Так скончылася мая кар’ера каментатара.
Рэдактарцы я ўсё ж пазваніла, каб выказаць абурэнне. Мае хаатычныя наскокі яна парыравала абсалютна спакойна і нязмушана:
– Проста пры запісе выявіліся памехі, таму некаторыя фрагменты вашага выступу з тэхнічных прычынаў прыйшлося выдаліць. Але ж мы не дадалі ніводнага слова, там толькі тое, што вы насамрэч гаварылі.
Гэтыя людзі не з мармуру і не з жалеза. Яны з гумы.
Зноў выручыла крывавая шматка
Унутры пачала разрастацца нейкая трывога. Неакрэсленая. Цяжкая. Забалела галава. Я моўчкі папаўзла з даху (на гэты раз мы з хлопцамі залезлі туды, каб прымацаваць спадарожнікавую антэну). Саша і Дзіма глядзелі мне ўслед.
– Вы нармальна пачуваецеся?
– Нармальна, але я злезу. Нешта галава затачылася.
Дзіма зноў загрукаў малатком.
Я ступіла на зямлю. Ногі задрыжалі. Я асела на лаўку, абцёрла пот – лоб, скроні. Пацягнула, закруціла ў нізе жывата – і я адчула, што з мяне палілася кроў. Трохі адлягло. Кроў лілася прыступамі, то больш, то менш.
Такога не было ўжо гадоў дзесяць.
Тады я не зразумела, што гэта мае азначаць.
Вечарам незнаёмая дзяўчына даставіла мне позву ў пракуратуру. «Бобылева Алла Анатольевна вызывается в качестве обвиняемого для дачи показаний. Вам следует явиться в прокуратуру г. Бреста…» Дзяўчына папрасіла распісацца ў атрыманні і з’ехала на «опелі», які яе і прывёз.
– Што гэта? – задала я рытарычнае пытанне, трымаючы ў руках жаўтаватую паперчыну. – У чым мяне абвінавачваюць? Што за лухта чарговая?
Назаўтра я ішла еўраадрамантаванымі калідорамі пракуратуры ў пошуках патрэбных дзвярэй. Патрэбныя дзверы – як і рэшта іншых – былі фундаментальныя, абабітыя скурай.
– Можна? Я па павестцы.
На мяне зірнуў зза стала чорны чалавек. Чорныя валасы зачасаныя назад, смуглая скура, нос – бульбінай, даражэзны чорны касцюм сядзіць абсалютна неэлегантна, чырвоная пляма гальштука. Без дна вочы. «Чалавек з пажару, – мільганула думка, – вуголле і агонь».
– Грамадзянка Бабылёва? Праходзьце.
Я зрабіла некалькі крокаў і спынілася. Ля пракурорскага вялікага стала стаяла некалькі прыгожых скураных крэслаў, ля сцяны – тры абдзёртыя табурэткі, але я не стала сядаць. Стаяла і чакала, пакуль пракурор з попельным тварам нешта засяроджана пісаў (дапісваў). Нарэшце, праз якую хвіліну, ён скончыў.
– Сядайце, – ён паказаў на ламачча ля ўвахода, але я прайшла да стала і села на крэсла.
– Дзякуй.
Пракурор падняў галаву, і агонь на яго твары набыў іншае адценне; хваляй нянавісці тхнула мне ў твар так моцна, што я адрухова трохі адсунулася. З такімі позіркамі, поўнымі нянавісці, я сутыкалася апошнім часам часта – на перадвыбарчых сходах, якія ладзіла мая сястра, заўсёды прысутнічалі мужчыны ў спартовых касцюмах і фарбаваныя жанчыны, якія ўсяляк правакавалі бойкі, скандалы, вішчалі падчас выступу Гарабца, пляваліся, свісцелі… Вось іх позіркі былі такімі ж. Але там гэтая нянавісць была скіраваная не канкрэтна на мяне; седзячы сярод гледачоў, я з цікавасцю назірала, як маладыя мужчыны з ліку гледачоў выціскаюць з залы спартовакасцюмных, або як хударлявая дзяўчына-актывістка адвешвае кароткую аплявуху нейкай нахабнай дамачцы з гарвыканкама, або як устае з першага рада нейкая бабця, такі белы дзьмухавец, падыходзіць да прышчавага предводителя асабліва буйных бээрэсмаўцаў і выводзіць таго, прыціхлага, за вуха, прыгаворваючы:
– Ну, смаркач, раскажу мамцы…
А тут адрасатам гэтай нянавісці была канкрэтна я. На хвіліну мне падалося, што пракурор – «Майденко А. Т.[20], прокурор г. Бреста», што я з асцярогай прачытала на бэйджы, прыколатым да чорнага гарнітура – зараз дастане з кабуры пісталет і скажа нешта кшталту: «Ну што, сука, прыйшоў твой апошні час, маліся, калі верыш у Бога!» Але ён так не зрабіў. Замест гэтага ён глядзеў і глядзеў мне проста ў вочы. Здаецца, ён хацеў, каб я адвяла позірк. Але мяне гэтым ужо не проймеш.
– Скажыце, па якой справе вы мяне выклікалі і ў якой якасці? – спыталася я.
– Вы абвінавачваецеся ў наўмысным забойстве Гадун Макрыні Лукашаўны, – адрэзаў ён.
Калі б ён усё ж дастаў пісталет, я здзівілася б менш. Я чакала нейкіх абвінавачванняў, звязаных з маёй дапамогай сястры ў гэтай ідыёцкай кампаніі – што выдала сябе за яе, што лаялася матам, што збіла роту спецназаўцаў – словам, у нечым, што стала за апошнія месяцы досыць звычным. А тут раптам такое!
– Якія ў вас доказы? – змагла спытаць я, калі праглынула камяк у горле.
– Тут пытанні задаю я.
– Дык што, я нават не магу даведацца, на чым грунтуецца ваша абвінавачанне? А як жа прынцып прэзумпцыі невінаватасці?
[20] Прыдуманая аўтарам асоба.