На сцяжынцы да нашага дома паказаўся чалавек. Спачатку я думала, што гэта які дачнік, але калі ён падышоў бліжэй, я ўскрыкнула ад радасці і пабегла насустрач. Гэта быў Валерык Уругваец, якога правільней было б называць Амерыканцам. Гэтага адзінага з дабрацінцаў інкарпаравала не Расея, а Злучаныя Штаты. Як калісьці ягоны прадзед, ён паехаў па шчасце за свет, але, у адрозненне ад прадзеда, не вярнуўся. Прадзед Іван сек секвоі ў джунглях Амазонкі ды не раз быў біты мачамі праз сваю занадта бялявую жонку, а Валерык працаваў менеджарам і за жонку ўзяў тамтэйшую – не ведаю, з якога колеру валасамі ды скурай. Апошні раз я бачыла Валерыка гадоў восем назад, а перадапошні – на выпускным балі. І вось, усміхаючыся, ён ішоў па засыпанай ігліцай сцяжынцы да нашага дома. З шышкаватым лбом і шырокім носам – гэта дабрацінец, але скура яго абвявалася вятрамі, больш лагоднымі за тутэйшыя вятрыскі. У шортах, з нетутэйшым тварам і ў нетутэйшых пантофлях на босых нетутэйшых нагах, – я ахапіла ўсё гэта адным позіркам, перш чым павіснуць у яго на шыі.
– І чаму ў Амерыцы няма такіх жанчын, як ты? Як я сумую па такіх вачах…
– А што ты? Носіш лёд з гор? – пыталася я, нагадваючы пра нашу незабыўную размову больш чым трыццаць гадоў таму, калі ён сказаў, што едзе ў Амерыку ў пошуках таго лёду, што зносілі з вяршынь Андаў у даліну індзейцы, лічачы яго найвялікшым дзівам. – І па якіх ужо такіх вачах? Маленькіх, нявыспаных і заплылых тлушчам?
– Не ведаю, ці ёсць увогуле тыя горы… А вочы… Вось там яны сапраўды заплылыя тлушчам – ва ўсіх, акрамя актораў з Галівуда ды Брадвея. Што ты хочаш: многа грошай, многа таннай ежы, – і, як вынік, талія шырэй за плечы…
Мы селі на лаўку пад грушку.
– Хочаш віскі? – спытала я. – У мяне і лёд е.
– Што ты! – махнуў рукой Валерык. – Гэта для майго бацькі напой. А мы ў Амерыцы п’ем піва напалам з колай – і то толькі па вечарах. Дай мне вады з калодзежа – п’ю ды п’ю ваду, такі смак з дзяцінства…
Валерык сапраўды піў ваду, як знаўцы каньяк – адпіваў па глыточку, не выпускаў кубак з рук, – і мы ціха размаўлялі.
– Дык як там Амерыка оў, якой я не ўвіжу нікагда? – запытала я. – Дэмакратыя працвітае?
– Над ёй таксама чорныя крылы, як і на тутэйшым небе, – адказаў Валерык цалкам сур’ёзна, не падхапіўшы мой жарт.
– Ты бачыш над намі чорныя крылы?
– А ты хіба не?
– Не ведаю, – адказала я здзіўлена, міжволі кінуўшы вокам на неба. – Можа, і бачу.
– Бацька і маці пастарэлі. Бацька п’е, матка плача… Сястра занятая сваёй сям’ёй, а я не магу забраць бацькоў з сабой, – прагаварыў Валерык, апусціўшы галаву.
Мяне ўразіў гэты хлапечы, бязвольны жэст.
– Чаму? Ім не дадуць візы?
– Я не магу іх узяць. Гэта раўнасільна таму, што забіць іх. Яны не змогуць там жыць. Мая жонка ды дзеці не гавораць ні па-ўкраінску, ні па-беларуску…
– Ну, твая жонка і дзеці, цалкам магчыма, і тут не гаварылі б ні па-ўкраінску, ні па-беларуску, але я разумею, што ты хочаш сказаць.
– Разумееш? Баюся, не. Жыць за морам, сярод іншых людзей – гэта такая настальгія…
– Жыць тут – настальгія не меншая, калі не большая, Валерык. Думаю, Галя не бярэ бацькоў да сябе ў Брэст не таму, што не хоча і іх не любіць. Проста, і яна разумее, што забраць іх у горад – значыць забіць. На жаль, нічога не зробіш, жыві тут ці там. Яны самі перад тварам смерці; яны жывуць, чакаючы яе, а гэта так страшна, таму твой бацька п’е, а маці плача.
– Мне нават здаецца, што мае дзеці – не мае, – працягваў Валерык. – Яны падобныя да мяне вонкава, але гэта ўсё. І я нават не люблю іх. У мяне няма адчування, што яны заўсёды ў мяне на карку, я забываю пра іх, варта мне выйсці з дому…
– Аднак чаму ты думаеш, што гэта дрэнна? Нікога не варта саджаць на карак, дзяцей – тым больш. Але мне цяжка гаварыць пра гэта, бо ў мяне няма дзяцей ды, па сутнасці, не было і бацькоў.
– Прабач.
– Нічога.
– Значыць, ты думаеш, што я не вінаваты?
– Што паехаў у Амерыку? Ясна, не. Але ты ведаеш, што кожны з нас, і ты ў тым ліку, вінаваты нейкай вялікай віной. Якой – не ведаю. Але што вінаватыя – то напэўна. Ты сам гаворыш пра чорныя крылы – а яны не рассцілаюцца па небе бязвінных…
– А я прывёз табе падарунак, – іншым тонам загаварыў Валерык пасля паўзы і палез у кішэню. – Вось, глядзі. Нямецкая мапа нашых месцаў часоў першай сусветнай. Глянь, якая падрабязная, і з надпісамі ад рукі.
Я нахілілася над мапай. Яе грунтоўнасць добра вынесла прамінулыя гады: яна была не папяровая, а нейкая цыратовая. Надпісы былі нямецкімі літарамі, і вельмі дакладна перадавалі сапраўдныя назвы: Dobratytschy, Jablotschyn, Granne; у сёлах паказаны нават хаты і хлявы; невядомыя мне, даўно загінулыя хутары ўздоўж берагоў даўно загінулых рэк; надпісы ад рукі зроблены нейкім нямецкім вайскоўцам; Валерык мне іх пераклаў: «у гэтым месцы сялянскае поле, так што прыходзіцца абыходзіць за кіламетр на поўдзень», «лінія абароны рускіх» і да т. п. Разглядаць гэтую мапу было цікава, але, канечне, я і падумаць не магла, што гэты прадукт нямецкай геадэзіі прыдасца нам яшчэ больш, чым кайзераўскім войскам у 1914-м.
Валерык сядзеў доўга, аж пакуль па яго не прыйшоў старэйшы Уругваец – ужо вясёлы і з песняй. Праспяваўшы мне некалькі прыпевак, ён забраў сына дамоў.
Лепш кланяцца сваёй дупе…