Месяц пайшоў на тое, каб нам паставілі дыягназ. Анколаг у абласным дыспансеры – нібыта сам раз назаўжды заражаны ракам і нават памерлы – сказаў мне, што Сяргею засталося ад сілы паўгода. Медыцына, маўляў, у дадзеным выпадку… Не помню, як мы даехалі дамоў. А сын адразу сказаў: «Трэба ехаць у Бараўляны, на платную кансультацыю». Паехалі, канечне. І не дарма. Здалі аналізы. Тамаграфію зрабілі, УГД, яшчэ трасцы розныя, і тамтэйшы доктар – пажылы такі, Генадзь Яфімавіч, сказаў нам: «Ну што ж, парадаваць вас няма чым, працэс зайшоў далёка, я згодны з дыягназам майго калегі з Берасця. Скажу з поўнай дакладнасцю: лячэнне, якое мы можам прапанаваць вам у рамках зацверджаных методык, можа быць толькі сімптаматычным, накіраваным на аблягчэнне, па магчымасці, пакутаў хворага. Але, – кажа і адкладвае ўбок акуляры, – навука не стаіць на месцы. Цяпер у Еўропе з’явіўся новы лек, заратэкс, ён, – кажа, – нават у станах, падобных да стану вашага мужа, дае вынікі, якія вельмі і вельмі абнадзейваюць. У клініцы мы не можам яго выкарыстоўваць праз страшэнную дарагавізну: месячны курс каштуе каля трох тысячаў даляраў, а прымаць трэба стала, на працягу як мінімум года. Затое праз год – паўтара памеры пухліны звычайна памяншаюцца настолькі, што яе ўжо лёгка можна дабіць звычайнымі сродкамі: апраменьваннем ды хіміятэрапіяй. Таму, – кажа, – калі сродкі дазваляюць, то рэкамендую паспрабаваць лячэнне заратэксам. Разумею, вядома, што, гаворачы пацыентам пра гэты прэпарат, раблю часам становішча сям’і хворага яшчэ больш цяжкім… Тым не менш, лічу, што мой абавязак – данесці інфармацыю, а выбар рабіць вам… Магу толькі сказаць, што, калі вы ўсё ж пачняце лячэнне, то я магу назіраць вашага мужа бясплатна».
Ты пахавала дачушку, але табе, Алка, такога перажыць не прыйшлося: ведаць, што выратаванне ёсць, і не магчы ўхапіцца, не магчы дастаць… Пачала я лічыць: нават калі прадаць усё: хату, машыну, гаспадарку – набярэцца, можа, якіх тысячаў трыццаць. Нават на год не хопіць. А жыць дзе? А як жа дзеці, унукі? Нічога ім не пакінуць? Голымі застацца? А Ядзю трэба яшчэ вучыць… Не, гэта немагчыма… Тады што, тады хай памірае муж, хай памірае мой каханы?
А колькі яму яшчэ мукі прыняць трэба будзе! На маіх вачах, на вачах дзяцей. Бабуля, помню, днямі крычала, калі памірала. У пятлю, значыць? Мне ў пятлю ці яму ў пятлю? Ноччу пасля вяртання з Бараўлянаў мы плакалі з Сяргеем; упершыню за месяцы, а мо і за год, былі разам і плакалі… Была чорная душная ноч, у суседзяў галосна грала музыка, а наш дом маўчаў, прадчуваючы смерць…
А назаўтра мяне тэрмінова выклікалі ў райана. Патэлефанавалі дадому, бо на працу я не пайшла. На поўным аўтамаце, я, тым не менш, паехала. У кабінеце загадчыка мяне чакалі. Двое. На дзіва нешматслоўны загадчык сказаў, што са мной хочуць пагаварыць, і выйшаў.
Другі застаўся. Бялявы. З цвёрдымі рысамі, але з размытым тварам. Ён паказаў пасведчанне спецслужбоўца. Я падумала, што нехта з вучняў зноў папаўся з улёткамі і мяне будуць прапясочваць. Але бялявы павёў мову пра іншае. Ён сказаў, што да мяне прыглядаліся. Што я добрасумленны працаўнік. Што я адказная. І што ведаю, што ў такі няпросты час наш абавязак – з’яднацца. І што ім вядома пра хваробу майго мужа… І прапанаваў стаць старшынёй акруговай выбарчай камісіі. І тады ў іх знойдзецца магчымасць аплаціць курс лячэння заратэксам. Я пагадзілася, як толькі ён скончыў фразу.
– Аператыўна яны. Адкуль жа ён, гэты бялявы, з якой установы? І як яго завуць?
– Гэтага я табе ні за што не скажу. Дык вось, ён сказаў, што не сумняваўся ўва мне, што яму прыемна, што такая прыгожая жанчына, як я, будзе зараз з ім часта сустракацца і ўсё такое. Я сказала, што зраблю ўсё, як мае быць, пры ўмове, што грошы на лекі або сам прэпарат будуць дастаўленыя як мага хутчэй. Ён паабяцаў, што першую ўпакоўку мы атрымаем заўтра, астатнія – штомесяц. І ён трымае абяцанне, – Аксанка доўга, але неглыбока ўздыхнула; так звычайна ўздыхае чалавек, правяраючы, ці не баліць у яго сэрца. – Генадзь Яфімавіч канстатаваў істотнае паляпшэнне. А хутка, як ты разумееш, настане час Х, дзеля якога, уласна, мяне і куплялі…
– І што потым? Што потым, пасля выбараў? Яны дадуць магчымасць Сяргею далячыцца?
– Першапачаткова мы дамаўляліся, што так. Што яны аплоцяць увесь курс. Але нядаўна мяне зноў выклікалі, на гэты раз у пракуратуру, дзе я мела гутарку з Майдзенкам. Гэты не быў такі абыходлівы. У яго манера глядзець долу і вочы падымаць, толькі каб абпячы цябе пагардай. Ён без доўгіх прадмоваў сказаў мне, што выклікаў мяне на параду бялявага, што ён, пракурор, займаецца справай адной небяспечнай арганізацыі отъявленных ворагаў нашай дзяржавы, якая апошнім часам вельмі актывізавалася, што члены гэтай арганізацыі рыхтуюць розныя правакацыі, нават выбухі і падрывы, нават атручванне калодзежаў ды водаправодаў – усё, канечне, з мэтай дэстабілізаваць стабільную абстаноўку. І дзвюх такіх галаварэзак я знаю асабіста: цябе і Улянку. Трэба спыніць вашу злачынную дзейнасць як мага хутчэй, пакуль вы не зацягнулі ў свае павучыныя сеткі занадта шмат моладзі, і, па-другое, пакуль нікога не паспелі загробіць.
– Ты паверыла і таму напала на мяне з матыкай!?
– Ну што ты! Ясна, не паверыла ніводнаму слову. Але слухай далей. Дык вось, аказваецца, пракурор мяне выклікаў, бо яму патрэбна была мая дапамога. Аказваецца, у маіх сілах абарваць ланцуг вашых злачынстваў. Для гэтага я павінна напісаць заяву, што чула, як вы абмяркоўвалі між сабой, што пара дапамагчы бабе адправіцца на той свет, бо зажылася ўжо. Гэта паможа вас нейтралізаваць. Ён, пракурор, разумее, што прапаноўвае мне, так скажам, небездакорны з юрыдычнага боку метад, але, калі на карту пастаўлены спакой і нават жыццё многіх людзей, высакародная мэта цалкам апраўдвае яго… І ён упэўнены, што я яго разумею. Тым больш, што ад гэтага залежыць магчымасць завяршэння лячэбнага курса. Ну і да гэтага.
– Значыць, ты і ёсць той самы сведка абвінавачання, чыё імя ў інтарэсах бяспекі не разгалошваецца?
– Я і ёсць. Няма куды дзецца. Як гаворыцца, кіпцюрок ушчаміўся – усёй птушцы прападаць. Але я ўзбрыкнула. Адмовілася пісаць заяву, накрычала на пракурора, ён – на мяне. Бразнула дзвярыма. Але яшчэ там, у пракуратуры, бегучы па калідоры, я разумела: дзявацца мне няма куды, я напішу заяву, бо плавала перада мной у паветры вырачанае вока Сяргея… І вось я прыехала дадому. Злосць на сябе і на ўсіх гэтых гадаў, крыўда віравалі ўва мне. На наступны дзень мне трэ было пайсці на Хутар да Анісічукоў – іхні Сашка прагульваў практыку ў калгасе, бо не хацеў, як ён сказаў, губляць час на бессэнсоўную работу. Ішла праз Дабрацічы, павесіўшы галаву, думаючы, што ж мне цяпер рабіць – хаця зразумела было, што. Злосць на сябе і на ўсіх гэтых гадаў, крыўда віравалі ўва мне і патрабавалі выйсця. І тут ты зза куста. Знаеш, як бывае, калі злуешся на сябе, а зрываеш зло на кімсьці? Тады з дна паднімаецца гідкае, нечалавечае. Тады можаш ударыць дзіця, швыргануць кацяня. Вось ты і падвярнулася ў такі момант. Калі мы сутыкнуліся лбамі каля гародаў, ты, менавіта ты была вінаватая ва ўсіх маіх няшчасцях: ну сапраўды, седзіце там у Менску, з раскошы шалееце, тэатры вам, кавярні, заграніцы, а тут гадамі прасветлае не бачыш, і смерць падступае, і душу д’яблу за грош прадаць прыйшлося… Я ж таксама з Гадуноў, і шал наш і мне вядомы… Вось і перацягла цябе матычкай па спіне… Перажывала потым, не маню. І вырашыла так: напішу гэтую клятую заяву, але ж і табе ўсё раскажу. Перад тым, як падпісваць, дабілася, каб лекі Сяргею даставілі на дзевяць месяцаў наперад. Хацела на год, але ж сышліся на дзевяці месяцах.
– Вось гэта добра.
– Дабра тут няма, але няхай хоць так. Калі пачула, што цябе выклікаюць у пракуратуру – а Лёніха разнесла гэтую навіну па ўсіх ваколіцах за гадзіну, – то вырашыла, што папярэджу цябе. Аднак трохі не паспела, ты ўжо паехала ў горад, вось я і адправілася за табой… Баялася, што цябе пасадзяць, таму вельмі ўзрадавалася, калі ты выйшла. А з кім ты білася, няўжо з пракурорам?
– З Кукалем.
– З Кукалем! І ён, значыць, пры сём. Сапраўды, чорт чорта знойдзе, як сонца зойдзе.
Яна змоўкла, задумаўшыся.
Што я знала пра Аксанку, акрамя таго, што яна мне расказала? Што мы выраслі ў Дабрацічах разам. Я нахілілася, абняла і пацалавала яе разбітымі губамі.
– Не пераймайся. Прарвемся. Галоўнае – вылечыць Сяргея. Ты рабіла правільна. Я б нават сказала – адзіна правільна.
– Прабач мне.
– І мовы быць не можа ні пра якое прабачэнне. Гэтыя гаўнюкі так і разлічвалі нас пасварыць, раз’яднаць. Не паддамося.
– Плячо баліць яшчэ?
– Амаль зажыло. Хоць сілы ў табе яшчэ – огого-го.
Яна згодна пахітала галавой.
– Я і спадзяюся, што, як Сяргей паздаравее, я змагу сваю сілу паказаць гэтым, як ты правільна кажаш, гаўнюкам.
Гаўнюкі. Мяхі з гаўном. Кішкі, павенчаныя ў каго белым, у каго чорным валоссем. Страўнікі, дзе гніе ежа. Пухіры з мачой. Сверб х…ёвы ў новых кватэрах, абложаных пліткай, у лазнях, на скураных крэслах. Але я не губляю веры, бо ёсць Аксанка, Дабрацічы, ёсць, нарэшце, Сашка Анісічук, які прагульвае практыку ў калгасе.
Тады мне здавалася, што гэтага дастаткова, каб жыць.
Мы яшчэ доўга праседзелі на лаўцы. Я расказала Аксанцы пра атруту ў каве, і пра бумеранг, і пра планы Кукаля наконт будаўніцтва ў Дабрацічах, і пра смерць бабы Лялькі… Карцела расказаць і пра скарб – калі б мы здолелі яго знайсці, то вырашылася б пытанне з грашыма на лекі для Сяргея, але ўстрымалася: а як не знойдзем? Толькі абнадзею дарма, потым будзе расчараванне…
– Жыццё закон жалезны мае – ніколі праўда не ўмірае, – задуменна сказала Аксанка, нібы сама сабе, калі мы развітваліся.