Сваякі Лялькі меліся пасля пахавання забраць няшчасную вар’ятку і адвезці ў дом састарэлых – яна не магла жыць сама, а забраць яе да сябе не меў магчымасці ніхто з іх. Але ім гэта не ўдалося. Яна не далася пасадзіць сябе ў машыну, а калі сваякі пачалі вырашаць, што ж рабіць далей, ды на хвілінку пакінулі яе без нагляду – папросту ўцякла. Не знайшоўшы яе нідзе, пад вечар сваяцтва раз’ехалася па дамах.
А назаўтра раніцай Лялька-маладая сядзела на нашым падвор’і, проста на зямлі, а побач з ёй ляжала цела Лялькі-старой, якое дачка за ноч выкапала з магілы… Рукі мёртвай, якія ўчора былі складзеныя на грудзях, зараз расслабіліся ды завярнуліся за спіну, ногі з ненатуральна падвернутымі ступакамі раскінуты па траве… Трупнае закасцяненне змянілася наступнай фазай распаду…
Пакуль Улянка званіла ў Брэст, я пакарміла Ляльку. Яна не захацела адысці ад маці, і ела проста каля яе. Як ёй удалося пранесці цела так далёка? Або пасля смерці цётка палягчэла, або вар’ятка раптам здабыла нечалавечую сілу… Гледзячы, як Лялька прагна глытае боршч ля цела маці, я адчувала, як з’язджаю з катушак. Выкліканыя сваякі, узмоцненыя брыгадай санітараў з псіхушкі, зноў не змаглі злавіць Ляльку: ледзьве пабачыўшы іх, яна кінулася ў лес і здагнаць яе не ўдалося. Цела Лялькі-старой сваякі забралі зноў пахаваць на могілках.
– Цяпер яна штодзень будзе прыносіць цела маці да нас на двор, – змрочна сказала Уляна, калі мы нарэшце засталіся адны. – Нават калі заваліць магілу гранітнай плітой, гэта яе не стрымае.
Не адказаўшы, я прайшла на веранду і выцягнула зза лядоўні віскі. Сястра не сказала ні слова, і я піла проста з рыльца цёплую пякучую вадкасць, аж пакуль не адчула, што досыць. Тады я па сценцы прайшла ў свой пакой, намацала ложак, упала на яго і адключылася.
Даем слова ўсім
Мы снедалі: я, Уляна, хлопцы-ахоўнікі і Хведзька. Хведзька, які замяняў адсутную Зарніцкую, правёў ноч сярод агравіталікаўскіх кароваў, якіх нядбалы пастух (ужо, па словах Хведзькі, былы) праз недагляд вывеў на росную канюшыну; калі небяспека мінула, ён атрымаў ад узрадаванага Чароты ганарар у капэрце. Памер ганарару прывёў намесніка Зарніцкай у вельмі добры настрой, і рана-раненька ён завітаў да нас на сняданак. Каб яго не выкінулі з дома за тое, што пабудзіў, ён закупіў у начным магазіне на памежным пераходзе многа смачнага: ікру, селядцы, печаныя курыныя крылцы, марынаваныя агуркі, шыі такэ і марскія грыбы… Ясна, мы не змаглі ўстояць перад марскімі грыбамі і ягоным добрым настроем.
– Не пераапранайцеся! – крычаў ён, размётваючы ежу па талерках. – Што можа быць лепей: сняданак з ікрой і свежай кавай у піжамах! Вы будзеце пра гэта ўспамінаць! Сняданак у Дабрацічах у японскім стылі! Хаця не, у еўрапейскім! Ці ў амрыканскім! Давайце за стол, карацей!
– Стыль! Бессаромнае парушэнне якіх бы то ні было стыляў! Так нідзе не снедаюць, – адзначыла Уляна, пацягваючыся на ганку, пасля таго як агледзелася і ўпэўнілася, што Лялькі нідзе няма. Хведзька быў такі радасны, што мы паддаліся ягонаму настрою – нават нягледзячы на наш комплекс праблемаў.
– Правільна! Гэта арыгінальнае дабрацінскае сняданне… Мой патэнт. Давайце хутчэй, есці хочацца, – заклікаў Хведзька, заканчваючы сервіраваць.
І вось мы снедалі: у піжамах, за свежай кавай, з канапкамі з ікрой і далікатэсамі. Хведзька сыпаў жартачкамі, на веранду з адчыненых дзвярэй веяла прахалода, насіліся па двары сабакі, якіх дзеля прыезду Хведзькі спусцілі з ланцугоў.
– Хай здохне той, хто нас не любіць! – абвяшчаў ён. – Няхай жыве і пасвіцца беларуская птушка бусел! – і зноў уздымаў кубак, з якога струменіў у дабрацінскі лес кававы водар. – Давайце ўключым якую-небудзь музычку.
– Хіба тэлевізар, – Дзіма шчоўкнуў пультам. – Толькі там зараз музыкі не будзе, затое мы зможам палюбавацца на Алу Анатолеўну ў ролі зоркі экрана.
Хведзька, які яшчэ не ведаў гэтай гісторыі, здзіўлена на мяне паглядзеў.
У адзін з двух дзён, якія я правяла ў Менску, калі прыехала да Хорста, у маёй новай кватэры раптам раздаўся тэлефонны званок. Упэўненая, што гэта да былых гаспадароў – я нават сама не ведала, які тут нумар, – я механічна зняла слухаўку. Але выявілася, што гэта да мяне. Мяне шукала рэдактарка нейкай «Актуальнай размовы», аналітычнай, як яна выказалася, праграмы, дама з нязвыкла для БТ прыемным голасам; яны хацелі б ад мяне атрымаць каментар.
– Ад мяне? – здзівілася я. – Чаму? Які?
– Ну, вы – сястра вядомай грамадскай дзяячкі, творчая асоба… Думаю, нашым гледачам будзе цікава пачуць вашае меркаванне наконт цяперашніх падзей.
– Маё меркаванне вам наўрад ці спадабаецца. Я лічу тое, што адбываецца, поўным беззаконнем.
– Што ж, вось і раскажыце пра гэта.
– Але ж вы такога ніколі не пакажаце.
– Чаму не? Вы, мусіць, мала глядзіце наш канал (што праўда, то праўда – падумала я). Мы даем слова ўсім.
– А вы можаце даць мне слова, у сэнсе паабяцаць, што з майго выказвання не будзе нічога выразана, не будзе скажоны яго сэнс? І якія пытанні вы збіраецеся мне задаць?
– Ну канечне, можам. А пытанне такое: як вы ацэньваеце шанцы на выйгрыш у выбарах дзейнага прэзідэнта?
Я пазваніла Уляне. Яна параіла пагадзіцца на інтэрв’ю: маўляў, трэба карыстацца любой магчымасцю, каб выказваць сваю пазіцыю, але вельмі абдумана гаварыць, бо вядома, як на тэлебачанні здольныя ўсё перакруціць і паказаць белае не толькі чорным, але і шэрабурамалінавым.
Я сустрэла здымачную групу – пахмурны аператар, рэдактарка, што званіла, абкураная на выгляд вядучая з вачыма-міскамі і пазногцямі ў стылі нейларт – на беразе Свіслачы. Рэдкія мінакі абыходзілі нас далёка.
Я яшчэ раз узяла з іх абяцанне, што мае словы не будуць скажоныя.
– Ну што вы так перажываеце? Усё будзе добра, – рэдактарка міла пасміхалася; у яе былі, вядома ж, белыя валасы, ружовыя вусны, вочы абкладзены чорнай і карычневай фарбай; а зубы ёй зрабіў нейкі дантыствораг.
– Не, вы паабяцайце акрэслена і цвёрда.
– Абяцаю акрэслена і цвёрда.
Дзеўка з пазногцямі выплюнула гумку ды сунула мне пад нос мікрафон.