– Праўда, – Макрыня загаварыла ўголас, усміхнуўшыся і расцвіўшы ад усмешкі. – Па звычцы скрадаюся.
Агаваруся, яны размаўлялі на мове, абсалютна мне зразумелай. Так гаварылі дабрацінцы, так гаварыла бабуля, так гаварыла я сама. Толькі час ад часу словы праслізгвалі не чутыя мною раней. Але і тады, як і сёння, у нашых месцах гаварылі вітэ замест вы. Да нашай паліфаніі дадалася, такім чынам, старажытная мова гэтых мясцінаў.
– А нашто нам скрадацца, пані? – з пяшчотай прагаварыў Старыма. – Хіба ж мы робім штосьці ганебнае? Хаваць нам няма чаго ні ад людзей, ні ад Бога. Пані Макрыня, але ж давайце пагаворым пра галоўнае. Сюды, за горад, я вас наўмысна выклікаў, каб нам не перашкодзілі. Ці гатовыя вы даць мне адказ? Ці пагодзіцеся вы са мною пабрацца?
– Я сказала дома, што іду ў Млыны.
– Пані Макрыня, сэрца маё, ці ж пагодзіцеся вы выйсці за мяне?
– Ах, я б нічога так не хацела, – з сілай вымавіла Макрыня. – Але ці магчыма гэта?
– А чаму ж не?
– У нас розная вера, вы ўніят, я – веры кальвінскай.
– Дык што ж? Такіх шлюбаў – праз адзін. Сусед мой нядаўна пабраўся з кальвінкай, а вясною князь Сангушка пратэстантку ўзяў… Я вашу веру не ганю, вы супраць маёй не ідзяце – чым жа нам вера перашкодзіць?
– Добра, няхай, вера не перашкодзіць. А войт ды войтавая? Войтавая, казалі, прысягнула, што памрэ, а ня дасць мне выйсці замуж.
– Дык хай памірае!
Макрыня паварушылася ў абдымках свайго пана.
– От і я прысягаю, што калі гэтая галагузая курыца зацялася мне ставіць перапоны, то я, – яна панізіла тон голасу, – то я дапамагу ёй спраўдзіць прысягу. Выйду за вас і дапамагу. Пан войт і ягоная жонка даўно на мяне касавурацца; як памёр муж, так і пачалі да мяне чапляцца. Ясна, удаву пакрыўдзіць лягчэй, чымся мужаву жонку. Вясной я ўзарала клінок нічыйны за Налозкамі, дык войтава праклінала, што калісь-калісь гэта зямля іхняя была. Я ёй тады намітку садрала, супастатцы, але ж ноччу яна іхняму Мартынку прыказала таемна засеяць клінок жытам. Суда не баіцца! Ясна, лаўнікі ды райцы войту пярэчыць не будуць, дык яна думала, што я паддамся. Калі так, то ні табе, ні мне: як жыта паднялося, мой Начко яго скасіў. А жакі мае хто парваў? Яна, войтавая, сваімі рукамі, не пагідзілася ў мул лезці.
Адчувалася, што Макрыня, што называецца, расхадзілася. Так чалавек гаворыць пра набалелае, не вельмі зважаючы, ці слухаюць яго, ці цікавы каму аповед. Але пан Старыма слухаў пільна.
– Хочуць адсудзіць спадчыну па мужу, бо ён ім быў дзясятая вада на кісялі родзіч: войтава ж з Кукаляў, а яны Гадунам нібыта сваякі. Але ж ці падобная я да такой, каторая дапусціць, каб яе дзеці галадавалі, а старая жаба над імі верх брала?
– Непадобная, – супакоіў ён. – Шчаслівыя вашы дзеткі, што ў іх такая матка, як арліца ў арлянятак. Хацеў бы, каб сталі маці і маім. Вы ж іх бачылі, толькі Хрыстош мой, калі раптам што, здолее сам сябе пракарміць, а рэшта – маленства, адно аднаго не падніме. Дык станьце ім за мілую мацінку. У вас муж пайшоў да пана Бога, у мяне – жонка; здаецца мне, пан Бог хоча, каб мы пабраліся.
– А ці ж не будзеце крыўдзіць маіх, пане Старыма?
– Нігды, прысягаю. Хачу вам сказаць, што Бог блаславіў маю працу. Вы не мусіце турбавацца: дабротаў нерухомых і рухомых маю нямала; кляйноты, што вырабляю, і яго міласць кароль набывае, і да Немец ідуць, і ў крамах маіх у Львове, Луцку, Любліне ды Берасці, Богу дзякаваць, добра купляюцца. Вось цяпер, набыўшы ў Індэрляндах ды Турэччыне залаты дрот ды камяні, зрабіў я нямала розных…
– Анатолеўна, выходзь з нірваны! – раздалося раптам над вухам, і я ўжо не пачула канца фразы пана Сторымы.
Нада мной стаяў начальнік ізалятара.
– Але ж я прасіла не турбаваць!
– Прабач, але пільная навіна. Я толькі што даведаўся, што Бабылёва Ала Анатолеўна, не будзем удакладняць год нараджэння, аб’яўлена ў вышук. Разумееш, што гэта азначае?
– Што?
– Што з таго моманту, як на цябе будзе разасланая арыенціроўка, кожны супрацоўнік органаў – ад даішніка да кабэбіста – мусіць затрымаць цябе, як толькі пабачыць. І апынешся тут ужо афіцыйна, але, баюся, ненадоўга: нешта мне падказвае, што хутка цябе перавядуць куды-небудзь у калонію, папярэдне, канечне, асудзіўшы. А суд у нас, сама ведаеш, справядлівы і скоры… Заўваж, размаўляючы тут з табою, я здзяйсняю службовае парушэнне. Прычым хачу пайсці і далей і адвезці цябе куды ў надзейнае месца: маю машыну запыняць не будуць. Дадому не едзь: цалкам магчыма, цябе там чакаюць, прычым не факт, што міліцыя, можа, хто і горшы. Хадзем.
Нейкая частка мяне працягвала заставацца на вільготным беразе паўнаводнай ракі, таму я не зусім хутка цяміла. Мяне ў вышук? Дзе я? Пра што гаварыў ювелір? Начальнік патрос мяне за плячо.
– Эй, што з табой? Вылазь, кажу, з нары! Ты зразумела, што я табе сказаў?
– Зразумела, – выдыхнула я, вяртаючыся ў наш час канчаткова. – Ну, калі ты не баішся спагнанняў за службовае парушэнне, то адвязі мяне ў ветлячэбніцу Зарніцкай.
– Зарніцкай? Знаю Зарніцкую. Дык яе ж няма!
– Яе няма, але справа яе жывая.
Па дарозе, пакуль маленькая «кіа» начальніка ізалятара круцілася па цесных квартальчыках царскага Брэста Літоўскага, мы нарэшце пазнаёміліся. Выявілася, што яго завуць Анатоль, як майго бацьку.