– Відаць, на выбарах аб’явяць, што ён перамог з вынікам 86 працэнтаў галасоў. Трубяць пра гэтыя 86 працэнтаў, як аглашоныя. Хоць бы трохі маскіраваліся для прыстойнасці. А то нас зусім за людзей ужо не лічаць. Тупасць, ну і тупасць.
Тупасць і абсурд накрылі краіну, як гэтая небывалая спякота. Здавалася, яны не рассеюцца ніколі. З вялікіх бігбордаў уздоўж усіх дарог шчэрыў зубы, рагатаў, пацяшаўся з нас адзін агідны твар.
Рыбін горад
Тысяча спевакоў раздзімалі грудкі ды напружвалі звязкі проста над маёй галавой. Бабрыхі – а Віталь навучыў мяне адрозніваць самачак ад самцоў па выразе мордачак – выходзілі з хатак і, склаўшы лапкі на жываце, як гаспадынькі на хвартушку, задуменна слухалі канцэрт. Потым, выведзеныя з краіны мрояў віскатам каторага з бабранят або незадаволеным буркатам бабрамужа, устрапянуўшыся, давалі нырца назад, у хатку, да абавязкаў. Заклапочаны бабёр вынырваў на месца бабрыхі, але, не зважаючы на легкадумных птахаў, цягнуў пляскаты хвост да альшыны і ўгрызаўся ў кару… Жыццё зубатых дрэвагрызаў дзейнічала лепш за супакаяльнае; неяк адлягае на душы, калі глядзіш, як мілуюцца бабрыныя жаніхі і нявесты і валтузіцца бабрыная драбяза. Каб яшчэ не камары. А то Віталь забараніў мне карыстацца антыкамарынымі сродкамі (каб не турбаваць звяркоў хімічным пахам). Днём яшчэ можна было неяк трываць, але я з жахам чакала моманту, калі сядзе сонца.
Для вялікага сабакі будка была б замалая. У ёй можна было толькі сядзець. Але лепш сядзець на бабравішчы, чым маршаваць па камеры, як сказаў Віталь. Падлогі не было, і я ўладкавалася проста на зямлі – добра што яна была цёплай.
Я выцягнула ногі. Хацелася спаць. Там, у першай ад крэпасці будцы, я ведала, сядзіць цяпер Віталь, вартуе. Я прывалілася спінай да сплеценай з лазы сцяны.
І мяне як нешта штурхнула.
Я ўздрыгнула і расплюшчыла вочы. Лазовыя пруты плеценай сцяны, старая дошка закрывае ўваход. А там, далей – сцяна замка, і дарога, і гоман, і вазы з мяшкамі, вазы з сенам, вазы з цюкамі… Зноў. Я зноў трапіла ў нару.
Пад гарадскою дарогаю кіпела жыццё; воклічы, абрыўкі размоваў, жэсты людзей, на якіх я глядзела ва ўсе вочы; мост; лужыны пасярод гразкага мулу; людзі ў невядомых, цікавых апранахах…
Я трошкі павяла галавою, і ўсё прапала.
Дрыжучы ад хвалявання, я зноў заплюшчыла вочы і стала чакаць штуршка. Варушыцца нельга. Не варушыцца, не пераключаць увагу.
Ізноў штуршок.
Мост; лужыны пад калёсамі; драўляныя аглоблі і скураныя збруі; светларудыя сабакі.
Дзве дзіцячыя спіны. Шэрыя зрэбныя каптанчыкі. Валасы ў аднаго белыя, у другога – чорныя, зрэзаныя нязвыкла, няроўна – як нажом. У абодвух – пад шапкамі; то бок кавалкамі шэрай тканіны, скручанымі каўпаком.
– Дывысь, дывысь, – пачула я. – Он дэ го матка скачэ.
Я прасачыла за напрамкам рукі хлопчыка; Макрыня сапраўды скакала, падганяючы босымі пяткамі чорнага маленькага каня. Не спыняючыся, не звяртаючы ўвагі на хлопчыкаў, яна прапала за брамай.
– Хадзем дадому? – спытаў старэйшы. – Можа, маці есці дасць?
– Не дасць, – другі хлопчык прымацоўваў да тоўстага шэрага скуранога шнурка нешта падобнае на жалезны гачок. – Ёй няма калі. Раіны дома няма, Начка таксама. Хадзем лепш да пані войтавай, яна пакорміць.
– Маці паб’е, як дазнаецца. Яна ж заказала туды хадзіць.
– А як яна дазнаецца, калі мы не скажам?
– Во, гатова, пайшлі лепш пад перакат, зловім сама. Маці пахваліць.
– Той і пазатой раз жа не злавілі.
Хлопчыкі падвяліся; перада мной босыя брудныя пяткі, тонкія шызыя ад холаду лыткі.
– Глянь, у рацэ нібыта яшчэ адзін горад, – малодшы павёў рукой у бок ракі. – Рыбін горад.
У спакойнай, роўнай з берагамі рацэ адлюстроўваліся сцены замка, аканіцы, масты, вязыберасты. І формы, і фарбы – усё як над вадой, нават выразней, акрэсленей, графічней. Нібыта там, пад вадой, сапраўды вырас яшчэ адзін горад – рыбін горад, падводны і падступны, які дахамі дамоў глядзіць уніз. Нібыта гэтыя два гарады, неадрыўныя, адно цэлае, раптам выраслі з зямлі, як ад кораня, расцвілі сярод зялёных шатаў, як пук жыцця, як кветка мальвы з празрыстымі шаўковымі пялёсткамі – масты, сцены, дрэвы над вадой і пад ёю. Нібыта там і там жылі людзі.
Хлопчыкі пабеглі; худзенькія і жылістыя, мордачкамі вельмі падобныя да Макрыні – беленькае і чарнявае, далікатнае ўвасабленне яе грубага твару. За мостам яны слізганулі да Буга.
Вельмі стараючыся не варушыцца, я, варочаючы толькі вачыма, разглядала наваколле, і ад слёз пяклі пакусаныя камарамі шчокі. Выцерці я іх баялася, каб не выпасці з нары.
Коні, невялічкія і грывастыя, цягнулі вазы; некалькі мужчынаў прайшлі з сякерамі і рыдлямі на плячах.
Якія салодкія гукі мовы. Кожнае слова адбівалася ў памяці, як адліваюцца ў формах залатыя манеты…
…Да горада праз мост павольна прайшла цяжарная жанчына; яна прыслухоўвалася да сябе. З-за брамы насустрач ёй на сваім коніку выскачыла Макрыня. Цяжарная заўсміхалася ёй насустрач; Макрыня ж пабачыла яе ў апошні момант і спыніла каня неахвотна. Наколькі адна была рэзкая і вострая, настолькі другая – акруглая і сырая; паднімалася на жываце, тапарылася па падоле сукенка; круглы твар яшчэ круглейшы ад ацёкаў; відаць, на часах.