Размова з Валерыкам узрушыла мяне. Валерык з дабрацінцаў, а мы не гаворым многа; мы – не як героі Дастаеўскага, што вымаўляюць маналогі на тры главы; калі ён загаварыў так – то, відаць, прыпякло. Відаць, баліць. Але што тут дзіўнага? Хто не адчувае сваёй віны перад бацькамі, ці вось, як у маім выпадку, перад бабуляй?
І яна баялася смерці. Мусіць, у пэўны час або ў пэўным веку кожны застанецца самнасам са страхам смерці, нават калі і просіць яе; яна часта пачынала размову пра тое, што просіць смерці, што ёй цяжка жыць, і заўжды паглядала так, нібыта ў душы спадзявалася, што я яе суцешу, што скажу: шо ты, бабо! ты нэ вмрэш ныгды! Чым суцешыць гэты апошні страх? Нягледзячы ні на што, бабуля ніколі не пагаджалася пераехаць да мяне ці да Уляны, якую, дарэчы, заўсёды любіла больш. Суровая і жорсткая, яна заставалася тут, адна, адзінокая і верная сваёй даўняй прыказцы «лепш кланяцца сваёй дупе, чым чужой галаве», яна секла дровы і паліла агонь; можа, яна і не памерла б ніколі, можа, яна і трымала б гэты свет далей, але ж яе нехта атруціў.
Пражыўшы разам з ёю цэлае жыццё, я яе зусім не ведала. Ніколі не дзялілася яна сваімі думкамі; ніколі не цікавілася маімі справамі; ніколі не пагаджалася прыехаць да мяне на зіму ці проста ў госці. І раптам цяпер, толькі цяпер, я зразумела, чаму: яна не лічыла мяне САПРАЎДНАЙ унучкай. Яна не лічыла сапраўднай унучкай і Уляну – і да яе яна ніколі не прыязджала, але была з ёю ўсё ж трохі мякчэйшая; можа, Уляна ўсё ж чымсьці нагадвала ёй яе саму. Але яна не лічыла нас сапраўднымі, і не звязвала з намі ніякіх надзей. Заплёнтаная ніткамі, што цягнуцца з часу, абматаная пасамі, што цягнуцца з зямлі, з’яднаная вяроўкамі з дажджамі і маразамі, яна ведала, што яна, Макрынька, апошняя, што на ёй засяродзіўся ўвесь цяжар роду, і што ніхто не дапаможа і не выратуе, і што ад невыноснага цяжару ніткі, пасы, вяроўкі вось-вось абарвуцца…
Яна знала, што мы – ужо ІНШЫЯ.
Няма калінавай рагаткі
Зноў пазваніў Кукаль. Я ўжо пазнаю яго голас.
– Ну што, Ала Анатолеўна, як пачуваецеся? Як вам спадабаўся боўль? Усё нармальна? Алё, што вы маўчыце? Ала Анатолеўна, гэй!
Кукаль ведае, што да яго прыязджала я!
– Так, я слухаю, але я не разумею, пра што вы гаворыце.
– Разумееце, разумееце. Думаю, нам трэба яшчэ раз сустрэцца. Не ў вас – вы здагадваецеся, чаму, і не «На рынку» – як выявілася, там таксама небяспечна. Давайце на гэты раз у «Калінцы», у мяне там ёсць ахова…
– А вы хіба не паехалі на тры месяцы з горада? Ці ўжо вярнуліся? Карацей, я не хачу з вамі сустракацца.
– Паверце, што мяне падставілі, і я вельмі хацеў бы сустрэцца хаця б дзеля таго, каб давесці вам гэта. Да таго ж, у мяне ёсць навіны пра аднаго чалавека…
– Пра маю сястру?
– Разумею вашу іронію. І гэты эпізод я магу патлумачыць, але лепш пры сустрэчы. Не, цяпер у мяне ёсць навіны пра вашу бабулю, дакладней, пра яе смерць. Наконт вас я памыляўся – калі думаў, што размаўляю з вашай сястрой, – але тут, я думаю, памылкі ўжо не будзе…
Назаўтра раніцай Хведзька прывёз мяне да дзвярэй «Калінкі» – самага шыкоўнага брэсцкага рэстарана. На гэтым настаяла Зарніцкая.
– Паедзеш з Хведзькам, – пастанавіла яна, калі я па тэлефоне расказала ёй пра Кукаля, – лішне не будзе, ці мала што…
Мы прыехалі пад «Калінку» зарана, недзе а палове на дзясятую. Я вырашыла пачакаць прызначанага часу ў машыне.
– Слухай, можа, пакуль я збегаю на аўтарынак – тут блізка, мне даўно трэ было б дворнікі купіць новыя, усё рукі не даходзілі, а? – спытаўся Хведзька.
– Давай, – пагадзілася я. – Раней, чым праз паўгадзіны, я туды ўсё роўна не пайду.
– Замётана, праз паўгадзіны я буду тут, – і Хведзька збег.
Не паспела яго спіна знікнуць за рогам камяніцы, як да тратуара каля нашага пікапа падруліў чорны Кукалеў «мэрс» і сам кароль Брэста выступіў адтуль. З рэстарана да яго хутка пракрочыў нейкі хлопец.
Мне было б непрыемна, калі б Кукаль пабачыў, што я яго ўжо чакаю, прыехала першай, таму я хуценька сагнулася на сваім сядзенні так, каб мяне не было відаць знадворку.
– Зараз паедзеш у Дабрацічы, – пачуўся Кукалеў строгі голас, – да той старой дуры. Забярэш яе разам з дачкой і адвязеш іх на палігон. Акуратна, глядзі!
– Канечне, Іван Дзмітрыевіч, не турбуйцеся. Усё будзе найлепшым чынам. Лічыце, праблемы ўжо няма.
– Потым – адразу да мяне.
Я выпрасталася.
Кукаль заходзіў у рэстаран, а хлопец, які з ім размаўляў, сядаў у джып.
Яны гаварылі пра цётку Ляльку і Ляльку-маладую! Іх збіраюцца забіць! Што ж рабіць, халера!? Што рабіць? Пазваніць? Каму? Улі няма, а тэлефона Уругвайца я нават не ведаю. Дый не сядзіць ён дома! Бегчы шукаць Хведзьку? Дзе? Ён можа быць у любым месцы аўтарынку, а гэта – нямераная колькасць гектараў. Чакаць яго? Дык ён вернецца толькі праз паўгадзіны, да той пары найміт Кукаля ўжо прыкончыць Лялек. Пайсці да Кукаля і настрашыць, што я ўсё чула і заяўлю ў міліцыю? Рассмяецца мне ў твар. Няма выйсця: трэба ехаць самой. Мой досвед кіравання машынай – роўна месяц практыкі дваццаць гадоў таму назад. Праз трыццаць дзён пасля атрымання правоў, будучы падшафэ, я наехала на нейкі плот. Антось тады ўрачыста парваў мае правы і з тых часоў не пускаў мяне за стырно.
Я ашалелымі вачыма ўперылася ў ключ, які Хведзька пакінуў у замку запальвання… Пакачвалася бірулька. Сэрца маё трымцела. Ці змагу я даехаць? Але чаго тут сумнявацца: няўжо ж я дазволю, каб гэтыя бандыты забілі маіх суседак? Не, я пакуль яшчэ не хварэю на скорбное бесчувствие. Хай будзе, што будзе, але я мушу ехаць.
На кавалку паперы я накрэмзала: «Я паехала ў Дабрацічы. А.» – і паклала яго проста на тратуар, прываліўшы грудкай зямлі з клумбы. Села на месца кіроўцы. Супакоіцца. Успомніць. Так. Што там трэба рабіць? Павярнуць ключ. Машына рэзка тарганулася і заглухла. Не, не так, спачатку паставіць на нейтралку. Здаецца, цяпер трэба адпускаць счэп, адначасова націскаючы на газ, так, а руль павяртаць, бо заразтакі ўеду ў дупу гэтаму «мэрсу». Матор зароў, але машына не скранулася з месца. Халера, зараз жа трэба ўключыць першую хуткасць. Госпадзе Божа, зараз разнясу Кукалеў «мэрс»! Матор ціха зарычэў. Што далей, халера, нічога не памятаю! Я занадта хутка кінула счэп, і мой пікап, высунуўшы рыла на сярэдзіну дарогі, зноў заглух, але з пятай спробы мне ўдалося крануцца.