– Якое нахабства! І вы яшчэ гаворыце пра невінаватасць!
– А што? – здзівілася я. – Пра гэта тут не прынята гаварыць?
Пракурор звузіў вочы – напруга позірку пабольшала.
– Як вы патлумачыце наяўнасць лекавага прэпарату кардыёстымфортэ ў каве, якую выпіла пацярпелая?
– А скуль вы ўзялі, што яна там была?
– Быў праведзены вобыск і затым экпертыза…
– Вобыск у маю адсутнасць? Без ведама гаспадароў? Гэта парушэнне! Да таго ж, на вобыск патрэбна санкцыя пракурора!
– Я і ёсць пракурор, і я даў неабходную санкцыю! Вобыск быў праведзены ў прысутнасці панятых, у строгай адпаведнасці з працэсуальным кодэксам. Эксгумацыя пацярпелай…
– Што?! Вы эксгумавалі маю бабулю?! Ды як вы маглі!
– Як маглі? – пракурор устаў, навіснуўшы нада мной. – А што, вы нас за дурняў лічыце? Думаеце, мы тут поўныя ідыёты? Захацелі паскорыць атрыманне спадчыны, ан не выйшла! Вас выкрылі, вам не адкруціцца. Доказы супраць вас больш чым пераканаўчыя. Я мог бы абсалютна законна пасадзіць вас у турму на час следства, але па просьбе аднаго вельмі паважанага грамадзяніна я абмяжуюся падпіскай аб нявыездзе. Пішыце! – і ён шпурнуў мне ў твар аркуш. – Ты і ніхто іншы – непасрэдны выканаўца злачыннага намеру, які ўзнік у вас з сястрой, – ён перайшоў на ты. – Толькі ты і яна ведалі пра слабае сэрца пацярпелай, толькі ў цябе была магчымасць падсыпаць лекі ў каву. Толькі ў вас быў матыў жадаць смерці пацярпелай для таго, каб хутчэй атрымаць спадчыну ды пазбавіцца абузы старога чалавека. Бач, як лоўка ты ўсё падрыхтавала! Я, маўляў, ні пры чым, мяне і дома не было, калі бабка капыты адкінула… Але ёсць сведка, які чуў вашу з сястрой размову – зажылася, маўляў, старая, пара і на бакавую… І я ўпэўнены, што ў працэсе следства знойдуцца новыя неабвержныя доказы. Мы яшчэ не праводзілі дактыласкапічнай экспертызы, вось яна і адправіць цябе ў турму, дзе табе і самае месца!
Калі я выйшла з кабінета пракурора, мяне хістала. Не толькі ад тых пытанняў, якія задаваў мне пракурор – а з іх выходзіла, што забойца – гэта я, – але і ад фатаграфій, якія міліцэйскі фатограф рабіў на эксгумацыі бабулі і якія мне паказаў чалавек з пажару… У поўнай знямозе я прывалілася да сцяны. Няпэўным вокам павяла навокал – і каго ж пабачыла ў глыбіні калідора, ля пластыкавага падваконня сучаснага шклопакета, якімі былі аснашчаны вокны гэтай установы? Там стаяў, гледзячы на мяне з цікавасцю, пан Кукаль. Гэта ён замоўца! – зразумела я. Ён і забойца бабулі, ён і арганізаваў гэты выклік да пракурора, ён і ёсць той самы «вельмі паважаны грамадзянін», які хадайнічаў, каб мяне не арыштоўвалі, а толькі ўзялі падпіску аб нявыездзе – бо з арыштаванай нельга заключаць дамовы куплі-продажу нерухомасці, а з тым, хто пад падпіскай – можна без праблемаў… І вочы мае зноў набылі зоркасць, а позірк – цвёрдасць. Перад маім унутраным вокам з’явілася мёртвая, выкапаная з зямлі цётка Лялька на нашым падвор’і, перад маім унутраным вокам з’явілася мёртвая, выкапаная з зямлі мая бабуля на стале патолагаанатама… І шал, знакаміты ў ваколіцах шал дабрацінскіх Гадуноў заслаў мне вочы чырвоным дымам.
І я пайшла, пайшла, усё хутчэй і хутчэй пайшла на Кукаля. Па дарозе, непрыстойна сагнуўшыся, я высмыкнула зпад сябе насычаную крывёй шматку – твар Кукаля скрывіла – і з разбегу, ні слова не гаворачы, я ўдарыла шматкай яго па галаве – як некалі чорта. Але, у адрозненне ад чорта, Кукаль не сумеўся і не прапаў. Ён адбіваўся. Спачатку ён толькі адштурхоўваў мяне і закрываўся ад шматкі, але калі я пацэліла гіпсам, у які ўсё яшчэ была закаваная мая рука, яму па носе, ён з усяе сілы так ударыў мяне кулаком у твар, што я адляцела на тры метры і спаўзла па сценцы ўніз.
Кукаль брудна вылаяўся, пхнуў напаследак мяне нагой, плюнуў і хутка збег па лесвіцы ўніз.
Уся ў крыві, якая цурком лілася з носа і з разбітай губы, у слязах, што каціліся міма маёй волі, з галавой, што гудзела ад удару, я ляжала ля сцяны ў пракуратуры і не магла падняцца, а па калідоры туды-сюды сноўдалі супрацоўнікі: прабягалі маладзенькія сакратарачкі на абцасіках, адбівалі крок мужыкі ў форме, дэфілявалі бабы з дупамі і ў прычосках. Ніхтоніводзін не падышоў да мяне, ніхто не дапамог падняцца, ніхто нават не выклікаў да мяне міліцыянера знізу… Нарэшце, сама не ведаю як, я ўзнялася і літаральна выпаўзла на вуліцу. Хістаўся выбіты Мітрычам зуб. Мінакі шарахаліся ад мяне на край тратуара. Я ледзьве кумекала, мала што бачыла і пабрыла, сама не ведаючы куды. Толькі адна дадатная эмоцыя падтрымлівала мяне: усведамленне, што і многанепаважаны Кукаль заляпаны крывёю не менш, чым я, хай сабе і маёю, а не сваёй. Хаця я па носе дала яму добра, можатакі юшка пацякла… Па дарозе мне трапілася помпа – адна з помпаў, што сямтам засталіся ў Брэсце яшчэ з польскага часу. Я паспрабавала была абмыцца, але дзе там: вада цякла, толькі калі я націскала на рычаг, а як толькі адпускала, каб набраць вады ў рукі, – струменьчык вады імгненна абрываўся. Я так і гэтак старалася дацягнуцца. Некалькі кропляў – гэта ўсё, што я паспявала злавіць. Я адчула, што зараз гэтыя некалькі кропляў стануць апошнімі не толькі ў літаральнам, але і ў пераносным сэнсе, і я зараз завыю на ўсю вуліцу, але раптам пачула за спінай знаёмы голас:
– Давай дапамагу.
Я азірнулася. Ля калонкі стаяла Аксанка. Чамусьці нават радасная. Яна націснула на рычаг, вада, загудзеўшы, пабегла пляскатым шырокім ручаём, і я з асалодай падставіла пад яе галаву. Так-сяк я прывяла сябе ў нармальны выгляд. Найдаўжэй давялося адціраць крывавыя плямы з гіпсу.
– Як ты тут апынулася? – спытала я яе.
– Зараз раскажу. Давай сядзем вунь у скверыку. І давай купім марозіва: табе карысна будзе да губы халоднае прыкласці, а я ўжо забыла, калі апошні раз яго ела, нешта хочацца ўспомніць юнацтва.
Мы купілі шакаладны пламбір (і яшчэ некаторыя гігіенічныя рэчы ў кіёску побач). Мінакі ўжо не аббягалі нас, але касавурыліся на дзвюх баб у халадку на лаўцы: адна з гіпсам на руцэ, з разбітай мордай і мокрай галавой, а другая ў сукенцы яўна пенсійнага веку, ліжуць марозіва…
Нейкі час мы маўчалі.
– Я павінна папрасіць у цябе прабачэння, – уздыхнула нарэшце Аксанка, узяўшы мяне за руку.
– Шо шматанула мяне матычкай? – прашамкала я. Ацёк на губе ад марозіва трохі спаў, але ўсё роўна я не магла вымаўляць словы чыста і гаварыла, бы з бульбінай у роце. – Нісога срашнага. Я ўшо пра тое амаль шабыла, а шво амаль шашыло. Ш таго шасу мне ўжо шламалі руку, выбілі шуб, мала не трэшнулі па галаве бумерангам… Так што не выбачайся.
– Не, не толькі за матычку. Справа ў тым, што цябе выклікалі ў пракуратуру праз мяне. Так, праз мяне, – пацвердзіла яна ў адказ на мае ўзнятыя бровы.
Рак
Цяпер у мяне балела многае: тохкала і свярбела рука пад гіпсам, пяклі разбітыя губы і нос, ныла сківіца, у якой качаўся, бы арэлі-гойдашкі, выбіты зуб. Цягнула ў нізе жывата. Смактаў сэрца – цяпер, калі прыступ шалу мінуў – змей няпэўнасці і горычы. Я ж не тэрмінатар. Бабе пяцьдзясят год; яна за туманам алкаголю не жадала бачыць жыццё, яна не ўмее трываць і цярпець, не мае стойкасці ў веры і мужнасці ў выпрабаваннях… Аксанка глядзела на мяне, трымаючы за руку. Мы не бачыліся з ёй вельмі доўга; што я ведала пра яе? Толькі тое, што шмат год мы сядзелі за адной партай; тое, што яна працуе дырэктаркай школы; што ў яе трое дзяцей і два ўнукі; што вось на ёй старая сукенка, якую я памятаю яшчэ на яе маці – ружачкі на зялёным тле (штучны шоўк, ці што?), што на нагах тапкі на гумовай падэшве… Што цела яе засталося худым, але трохі згубіла пругкасць.
– Гэта рак, – сказала Аксанка і блякла, няшчаснай усмешкай усміхнулася; потым узяла сябе ў рукі. – Рак. Дзіка так. Жывеш, нібы будзеш жыць вечна, клапоцішся, б’ешся, дзеці, грошы. І раптам: рак.
– У цябе… пухліна? – слова «рак» вымавіць я не наважылася.
– Не, у Сяргея. Нядаўна паставілі дыягназ. Хаця галава ў яго балела часта. Ён таму і не піў: бо, як вып’е, галава аж разрываецца. Я, дурында, нават радавалася: маўляў, лепш хай за галаву трымаецца, чым пад платамі валяецца. А гэта давала пра сябе знаць хвароба. А потым – як камяк з рыхлага снегу з гары: пухліна пачала імкліва расці, яму заваліла нос, стала цяжка дыхаць, пад ціскам пухліны жудасна выперла адно вока… Ён злез з трактара ды пайшоў да дактароў. Але было позна.
– О Госпадзе! Але чаму вы так гэта запусцілі? Чаму не звярнуліся да дактароў раней?!
– От і я ўвесь час у сябе пытаюся. Так і запусцілі: я ўвесь час у школе, думкі ўвесь час там, прыйдзеш дадому – гарод сохне, каровы, гусі… Дзецям дапамагчы… няма калі носа абцерці, не паясі, не пасядзіш, не пагаворыш. І спалі мы… спалі мы з Сяргеем не разам… даўно ўжо. А Сяргей дняваў і начаваў у сваім машынным парку; ты ж яго ведаеш – яму ўсё трэба, каб было як найлепш. Перфекцыяніст… А тут яшчэ то п’яны Юзік руку ў камбайн засуне, то бензін ноччу пакрадуць, то яшчэ якая трасца. От так і бегла жыццё. Да доктара выбрацца, гэта ж трэба ў Брэст ехаць, на Рэчыцу, поўны дзень губляць, дый не адзін. І вось – памятаю, у школе якраз скончылася франтальная праверка, я вельмі радавалася, што школу пахвалілі, – прылятаю дамоў як на крылах, а Сяргей сядзіць на ганку. Чаго, сонца ж яшчэ высока? А ён падняў галаву, глянуў – і сэрца ў мяне тохнула і нібы стала. Божа ж мой, а што з ім? Худзізны, жоўты, боль на твары…