– Што? – не зразумела я.
– Цытата з Купалы, – патлумачыла сяброўка. – Я ж настаўніца беларускай мовы і літаратуры, успомнілася…
Пастка для асы
Дастукацца да брэсцкага ізалятара няпроста. Расстаўшыся з Аксанкай, я рушыла туды. Пасля доўгага грукання ў акенца таўшчэзных жалезных дзвярэй гэтай установы пенітэнцыярнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, бляшаны гук якога, здаецца, перапалохаў наваколле і разагнаў рыбу ў Мухаўцы, да мяне нарэшце вызірнуў нейкі міліцыянт-брамнік. Да просьбы бабы падазронага выгляду далажыць начальніку, што яго жадае бачыць нехта Бабылёва А.А., міліцыянт паставіўся з сумненнем, якога не хаваў. Але наказаў пачакаць.
Хвілінаў праз пятнаццаць здзіўлены начальнік – такі ж вясёлы, якім запомніўся мне з таго разу, але, падалося, з нейкай прыхаванай заклапочанасцю – асабіста расчыніў дзверы:
– Анатолеўна! Што ж цябе зноў прывяло да нас? Праходзь, праходзь, – і мяне прапусцілі ва ўзілішча.
– Дык што прывяло? – пацікавіўся яшчэ раз міліцыянт, пасадзіўшы мяне за стол у сваім кабінеце. – Рэдкі, увогуле, выпадак, каб чалавек сам прыйшоў у ізалятар. Што, спадабалася ў нас?
– Менавіта. Калі ласка, пасадзі мяне яшчэ раз у тую самую камеру, і хай мяне не чапаюць. Пакуль сама не паклічу.
Ён ад’ехаў з крэслам ад стала.
– Ну, ты аса, Анатолеўна! Што гэта значыць? Сама сунешся ў пастку, то бок у камеру?
І я шчыра расказала гэтаму міліцыянту – усмешка гуляла недзе каля яго вуснаў, на поўных выгаленых шчоках; акуратна падстрыжаны, усмешлівы, у форме міліцыянт, – расказала ўсё, што пасаромелася расказаць нават сястры, нават Толіку: пра відзежу, якую цвярозыя людзі, напэўна, прызнаюць белай гарачкай. Пра тое, што – я ўпэўненая – гэта не галюцынацыя, а нара ў часе; і што гэта невыпадкова. І што я страшэнна хачу трапіць у нару яшчэ раз. Пра тое, што доўга думала, як гэта зрабіць, і вырашыла, што для пачатку трэба трапіць зноў на тое самае месца. (На дах я залезці пабаялася – у маім цяперашнім стане, калі галава кружылася, я проста павалілася б стуль, а вось у ізалятары нікуды лезці не трэба) Я апісала яму тое, што бачыла мінулым разам: як грукаталі ў тумане конскія капыты, як распласталіся цяжкія шэрыя самы ў кашах, безнадзейна апусціўшы вусы, як слаліся ў рачной свежасці гукі габрэйскай мовы…
– Дык упэўнена, што не галюцынацыі? – задуменна перапытаў ён.
– Абсалютна. Зрэшты, калі і галюцынацыі, то я хачу пабачыць іх яшчэ раз. Хачу пабачыць бабулю маленькай. Хачу паспрабаваць, і дзеля гэтага мне трэба зноў трапіць на тое самае месца.
Ён трохі памаўчаў.
– Што ж! Зараз цябе адвядуць у тую камеру. Спрабуй.
– Дзякуй! Шчыры дзякуй!
– Потым будзеш дзякаваць! – астудзіў ён мой энтузіязм. – Можа, для чалавека, які разбіў нос Кукалю, – сказаў ён выразна, – яно і лепш, перасядзець нейкі час у турэмнай камеры. Тут цябе, прынамсі, не дастануць. Каспяровіч! – гукнуў ён у калідор. – Адвядзі даму ў 23-ю камеру!
Хутка ж распаўсюджваюцца навіны ў іх сістэме!
І вось дзверы камеры зноў зачыніліся. Драўляныя нары, ракавіна, унітаз – санаторый.
Я прысела на шэрыя дошкі. Ох! Ну ці не дура? Вось я і тут. Што ж далей? Няўжо я ўсур’ёз разлічваю, што мне зноў удасца пабываць у мінулым, арганізаваўшы гэта такім штучным чынам? Толькі пасмяшыла гэтага начальніка ізалятара…
Без усялякай надзеі я падышла да акна.
І гэта адбылося. Адразу. Імгненна.
Я стала бачыць настолькі падрабязна, што не бачыла нічога цэлым. Неатынкаваная цаглінка ў сцяне. Пыл. Краты з тоўстага дроту. Я перавяла позірк за краты.
Там ужо не было турэмнага двара. Але не было і брукаванкі, якую я спадзявалася пабачыць. Я ледзьве не задыхнулася: такое нязвыклае, зусім іншае паветра хлынула мне ў грудзі. Нейкі час мне здавалася, што я не выдыхаюся; аддыхалася; якая нябачаная, абсалютная прыгажосць вакол.
Віецца і ліецца рэчка; празрыстая вада, праз глыбіню брунатная; на маленькіх перакатах цурчаць струмяні. Па зялёным сакавітым беразе – дзве ледзьве заўважныя каляіны дарогі. Па вадзе – тысячы белых кропак лілей. Тысячы жоўтых кропак гарлачыкаў з зялёнымі талеркамі лістоты; а якія кветкі на беразе! Я такіх не знаю і не ведаю, і ніколі не бачыла: ружовыя, белыя, як зорачкі; нейкія цудоўныя, як бы бэзавыя, лілеі з чорнымі кропачкамі на пялёстках; а, праўда, вунь знаёмы шпажнік; а гэта што, хрызантэмы нібыта? У дзіўным святле, якое плыло з неба – здаецца, толькі што прайшоў дождж, і лёгкія шэрыя аблокі закрывалі сонца – у святле, якое адбівалася ад ракі, кветкі выглядалі, як фантастычныя мары ці сны. Дзе ж я?
Як нейкая асабліва буйная кветка, на дарозе паказалася цёмначырвоная постаць. Гэта жанчына. Невысокая, сухая жанчына ў цёмначырвонай сукенцы, што нібы аблівае стан. Тканіна незнаёмая, крой дзіўны; ясна, што даўні час. Твар, як у раме, у белай складанай і высокай намітцы; ніводнага валаска зпад яе не відаць; карычневы твар з прамяністымі, шырокімі вачыма. Шышкаваты лоб, тонкія вусны. Такі твар мог бы быць у мяне, калі б я мела моцную волю і сама ўладжвала сваё жыццё; такі твар мог бы быць у бабулі, калі б не калгасы ды радыё; такі твар мог бы быць у маёй дачкі, калі б яна жыла і калі б у свеце не сеяўся грэх, як плявелы. Няма сумнення, гэтая жанчына з Гадуноў.
Жанчына дайшла да пахілай вярбы і спынілася. Адразу ж з таго боку, адкуль яна прыйшла, пачуўся тупат, і хутка невялічкі, худы вершнік тпрукнуў і саскочыў з маленькага каня.
– Ах, пані Макрыня, я так рады, што вы прыйшлі, – мужчына пацалаваў яе рукі і прыціснуў да грудзей; я бачыла чорныя няроўныя каёмкі іх пазногцяў, нават валаскі і поры на скуры.
– Пане Старыма, ці ж добра мы робім, што сустракаемся тут? – зашаптала яна. – Што, калі даведаюцца?
– Чаго ж вы шэпчаце, сэрца маё? Тут жа нікога няма.