– Скажыце, як вы думаеце, з якім вынікам пераможа на выбарах дзейны прэзідэнт?
– Думаю, ён не пераможа. Зараз па радыё і тэлевізары часта гавораць, што прэзідэнт пераможа, набраўшы 86 працэнтаў, але гэта поўная ахінея. Гэта проста паказвае – як і многае іншае, у тым ліку збіцці, арышты і пераслед актывістаў кампаніі, – што выбары будуць сфальсіфікаваныя, прычым нахабна, бязглузда і непрыкрыта, з абсалютнай пагардай да права людзей выбіраць. Думаю, насамрэч значная частка падтрымае іншых кандыдатаў. Рэальныя шанцы перамагчы ёсць у Гарабца. Я заклікаю ўсіх галасаваць менавіта за гэтага чалавека. У адрозненне ад прэзідэнта, ён ніколі не хлусіў, не замяшаны ў брудных скандалах і горача перажывае за свой народ.
– Вельмі добра, – сказала рэдактарка. – Гэтага дастаткова.
І яны адбылі.
І вось сёння якраз павінна была выйсці ў этэр гэтая самая «размова» – я загадзя паглядзела ў газеце праграму. Спачатку раніцай, потым – вечарам, у прайм-тайм.
Яна і выйшла, і мы ёю нацешыліся.
Сюжэты былі звычайныя. Здавалася, перадачу рабілі ідыёты для даўнаў. Аднолькава расчасаныя настаўніцы-бландынкі, вайскоўцы ў кепках, студэнты на тле кульманаў, будаўнікі ў новых касках, пенсіянеры са слінай на губах, вусатыя італьянскія парламентары гаварылі пра тое, што дзейны прэзідэнт пераможа, дзейны прэзідэнт не можа не перамагчы, дзейны прэзідэнт самы лепшы, і мы за яго будзем Бога маліць, дзейны прэзідэнт пераможа, дзейны прэзідэнт пераможа…
Хведзька сказаў, што ён сходзіць у машыну па супрацьірвотнае, бо ад гэтага яго цягне на ваніты. Але ён не паспеў схадзіць. Вядучы скрывіўся, каб сагнаць з твару салодкую ўсмешку, пасуравеў і сказаў:
– Наш прэзідэнт настолькі маштабная асоба, што ў яго перамозе не сумняваюцца нават так званыя апазіцыянеры. Як добра вядома, сярод іх шмат наркаманаў, алкаголікаў, якія за бутэльку гарэлкі, за брудны даляр гатовыя прадаць і гонар, і саму Радзіму. Сярод іх – наркаманкі і алкагалічкі са стажам, сёстры Ала Бабылёва і Уляна Барысевіч. Адна з іх з’яўляецца даверанай асобай эмісара амерыканскай выведкі, які пнецца прабіцца на прэзідэнцкае крэсла. Ён выношвае планы трапіць у крэсла прэзідэнта, каб аддзячыць сваім гаспадарам, аддаўшы ім багацці нашай краіны. Але нават давераныя асобы гэтага так званага кандыдата ў прэзідэнты ўпэўнены, што шанцаў у яго няма.
І на экране з’явілася я. Няўжо я так выглядаю? Пад вачыма цёмныя кругі, перакрыўленая, апухлая морда. І гэтая морда, трохі заікаючыся, прамямліла:
– Думаю, прэзідэнт пераможа, набраўшы 86 працэнтаў. Я заклікаю ўсіх галасаваць за прэзідэнта. Ён ніколі не хлусіў, не замяшаны ў брудных скандалах і горача перажывае за лёс народа і нашай бацькаўшчыны.
І я прапала.
– Як бачым, – вядучы зноў з’явіўся на экране, – нават дэкласаваныя элементы псеўдаінтэлектуальнай багемы разумеюць, што толькі адзін наш прэзідэнт – несумненны лідар гэтай выбарчай кампаніі, і яго перамога неаспрэчная. А зараз да падзей за мяжой. У адрозненне ад нашай Беларусі, замежжа сатрасаюць катаклізмы. Так, страшэнны ўраган абрынуўся на ўзбярэжжа ЗША…
Усе сядзелі прыгаломшаныя, не гледзячы на мяне. Хведзька паставіў на стол кубак. Я адчула, як пачырванелі вушы.
– Я гэтага не гаварыла.
– Ну так. Гэта гаварыла я, – заўважыла Уляна. У яе трохі дрыжалі рукі.
– Клянуся, я такога не гаварыла. Я магу паўтарыць усё, што я тады сказала, бо доўга потым абдумвала сказанае, – і я паўтарыла тое, што сказала ў сапраўднасці.
– Ясна, – сказаў Дзіма, праслухаўшы маю рэпліку. – Бачыце, яны проста выкінулі тое, што ім было непатрэбна, і зрабілі мантаж. Гэта няцяжка, як і падкарэктаваць выяву так, каб зрабіць з Алы Анатолеўны гобліна. І тое, што вы блізняты, абыгралі па-майстэрску, каб склалася ўражанне, што гаворыць Уляна Анатолеўна. Чыстая работа, няма чаго сказаць.
– Я падам на іх у суд, – разгублена сказала я.
– Хаха! Яны адразу пасля перадачы знішчаюць стужку, і давесці нічога немагчыма.
– Я сама запішу гэта на стужку вечарам.
– Такія запісы не лічацца ў судзе доказам.
– Тады я проста выдзеру гэтай рэдактарцы вочы.
– Хопіць ужо глупстваў! – Уляна стукнула даланёй па стале. – Што можаш, ты і так робіш! Досыць!
Я ўскочыла.
– Чаго ты на мяне крычыш? Я ж, між іншага, табе званіла, раілася, ці пагаджацца!
– От я і дура была, што параіла! Забыла, што ад цябе суцэльны галаўны боль, за што б ні бралася. Ты папросту разбураеш усё. Ты сапраўдны разбуральнік. Хочаш ты таго ці не, ты разбураеш усё. І сваё жыццё, і маё. Навошта Бог звязаў нас? Калі ён мяне ад цябе вызваліць?
Сястра выхапіла зза лядоўні маю бутлю з віскі, бразнула яе аб сцяну і выбегла на двор.
Усе сядзелі, апусціўшы вочы.
Я разумела, што сястра вельмі стомленая, знерваваная, што ёй зараз цяжка. Але ж і мне ад гэтага было не лягчэй.