Цяжарная падышла да вершніцы, і, відавочна, каб перашкодзіць Макрыні хутка з’ехаць, абаперлася на яе нагу.
– Слава Ісусу Хрысту!
– Слава навек.
– А ты ўсё спяшаешся, Макрынька? Куды?
– Ды вось, Начко ў Загораным, дык барана зламалася, па дрот мяне паслаў. Трэба ж паспець, пакуль зямля не высахла.
Макрыня тарганула за повад.
– Ох, ды паспееце вы збаранаваць. Пастой са мной хвіліну, аддыхаюся. Можа ж, больш ужо і не пабачымся.
Суровы твар Макрыні трошкі памякчэў, але з каня яна так і ня злезла.
– Чомто не пабачымся? Яшчэ што выдумай!
– Ой, Макрынька, баюся я раджаць. Памру, мусіць. Сны такія нядобрыя.
– Спіцца і сніцца. Раджаць заўсёды страшна. Я пяць разоў раджала, і кожны раз страшна было. Але страх страхам – а родзіш. Галава баіцца, а дзіця радзіцца. Усе родзяць. Глянь, колькі ў Берасці народу – усіх маткі нарадзілі.
– Волька нашая шэсць дзён мучылася, а так і не нарадзіла. Жоська Кулешыха, Марына з Валынкі памерлі ў родах, Танька Гналёва… Я ўжо і святой Параскеве малілася, і Гандзю адправіла да кармелітаў паставіць свечку Маркеце, як у іх там прынята. А неспакойна мне.
Макрыня нагнулася ды пагладзіла цяжарную па бледнай руцэ.
– Пабачыш, усё добра будзе. Колькі ты ў Госпада Бога дзіця прасіла, нарэшце даў, дык няўжо ж Прасвятая Дзева не дапаможа радзіць? Як хочаш, я прыйду. Ды ў цябе ж і свякруха абазнаная, сама яна колькі нарадзіла – адзінаццаць?
– Прыйдзі, Макрынька, як мая гадзіна настане, прашу, прыйдзі, то мне якось спакайней будзе. Нікому пра роды не гавару, баюся, што сурочаць, толькі табе хацела расказаць… А даўно мы з табой не гаварылі, не бачыліся. Ты ўсё ў клопаце і ў клопаце… А памятаеш, як гулялі разам, на вячорках? Як да пана Копця на Марынчына вяселле ездзілі?
– Памятаю, а ўжо ж. Прыеду, прыеду да цябе, як накажаш. Але ж там Начко чакае, – Макрыня нокнула каню, і апошнія словы пракрычала ўжо з моста.
Бедная цяжарная пабрыла ў браму.
Віталь прынёс мне супу ў тэрмасе.
Яшчэ адзін указ
Я прасядзела ў будцы тры дні. Камары скусалі мяне так, што твар стаў нагадваць поўню. «Шчочкі трохі пакруглелі», – сказала б сястра. Тая сядзела ў турме, але, каюся, я не вельмі пераймалася гэтым, як не пераймалася камарамі, бо кажнюсенькі дзень, пад камарыны звон, калі ціха было навокал, калі толькі бабры бабраліся ў сваіх хатках, трапляла я ў старое Бересте, у рыбін горад – на дарогу, што вяла ад Валынскага перадмесця да замка; менавіта на гэтай старой дарозе стаяла цяпер мая будка. Трэба адзначыць, што кожнага разу я трапляла ў адзін час: гэта было лета, недзе сярэдзіна XVII стагоддзя. Апошнюю акалічнасць я высвятляла доўга і не да канца была ў ёй пэўная. Шчыра кажучы, падставы для такой высновы былі больш чым хісткія: ну, вопратка на людзях аддалена нагадвала тое, што можна бачыць на палотнах якога тагачаснага мастака, ну, пару разоў чула слова швайдніца; два зямяніны, спыніўшыся ля моста, вялі размову пра Хмеля… А ці той гэта Хмель, ці другі… Тым не менш, XVII стагоддзе ці якое іншае, але гэты час захапіў мяне цалкам. Я забылася пра ўсё. Як згаладнелы не можа адарвацца ад ежы, як закаханая не можа адысці ад каханка – так я не магла наглядзецца на рыбін горад – мой горад, поўны людзей і коней, поўны жыцця і стратаў, поўны светлага паветра. Час ад часу вецер даносіў да мяне пахі: хлебныя, смачныя, гнілыя, сенныя, пахі вуголля, дыму, авечак. Я чула, як трубяць у горадзе хейнал; то смех, то крыкі, то стукат, то песні – працяглыя, галосныя – даносіліся стуль. Калі-нікалі міма пралятала – то на чорным коніку, то ў вазку – Макрыня. Я пабачыла яшчэ і дзвюх яе дачок. Пятае дзіця не бачыла і нічога пра яго не чула. Можа, яно памерла? Я прагна ўбірала ў сябе ўсё; як тая баба – рыбакова жонка, – я ўжо не жадала задавольвацца тым, што маю – тым, што, варта замерці і не варушыцца, і я апынаюся ля ўезда ў горад, я ўжо марыла пра тое, каб трапіць усярэдзіну – за сцены з бярвення. За што мне давалася такая магчымасць, кім і навошта – я пра гэта не думала.
Там, у будцы каля бабровых дамкоў, я з поўнай выразнасцю сфармулявала думку, якая, туманная і няпэўная, ужо прыходзіла да мяне і раней: госпад Бог трохі пралічыўся з зыходнымі матэрыяламі; тут, у сямнаццатым стагоддзі, на кожнае цела яшчэ прыходзілася па душы. У нашым, дваццаць першым, целаў было ўжо нашмат больш, чым душаў.
Чаму мне так здавалася? Нават не ведаю, як патлумачыць. Я бачыла гэтых невысокіх людзей, апранутых у абшарпаныя адзежыны, нядоўга: ну колькі часу трэба, каб прайсці мост і знікнуць у браме або, наадварот, выйсці з брамы і завярнуць за паварот дарогі за мостам? Тым не менш, у кожным брудным абадранцы, у бадзягах, будаўніках, зямянах і халопах – ва ўсіх праменілася нешта такое, чаго я не бачыла ў сучасніках…
Хавацца тут было лёгка: за ўвесь гэты час ніхто не паказаўся на алеі, якая лукай лягла ад казематаў да берага; сюды не дабіраліся ні гарадскія хлапчукі – бо задалёка ад горада, – ні бамжы – бо няма чаго тут ім лавіць, – ні рэдкія экскурсіі, – бо Віталь не пускаў. Раз на дзень Віталь прыносіў мне ежу. Наліваючы з тэрмаса суп ці чай, стрымана расказваў навіны: арыштаваных, усяго чалавек дзвесце, сярод іншых і маю сястру, абвінавацілі ў тым, што пад выглядам паседжання перадвыбарчага штаба ладзілі збор тэрарыстаў. Тэлебачанне круціла сюжэт пра знойдзеныя ў тым памяшканні аўтаматы, грошы, наркотыкі і, зусім ужо ні з поля, ні з бору, парнафільмы. Сітуацыя, такім чынам, была не надта вясёлая – але, паўтару, я чамусьці не хвалявалася.
На чацвёрты дзень Віталь прыйшоў разам з Хведзькам.
– Сёння званіла Лілька, сказала, што Уляну, як і астатніх, выпусцілі.
– Нешта ў лесе здохла. Усіх? Без суда?
– Без. Твая сяброўка сказала, што там, сярод іншых, заграблі, не разабраўшы, двух міжнародных назіральнікаў, дык прыйшлося даваць адбой.
– Як такое можа быць? Калі ў нас хто ўстыдаўся назіральнікаў?
– От можа, – умяшаўся ў размову Віталь. – Аблажаліся нашыя цудоўныя ўлады. Па «Свабодзе» казалі, на тым паседжанні прысутнічалі дзве жанчыны з АБСЕ, відаць, не з баязлівых, ну і, калі спецназаўцы ўварваліся, не сталі сябе заяўляць. А потым, калі трапілі ў турму, заявілі. Камусьці ўдалося пранесці мабільнік, вось яны і пазванілі – нарабілі шоргату. Але галоўны цымус сітуацыі ў тым, што адна з іх – пляменніца прэзідэнта адной такой магутнай краіны. Гавораць, асабіста пазваніў нашаму, даў жару. Ну, дзявацца ж няма куды – от і выпусцілі ўсіх. Лілька кажа, зараз пэўны час будзе адліга. Ну што, пасядзіш тут яшчэ ці рызыкнем вылезці?
Я завагалася. З аднаго боку, мне карцела тут яшчэ застацца, пабыць паблізу рыбінага горада. З другога – я разумела, што сваёй адсутнасцю ў Дабрацічах ствараю нязручнасці Хведзьку, які мусіць займацца там маімі жывёламі, і Віталю, які рызыкуе зза мяне нарвацца на непрыемнасці. Чаго добрага, знайшоўшы мяне тут, яго заказнік закрыюць, а гэтых мілых звяркоў пераб’юць… Калі Лілька лічыць, што будзе адліга (а ў яе ёсць нюх на такія рэчы), то, мусіць, трэ рызыкнуць.