– Скажы, Анатоль, а чаму ты мне дапамагаеш? Парушаеш службовую дысцыпліну?
Ён хмыкнуў.
– Ну, падабаюцца мне такія восы, як ты. І апавяданні твае падабаюцца. Што ты так здзіўлена глядзіш? Я чытаю «Нашу Ніву». Аднак выходзь, аса. Лепш, каб мяне з табой пакуль што не бачылі. Пазваню.
Лячэбніца Зарніцкай знаходзіцца ў бязлюдным завулку старой часткі горада, таму Анатоль[21] мог асабліва не хвалявацца: бачыць нас тут разам не было каму. Сама лячэбніца складалася з некалькіх пакойчыкаў, якія тут горда менаваліся кабінетамі; на дзвярах, размешчаных паслядоўна ў калідоры, красаваліся акуратныя шыльдачкі: «Сабакі, каты і іншыя звяры», «Птушкі», «Рэптыліі і земнаводныя», «Адміністрацыя». Я ўвайшла ў апошнюю.
– ……!
Такіх выразаў з вуснаў Хведзькі я ніколі не чула. Ды што, я, здаецца, наогул такога не чула – нават у спецназаўскім аўтобусе.
– Ты гэта мне?!
– А, што? Гэта ты? Ды не, канечне, прабач, калі ласка, – Хведзька стаў бурым. – Задзяўблі ўжо. Вось, сёння атрымаў чарговую ўказівку, – ён працягнуў мне ліст паперы. – Блін! Дасталі. Сядай.
На бланку камітэта па санітарыі, гігіене і ветэрынарнай дзейнасці значылася наступнае:
– Але ж гэта абсурд, – сказала я, вяртаючы паперу.
– Абсурд і тупасць. А ўчора я атрымаў аналагічны з выканкама (мы ў іх плошчы арандуем). Толькі там, у выпадку незабеспячэння яўкі на датэрміновае галасаванне і ўпамінання ў нашых памяшканнях прозвішчаў альтэрнатыўных кандыдатаў, пагражаюць разарваць дамову арэнды «ў сувязі з вядзеннем дзейнасці, не прадугледжанай дамовай».
– І што, будзеш выконваць распараджэнне?
– ……!
– Дык пазбавяць ліцэнзіі і выганяць на вуліцу!
– Алена Георгіеўна сказала, што не баіцца. Што, у крайнім выпадку, пераедзем ва Украіну. Але чаго ты прыйшла? Што здарылася? І чаму, Госпадзе Божа, ты зноў пабітая?!
Я коратка расказала пра тое, як прайшоў сённяшні дзень, толькі не гаварыла, што сама пайшла ў ізалятар, сказала, што сустрэла Анатоля-турэмшчыка ў пракуратуры.
– І ён параіў на некаторы час схавацца.
Хведзька задумаўся.
– Знаю, дзе цябе схараніць! – абвясціў ён праз секунду. – У бабровых хатках!
– Якіхякіх хатках?
– Бабровых. У крэпасці. Там Віталь іх вартуе, ён нікога туды не падпускае, у тым ліку міліцыю. Там і пасядзіш.
Я зразумела, пра што ён, ведала гэтую гісторыю. У ціхай, малалюднай крэпасці, там, дзе Мухавец зліваецца з Бугам, у гэтым годзе завяліся бабры. Адкуль з’явіліся – з Польшчы, вядома, бо ў Беларусі навокал на многа кіламетраў даўно не засталося амаль ніякай фаўны. Бабры павалілі некалькі дрэваў, зрабілі, як гэта ў іх водзіцца, плаціну, набудавалі хатак і пачалі жыць. Дырэктар музея-крэпасці запатрабаваў, каб іх адстралялі, бо яны, маўляў, валячы прырэчныя вербы, псуюць краявід і, раптоўна выбягаючы на бераг падчас экскурсій, адцягваюць увагу экскурсантаў. Так бы і стала, але ж на той час выкладчык біялогіі мясцовага педунівэрсітэта Віталь Канапацкі ўжо ціхай сапай дамогся арганізацыі там заказніка мясцовага значэння. Ён прыехаў у музей, тыцнуў пад нос дырэктару свежападпісаную паперу і заявіў, што як наглядчык заказніка не дазваляе вадзіць экскурсіі ў той бок і нават набліжацца туды бліжэй, чым на 500 метраў. Паміж дырэктарам і Віталём разгарэлася баталія, але дакумент – вось ён. Віталь быў ужо дасведчаны і бясстрашны баец – асоба вядомая, ён ужо адстаяў абалонь Мухаўца, зарослую непралазным кустоўем з гнёздамі рознай птушынай драбязы (там меркавалася пабудаваць чарговы лядовы палац), лясок, дзе жывуць чорныя буслы (меліся аддаць пад дачы) і яшчэ сёетое, і рознага кшталту будаўнікі і землеўладальнікі баяліся з ім звязвацца. Віталь пабудаваў, паводле словаў Хведзькі, ля бабровых хатак дзве будачкі: адну бліжэй да крэпасці, дзе вартаваў, каб туды ніхто не падыходзіў, другую – ля самых хатак, дзе ў спакойныя хвіліны назіраў за жыццём звяркоў.
– У гэтай будцы і пасядзіш. Не бойся, пад ваду да баброў запіхваць цябе не будзем.
– Не, чаму ж, у прынцыпе, можна і туды. Сядзелі ж героі Верна ў тэрмітніку. От не памятаю, чым гэта для іх скончылася. Але слухай, Хведзька, мо мы занадта перастрахоўваемся? Можа, паехаць дадому, у Дабрацічы, ды і ўсё? Можаш для пачатку з’ездзіць туды ў выведку…
Зазваніў тэлефон, і Хведзька зняў слухаўку.
– Ало. Так, я. Ясна. Перадам.
Ён паклаў яе на месца і паглядзеў на мяне.
– А вось табе і адказ, ці не перастрахоўваемся. Гэта Лілька з «Народнай волі». Сёння Уляну арыштавалі. Сказала, прайшла хваля арыштаў. І перадавала, каб ты не турбавалася. Усё, што магчыма, яна для Уляны зробіць. Паехалі да баброў. Нічым ты Уляне не дапаможаш, калі таксама трапіш у турму. А на волі – можаш яшчэ стаць карыснай.
Па дарозе, споўзшы з сядзення пікапа, каб найменш кідацца ў вочы міліцыянтам, я раздумвала пра арышт Уляны. Нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы і на гэты раз ці нешта горшае?
А Хведзька, відавочна, працягваў думаць пра атрыманую паперу:
[21] Прыдуманая аўтарам асоба.