Перш чым заснуць у той вечар, я хвілінаў дзесяць ляжала, задзёршы ногі на сцяну – такому спосабу зняць боль і ўтомленасць ног калісьці даўно навучыла мяне бабуля.
Саша ды Дзіма робяць сваю работу
– Трымайце тут, Ала Анатолеўна, – Дзіма прасунуў мне праз дзірку кавалак дошкі. – Сюды заводзьце.
Мы з Дзімам рамантавалі страху. Ноччу праз дзірку ў гонце – як выявілася, тут была вялізная дзіра, але праз адсутнасць дажджу (не працякала) ніхто пра яе не здагадваўся – на гару трапіла сава і перапалохала нас. Яна ўчыніла страшэнны лямант, ашалела лётаючы па паддашку ды руйнуючы ўсё, што траплялася пад крылы. Добра, што хлопцы цяпер начуюць у доме, а то мы б прабаяліся да ранку, так і не наважыўшыся залезці наверх. У святле ліхтароў сава аслепла, пляснулася на старыя кросны, і Саша схітрыўся накінуць на яе капу і вынесці на двор. Лапы ў савы злавесныя, а выраз пысы, калі на яе нацэліць прамень ліхтара – неперадавальны. Прыблізна: халера, што рабіць? Дзеўбануць ці абасрацца?
Словам, зранку мы з Дзімам палезлі рамантаваць дах. У працэсе сумеснай працы разгаварыліся.
– Я працаваў у органах дзесяць год. Калі яшчэ вучыўся ў палітэху, яны ў нас шукалі сабе кадры, прапанавалі мне, я пагадзіўся. Вось гэтую дошку патрымайце тут, ага. Я пагадзіўся. Скончыў школу КББ, пачаў працаваць у менскай канторы. Усё нармальна ішло. Займаўся наркотыкамі. У мяне няблага выходзіла. Ганарыўся, што ўдалося знізіць узровень абароту наркотыкаў па Менску на 28 працэнтаў… А потым, гадоў дзесяць таму, бачу – не туды пайшло! Не, я не дошку маю на ўвазе, Ала Анатолеўна, трымайце так, як трымалі. Не туды пайшло ў сэнсе працы нашай канторы. Канечне, і тады, калі я пачынаў, гэта было спецыфічнае месца. Але, пры ўсёй спецыфічнасці, там працавалі, па-першае, прафесіяналы, і па-другое, нармальныя людзі. А паступова ўсё пачало мяняцца. Тыя, каго я лічыў вартымі павагі, некуды падзеліся. Як бы растварыліся. Хто сышоў ціха, хто грукнуў дзвярыма. Некалькі маіх калег з’ехалі за мяжу, папрасіўшы палітычнага прытулку. Калідорамі канторы пачалі хадзіць нейкія тыпы, больш за ўсё падобныя…
– Да вепручкоў? – спытала я, успомніўшы Сцяпана Фёдаравіча.
– Вепручкоў? – здзівіўся Дзіма. – Не, хутчэй, на сабак такіх дзікіх. Пачаўся гон. Мяне дзівіла, што нас пачалі актыўна замбаваць, але яшчэ больш здзівіла, што шмат хто хутка зазамбаваўся і пачынаў на каманду «фас!» пырскаць слінай. А яшчэ ў сілу ўвайшлі дзялкі. Адзін такі дзялок стаў начальнікам нашага аддзела. Калі я выпадкова зразумеў, што, замест таго, каб знішчацца, затрыманыя наркотыкі зноў сплываюць, але ўжо ў іншае рэчышча – адразу звольніўся.
– Не спрабаваў змагацца?
– Змагацца з КББ знутры немагчыма. Гуляй па правілах або ніяк. Я вырашыў сысці, пакуль не ўлез у небяспечныя справы. Пабадзяўся трохі без працы, потым раз сустрэў Сашу. Ён на той момант працаваў ужо ў Гарабца. Ну і я туды пайшоў.
– А Саша чым займаўся раней?
– Ён быў у ваеннай выведцы. Мы з ім мала знаёмыя. Вунь ваш сусед ідзе.
З даху, на якім я распласталася, Дабрацічы віднеліся пад нязвычным кутом зроку. Мішык Ярашышын кудысьці цягнуўся пад гарой; ішоў ён павольна, апусціўшы галаву; нас небачыў.
Над дабрацінскім лесам несліся прыгожыя аблокі. Я баялася грымнуць на зямлю, таму поўзала па чарапіцы, як муха, курчова ўчапіўшыся ў драбіну. Я сабралася была злазіць, як выпадкова павярнула галаву і замёрла. Пад гарой, там, дзе бруілася адна з крыніцаў, круцілася жывое кола. Хлопцы, падстрыжаныя хто пад гаршчок, хто з чубамі, дзяўчаты з шырокімі таліямі, з вясёлымі вачыма, пабраўшыся ў парах за рукі, танчылі, самі сабе спяваючы, «кракавяк»… Гукі прабіліся праз тоўшчу, я добра чула польскія словы, зямля пад босымі нагамі танцораў была валоглай, а трава вакол зялёная ды пышная, на ёй яшчэ не прасохлі дажджавыя кроплі. Я зноў нейкім чынам правалілася праз час; гэта былі, канечне, людзі з міжваеннай пары. Хто яны? Я не адрывала вачэй ад кола, баючыся, што яно зараз зноў прападзе, як прападалі папярэднія відзежы. Кола зладжана, прыгожа рухалася, зладжана, прыгожа гучалі галасы. Адна дзяўчына не спявала, а чамусьці смяялася; босыя пяткі хлопцаў ды дзяўчат адначасова мякка прыстуквалі аб дол. Гэта мае землякі дабрацінцы ці нехта яшчэ? Тут напэўна павінна быць бабуля – бо іначай навошта мне гэтая відзежа паказваецца? Дзе ж яна? Пазнала: вось, гожая дзеўка ў белай хустцы, завязанай пад падбароддзем, у фартушку; стрыманая ўсмешка трымціць у вачах; гладкая скура твару паблісквае; хлопец, з якім яна танцуе, высока колам трымае яе руку, другой рукой абняў яе за талію… Гэта і ёсць мо Сцяпан? Ці гэта мой дзед? Не, не дзед: той, па расказах, быў чорнавалосы ды трохі сутулаваты, а гэты русы і стройны. А гэта Лялька? Круглыя чорныя вочкі, кругленькія лыткі, а за поясам – галінка шыпшыны з кветкамі… Танцоры адначасова павярнуліся, і танец пайшоў у адваротны бок. Божа, як цудоўна яны танцуюць, як чыста пяюць! Няўжо ж толькі я гэта бачу і чую? Я асцярожна павяла вачыма на Дзіму – і зрабіла памылку. Дзіма засяроджана закручваў шуруп, яўна нічога не чуючы, а калі я хутчэй перавяла вочы назад, то і я ўжо нічога не пабачыла і не пачула. Я ледзьве не застагнала ад расчаравання. Навошта, навошта я адвяла позірк! Усё, наступным разам – калі, вядома, ён будзе – буду пільнай і ўважлівай, не крануся, не паварушуся… Крыніца бруілася, як і тады, а больш нічога не засталося… Глыбокі ўздых вырваўся сам сабой.
– Вам цяжка трымаць? Вось Саша ідзе, ён вас заменіць.
Саша сапраўды выйшаў з лесу, маючы на плячы ладны дубец.
Праз хвіліну ён ужо быў у нас на даху, і я сабралася спускацца.
– Пачакайце хвіліну, Ала Анатолеўна. Скажыце, з гэтым вашым суседам, Міхасём Ярашам, у вас якія адносіны? – спытаў Саша.
– Суседскія, звычайныя, – паціснула я плячыма. – Як ён быў малым, а я маладой, пару разоў яго глядзела, калі ў цёткі Веры была нявыкрутка. Але вершаў ён мне не прысвячаў.
– Ён цікуе за вамі або за Улянай Анатолеўнай.
– Што?
– Цікуе. Віжуе. Шпіёніць.
– Як? Чаму ты так рашыў?
– У лесе я чуў яго размову па мабільным з кімсьці, ён расказваў пра тое, што ўчора бачыў, як у вас кінулі бумерангам: «Калі назіраў за аб’ектам, на Бабылёву і Барысевіч была зроблена спроба нападу пры дапамозе бумеранга». Амаль даслоўна прыводжу.
– Мішка шпіёніць? Не веру, – вырвалася ў мяне.
– Без сумнення, шпіёніць. Застаецца толькі дазнацца, каму ён даносіў?
– Тады я зараз пайду да яго і наўпрост спытаю. Упэўнена, выявіцца, што гэта нейкая недарэчнасць.
– Гэтага рабіць не варта, – пахітаў галавой Саша. – Ён не раскажа вам праўды, а сам насцярожыцца, зразумее, што раскрыты. Што або хто б за ім ні стаяў, нам трэба паводзіць сябе асцярожна. Скрытна. Мы самі будзем за ім сачыць, і, думаю, хутка высветлім, што ўсё гэта значыць.
З Амерыкі з тугою
Усё ж такі кожная раніца ў Дабрацічах – як падарунак. Нават калі стаіць небывалая і невыносная суша. Развідняе. Рассоўваюцца перламутравыя хмаркі там, дзе ўзыдзе сонца. Прахалода. Гаспадыні запальваюць сінія газавыя або жоўтыя печныя агні, і цеста шыпіць на патэльні і ператвараецца ў аладкі. Ужо ў сярэдзіне лета, але ў блізкіх кустах пяюць некалькі птушак.