Рыўкамі, праз пятае на дзясятае, я паехала. Мяне адначасова турбавалі некалькі праблемаў: паспець у Дабрацічы раней за Кукалевага бандыта, ні на кога не наехаць, не трапіць у лапы міліцыянтам – тлумач ім, чаго едзеш без дакументаў ды правоў… Ці знойдзе Хведзька паперчыну, ці не ўздыме гвалту, што скралі машыну? Як, на ласку Бога, пераключаць перадачы?
Пра такія дробязі, як сігналы паваротаў, я нават не ўспамінала.
О, вы, чытачы, што на новым «бумеры» ездзіце ў найбліжэйшы гастраном па хлеб, вам мяне не зразумець! Курчова ўхапіўшыся за стырно, націснуўшы на педаль газу, на трэцяй перадачы (бо я не рызыкавала лішні раз іх пераключаць!), пазбягаючы якіх бы то ні было манеўраў, гледзячы строга перад сабой, я рвалася з горада, а ззаду слаўся чорны дым з выхлапу… Мінакі на тратуарах уздымалі галовы на рык матора, бо на кожным чырвоным я празмерна газавала, баючыся заглухнуць.
Што я ўсё ж выехала – гэта быў цуд Божы.
Толькі на палявой дарозе я рызыкнула пераключыць перадачу, і мне гэта ўдалося. Я ўтапіла педаль газу ў падлогу і панеслася.
Цяпер я магла паспець. Разлік я будавала на тым, што найміт Кукаля напэўна адправіўся ў Дабрацічы па асфальтавай шашы, якая ідзе дугой у бок Украіны. Існавала ж яшчэ адна дарога, старая, нашмат карацейшая, але не вельмі добрай якасці, пра якую мала хто знаў і якой рэдка хто карыстаўся. Па ёй я цяпер і ляцела. Дарога гэтая праходзіць паміж пустых палёў; тут няма пешаходаў, няма сустрэчных машын, тут я магла нарэшце абцерці пот з лба… І тут мяне разанула думка: а як я буду адстойваць Лялек? Як мне іх бараніць? Біцца з гэтым хлопцам? Чым? Мой Антось пад сядзеннем звычайна трымаў невялікую сякерку, якая можа спатрэбіцца ў дарозе. Можа, і ў Хведзькі нешта такое ёсць? Не здымаючы правай нагі з газу, я спрабавала пашнырыць левай нагой пад сядзеннем, але толькі згубіла там басаножкі-саба. Дый чым мне дапаможа сякерка, нават калі б яна там і была? Што значыць сякерка супраць пісталета гэтага бандыта! Калі мне ўдасца прыехаць раней за Кукалевых байцоў, можна проста схаваць суседак, а калі яны прыехалі першымі?
Думаць не было часу. Я ўжо ўлятала ў Дабрацічы, і праз хвіліну пабачыла Ляльчына падвор’е.
Серабрысты джып ужо стаяў там.
Той хлопец, што размаўляў з Кукалем, пёр у яго цётку Ляльку – проста волакам па зямлі, і ногі цёткі, распухлыя сінія калоды, мёртва цягнуліся па сухім пяску; другі падшыванец пхаў у машыну Ляльку-маладую.
І тут я зразумела, што не змагу затармазіць! Я папросту забылася, як гэта робіцца! Рашэнне прыйшло імгненна. Я гнала з вялізнай хуткасцю. Мусіць, гэта, ды яшчэ сквапнасць Кукалевых памагатых, якія пашкадавалі сваю раскошную тачку, і выратавала жыццё Лялек.
Высунуўшыся ў акно – на шчасце, яно было адчыненае, сама б я нават не адразу змагла яго адчыніць – я з усяе моцы залямантавала:
– Разаб’ю машыну! Уцякайце! Тармазы адмовілі! Машыну разаб’ю! З дарогі!
На мой крык усе павярнулі галовы; рэакцыя бандытаў была імгненнай: абодва кінулі сваіх ахвяраў, заскочылі ў джып, і пагналі наперад.
Трэба сказаць, што і сапраўды, каб улупіць ім у зад, мне не хапіла сантыметраў якіх трыццаць. Джып вырваўся літаральна зпад носа пікапа-«масквіча». Матор у яго, вядома, нашмат болей магутны, але я, тым не менш, не адставала. Калі б справа адбывалася на асфальтавай шашы, то, канечне, яны, гуляючы, адарваліся б ад мяне. А так я гнала іх па дабрацінскай дарозе. Грунтовай. З калдобінамі. Мяне літаральна кідала па кабіне, але я не здымала нагі з газу. Пра тое, каб з’ехаць з дарогі, не магло быць і мовы: пасля таго, як мы вылецелі з вёскі, хвалі сухога пяску абапал змяніліся равамі і валамі вайсковых умацаванняў, грунтоўна нарытых яшчэ за тымі Саветамі. Пры той хуткасці, на якой мы ехалі, збочыць азначала немінуча перавярнуцца ў адным з гэтых равоў. Гэта разумела нават я. Але чым скончыцца гонка? Не магу ж я пераследаваць іх бясконца? Толькі я паспела пра гэта падумаць, як з акна джыпа паказалася рука з пісталетам і раздаўся стрэл!
Відаць, ад перапуду я ўспомніла, як трэба тармазіць. Дакладней, успомнілі ногі; яны адрухова націснулі на патрэбныя педалі, і пікап стаў на месцы; я далася лбом аб ветравое шкло з такой сілай, што потым там (на лбе) набегла гуля.
Джып знік удалечыні. Я пачула: за адчыненым акном роўная сцяна стракатання конікаў. Сухая гарачыня. Стрэпет асінавага лісця над ірвамі.
Акуратна, за чатыры прыёмы, я здолела развярнуцца на вузкай дарозе (яшчэ трычатыры такія трэніроўкі, і мне можна ўдзельнічаць у чэмпіянатах па фігурным ваджэнні).
Калі я зноў вярнулася на Ляльчына падвор’е, Лялька-маладая спрабавала падняць з зямлі маці. Я затармазіла досыць плаўна і выскачыла з машыны.
– Цётка, я зара забяру вас да нас. Тыя бандыты могуць вярнуцца. Лялька, давайно разам.
Цётка Лялька толькі стагнала; здаецца, ёй адняло мову. Разам з Лялькаймаладой мы неяк здолелі зацягнуць яе, цяжкую, як любы хворы чалавек, на сядзенне. Я наказала Ляльцы-маладой бегчы да нас. Дома я, пакінуўшы суседку ў машыне – без Лялькі-маладой мне яе ўсё роўна не зацягнуць, – перш-наперш кінулася да тэлефона. Адшукаўшы па вызначальніку нумароў той, з якога званіў Кукаль, я, не трапляючы пальцамі, націснула патрэбныя кнопкі. Слухаўку зняў ён сам.
– Скаціна, – закрычала я ў слухаўку. – Я зараз пазваню Уляне і сваёй сяброўцы ў «Народную волю», і калі са мной ці маімі суседкамі што здарыцца, яны такі вэрхал паднімуць – не ўзрадуешся. Не адмажашся. І ў мяне ёсць доказы: я ўсё на відэа запісала, і тваю размову з тваім бандытам, і як яны Ляльку ў машыну цягнулі, і як стралялі. Так што дзяўчаты і міліцыю ўздымуць, і пракуратуру, і да ААН дойдуць. Толькі зачапі яшчэ раз дабрацінцаў, і ты пашкадуеш! – і шпульнула слухаўку, не чакаючы яго адказу.
Не вельмі, канечне, гэта было сур’ёзна, такім чынам размаўляць з чалавекам, падобным Івану Мітрічу, але што было рабіць у дадзенай сітуацыі? У Давыда супраць Галіяфа знайшлася прашча, у мяне супраць уладальніка рэстарана «Калінка» не было нават калінавай рагаткі. Толькі бязмерны, ад продкаў успадкаваны шал у душы, і бязмерны, набыты цягам апошніх пяцідзесяці год, адчай. І за жыццё я не трымалася.
Смерць не пакідае Дабрацічы
З Лялькайстарой стала зусім дрэнна і прыйшлося выклікаць доктара з Брэста, з платнай паліклінікі. Яна не магла варушыцца і не магла нічога гаварыць.
– Інсульт, – паставіў дыягназ той, агледзеўшы хворую, і пачаў выпісваць купу рэцэптаў.
Ужо выйшаўшы з хаты, агледзеўся, каб упэўніцца, што Лялька яго не чуе, і дадаў у адказ на маё пытанне:
– Хто яго ведае, прычыны інсульту цяжка ўстанавіць. Мо папросту ўзрост, а, магчыма, нейкі перажыты стрэс, празмернае хваляванне… Але вы павінны ведаць, што перспектывы вылечыцца ў пацыенткі няма. Рыхтуйцеся да горшага. Хіба што цуд…
Аднак цуду не адбылося. Яшчэ праз дзень Лялька памерла.
Гэта было другое пахаванне за гэтае лета, нашмат цяжэйшае.
Лялька-маладая спакойна глядзела, як яе маці абмывалі, апраналі, клалі ў труну, укладалі ў руку свечку. Яна спакойна стаяла ў царкве і на могілках – да таго моманту, як магілу пачалі засыпаць. Тады яна занепакоілася, раптам кінулася да мужчынаў-далакопаў, павырывала ў іх рыдлёўкі, шпурнула ўбок, скочыла ў магілу і пачала жменямі выкідаць адтуль пясок ды зрываць вечка труны. Яна хацела, каб маці ўстала. Усе як аслупянелі. Уляна, якая стаяла каля мяне, раптам уголас зарыдала. Тады Валерык Уругваец і іншыя мужчыны, апамятаўшыся, кінуліся да Лялькі, пацягнулі яе з магілы, яна моцна і ўдала адбівалася… Нарэшце ім удалося неяк яе скруціць, адвесці да машыны і малады поп, які збаранела назіраў за сцэнай, змог завяршыць паніхіду.