядашчыя праржавелыя крылы, дзверы – прыкручана дротам і вось-вось адваліцца. У салоне – толькі два абшарпаныя крэслы. Кіроўца – смуглы, вясёлы брунет з хвастом густых кудзерак, з белымі зубамі – кіўнуў на тое месца, дзе толькі што стаялі маладзёны ў саколках.
– Крута! Малайцы, не перасралі. А то як паглядзіш на каторых – яшчэ нічога не адбылося, а ўжо дрыжаць, як авечкі. А так нельга. Падвезці вас, мадам?
– У мяне грошай няма на таксі, – паведаміла я.
– А я не таксіст, – азваўся ён. – Я гоншчык. Мне да гонак трэба рыхтавацца, хочаце ў кампанію? Калі, вядома, не баіцёся?
Я здзіўлена паглядзела на гэтага вар’ята. Шанцуе мне апошнім часам на незвычайных людзей. Бліскалі на смуглым твары белыя зубы.
– Мне ў Дабрацічы, калі падкінеце – паехалі.
– Паехалі, – лёгка пагадзіўся ён. – Я магу трэніравацца дзе заўгодна.
Ягоная манера весці машыну – сунуцца ў найменшыя шчалюбіны, няспынна манеўраваць, разганяцца і імкліва гамаваць – спадабалася мне настолькі, што па дарозе мы пазнаёміліся. Хлопец паведаміў, што яго завуць Ляві – менавіта Ляві, а не Леў, – што ён цыган і што ён удзельнічае ў гонках ужо дзесяць гадоў.
– Ну, у Формуле-1 не ўдзельнічаю. А мы робім спаборніцтвы для нармальных людзей, якія проста любяць хуткую язду. У Нямеччыне, Польшчы, у Каталоніі… Дзе я толькі ні быў! Я магу хутка ездзіць на любой машыне, – гаварыў ён, – толькі б’юцца яны ў мяне часта. Таму я купляю старызныя. А гэта – мая любімая, ветэранка, яе завуць Аніта.
Я паказала Ляві тую дарогу, па якой нядаўна сама ехала ў Дабрацічы і расказала пра той выпадак. Ляві захапіўся.
– Крута! – пахваліў ён мяне. – А хочаш павучыцца ездзіць, як гоншчык?
Я хацела.
Ляві мяне падбадзёрваў.
Аніта, нягледзячы на багемны вонкавы выгляд, была моцная, прывучаная да цвёрдай дысцыпліны і слухалася найменшага руху стырном. Крутыя павароты адляталі назад. Матор гудзеў і роў над пусткаю былога балота, хвастала паветра. Разы два я ледзь не зляцела ў кювет, але выправілася. Ляві смяяўся і стукаў далонямі па абцягнутых джынсамі каленях.
– Крута! – выгукнуў ён, калі мы, збавіўшы ход, уехалі ў Дабрацічы. – Ведаеш, часам у спаборніцтвах трэба ўдзельнічаць удваіх, хочаш са мной? Вазьму цябе з задавальненнем. Давай, пагаджайся.
Падзеі дня – вестка пра вызваленне арыштаваных і аблажанне ўладаў, акцыя, сведкам якой я стала, знаёмства з Ляві і рызыкоўная праездка цудоўна ўзнялі мне настрой. Вечарам таго дня мне здавалася, што мне дваццаць, і што ўсё ў мяне наперадзе.
[22] П рыдуманая аўтарам асоба.