– А дванаццатай.
– А дванаццатай, па польскім часе – аб адзінаццатай, раўнюсенька супраць гэтых паляў выйдзі на бераг і пасядзі з паўгадзіны. Не, пакуль не магу. Потым усё. Можаш так сядзець, можаш рыбу вудзіць, можаш вяночкі пускаць, як табе лепш. Але, можна і з дзецьмі. Галоўнае, роўна супраць паляў, і каб цябе можна было пабачыць з другога берага. Гэта будзе нам вялікая паслуга. Ага, бывай, пазней яшчэ пазваню.
Не ўсе бумерангі выбіраюць свабоду
Вечарам, дзякуй Богу, Сашу ды Дзіму, якія вярнуліся сёння дадому троху раней, чым звычайна, і ўзялі на сябе паліў гарода, у мяне быў час спакойна падумаць, што ж такое са мной здараецца. Улянка, седзячы ў лёху (там прахалода), рыхтавала тэкст новых улётак, Саша і Дзіма працавалі, а мяне паставілі гатаваць вячэру: бульбу з назбіранымі мною пры дапамозе свінні лісічкамі.
Вада цудоўным празрыстым купалам лілася з вядра ў рондаль, з вядра ў чайнік.
Самае цікавае, што я досыць спакойна пераношу падзеі гэтага вар’яцкага лета. За мае пяцьдзясят год жыццё мяне круціла па-рознаму, і цяпер мяне ўжо нішто не магло зламіць. На мяне ўпала нейкае маральнае здранцвенне, якое і дапамагае перанесці ўсё досыць спакойна: і бабуліну смерць, і Кукаля з яго штучкамі, і арышт… Можа, гэтае здранцвенне і можна назваць стойкасцю, не ведаю. А можа, гэта папросту мая дурнота, мая, як кажу, слабаразвітасць мозгу: тут што ні дзень, то новыя свістапляскі, а яна сядзіць, дурында, у сваіх Дабрацічах, свінню гадуе… Але, па-першае, хто ж яе нагадуе, калі не я, а, па-другое, хоць бы я адсюль і з’ехала, што гэта зменіць? Што, Кукаль не дастане мяне ў Менску? А тут пройдзешся па лесе, паслухаеш вечны шум сосен, пагушкаешся зрокам на супляценнях медзяных сасновых гулякаў[19] і супакоішся троху…
Улянка, тая заўжды ўмела разважаць больш лагічна, знаходзіць прычыны і следствы, а і яна, падобна, не вельмі разумее сітуацыю. Але ж ведае, як сябе паводзіць. Учора, калі я дапамагла перагрузіць спецвыпуск «Таварыша» – вядоўца адарваўся ад кабэбэшнага «хваста», але на тое, каб перакласці стотысячны наклад у іншую машыну, з’ехаць з Дабрацічаў ды замесці сляды, у нас было толькі дваццаць хвілін, і мы ўшасцёх – Уля, я, Саша, Дзіма і два вядоўцы – ламануліся так, што потым, калі абодва грузавікі стартанулі ў розныя бакі, я не здолела напіцца: ад напругі здаровая рука трэслася настолькі моцна, што вада выплёсквалася з кубка. Дык вось, напаіўшы мяне, сястра напілася сама, абцёрла мокры лоб і, паваліўшыся на лаўку, пахваліла мяне:
– Ну, Алкаматалка, малайчына. Проста аднарукая малайчына. Каб не ты, не паспелі б, – і прызналася: – Ох, ніколі нават не падумала б, што сяду за стырно, больш за тое – буду адрывацца ад хвастоў, што буду складаць ўлёткі і друкаваць іх на рызографы ў лёху… І, прабач, Госпадзе, пасміхацца загадчыкам аддзелаў ідэалогіі, замаўляючы залы для выступаў, і валаводзіцца з рэдактарамі розных «Чырвоных Століншчын» ды «Савецкіх Лунінеччын»… Да слова, прыцудоўныя персанажы ў масе сваёй… – і пасур’ёзнела: – Не веру, не хачу верыць, што бабуля загінула зза мяне, зза таго, што я дапамагаю Гарабцу, хаця, да слова, Юрка лічыць менавіта так. Не хачу верыць. Бог бы гэтага не дапусціў. Але, калі б трэ было зноў вырашаць, што рабіць, я зноў прыняла б такое ж рашэнне. Памятаеш прымаўку: рабі, што мусіш, і хай будзе, што будзе. Мушу рабіць тое, што раблю. Але зза гэтага церпіш і ты. Бо кожны дзень адбываецца столькі ўсяго, усе так занятыя, што проста няма калі разбірацца ў тым, што мінула. Дай Бог змагчы прадухіліць тое, што можа здарыцца.
І я, як прывыкла за жыццё, пагадзілася з сястрой і ў гэтым.
Няхай будзе, што будзе.
Але мне моцна, аж да мукі, хацелася зразумець, як жа я трапляю ў мінулае, і як можна было б рабіць гэта на сваё жаданне. Я прыкідвала і так, і гэтак, але ніякай заканамернасці, нічога супольнага ў двух выпадках, якія мне прыйшлося перажыць, я так і не адкрыла. З задуменнасці мяне вывеў пах гарэлага, але, на шчасце, я яшчэ паспела выратаваць вячэру…
Якраз прыйшлі з гарода Саша ды Дзіма, пачалі мыць рукі пад старым рукамыйнікам, і мы з Улянкай узяліся накрываць стол на двары. Я несла рондаль з бульбай, а Улянка – талеркі ды відэльцы, калі раптам, зірнуўшы ў наш бок, Саша, узмахнуўшы намыленымі рукамі, зрабіў гіганцкі скок, ды, абрынуўшыся на нас з паветра, паваліў абедзвюх на зямлю; я грымнулася бокам, вохнула рука пад гіпсам – на яе прызямліўся Саша, і над самым маім носам шугануў… бумеранг! Самы сапраўдны бумеранг, вялікі, заточаны да вострага са страшнай хуткасцю і сілай крутнуўся нада мной у паветры і па ўсіх законах бумерангаў паляцеў назад – да гары, з якой, падобна, і быў пушчаны. Сабакі гаўкалі і рваліся з павадкоў. Саша з Дзімам, адчапіўшы Джыду, рынуліся следам за бумерангам – туды, дзе ён знік у зялёнай кучаравай гушчэчы кустоўя. Мы з Улянай неяк узняліся.
– Глядзі, Улянка, бульба не вывалілася! Вячэра выратавана ўдругарадзь, – ляпнула я першае, што прыйшло на розум, падымаючыся і на выцягнутай руце трымаючы поўны рондаль.
– Ты парадуйся, што мы выратаваліся. Як ён свісцеў!
– Але.
– Бумерангаў у арсенале КББ яшчэ, здаецца, не было… Уяўляеш, што бывае, калі такая штуковіна храсне па патыліцы? Тым не менш, я ўжо хутка, відаць, прызвычаюся да таго, што мяне кожны дзень спрабуюць то арыштаваць, то забіць!
– Тым больш, што бумеранг – не атамная бомба! – зноў ляпнула я. – І не атамны пісталет! А, здаецца, нас толькі атамам можна прыгаломшыць!
На нас напаў смех – нервовы, трэ прызнаць.
Вярнуліся задыханыя Саша ды Дзіма. Яны загналі нас у хату – прыйшлося вячэраць там, але катэгарычна абверглі нашу здагадку, што да бумеранга мае дачыненне КББ.
– Не, адназначна не!
– Тады хто ж?
– Не ведаем. На гары нікога не было. Бумеранга таксама. Не ўсе, ведаеце, бумерангі выбіраюць свабоду – некаторыя вяртаюцца да тых, хто іх запускае. Але можаце мне паверыць: гэта не кабэбісты. У іх на гэта інструкцый няма, а без інструкцый яны не працуюць, – сказаў Дзіма. – Я ж сам там працаваў. Як і Саша. Таму можаце нам паверыць.
І мы пайшлі вячэраць: паверыўшы Дзіму, але не адчуваючы ад гэтага вялікай палёгкі.
У засядцы
У справе скарба Толік выявіўся ватажком. Камандуе, загадвае… Але ж да булавы, як вядома, трэба і галавы. Ці ў норме яна ў Толіка?
Не, спачатку у засядцы мне было досыць камфортна. Я выбрала на двары такое месца, з якога добра праглядаўся Лёнішын двор, паставіла там крэслагушкалку – добра, што гэта было якраз у цяньку – і пачала прыглядацца да перамяшчэнняў суседкі. Але праз некаторы час яе няўрымслівасць і рухавасць стала прычынай таго, што ў мяне пачалі ўзнікаць бунтарскія думкі пра немэтазгоднасць усёй гэтай калатнечы ды пра разумовы стан Толіка, які гэта ўсё выдумаў. Ну мяркуйце самі, як такое вытрываць: толькі я села, як Лёніха пабегла ў бок плёсу; я падазравала, што да каровы, але што, калі, перавязаўшы карову, яна пабяжыць на могілкі? – і я памчала за ёй, крыючыся за кустамі. Вярнуўшыся, цётка на непрацяглы час схавалася ў хаце, але не паспела я аддыхацца, як яна на ровары зноў выправілася са двара, і я – што мне было рабіць? – зноў за ёю, гэтым разам на дачы. Прычым ровара ў мяне не было, шчасце, што Лёніха ездзіць павольна… Потым мы яшчэ раз збегалі да каровы і на гарод (нашы гароды побач, і я скарысталася нагодай, каб прапалоць моркву). Калі да Лёніхі прыйшла Ярашыха і данесла, што каля плёсу абганяюць трактарам бульбу (дзякуючы таму, што Лёніха глухая, мне гэта было добра чуваць), і яны разам пайшлі туды, я ўжо не магла брысці за імі і супакоіла сябе тым, што і назад яны вернуцца разам, наўрад ці такая знаўца людзей, як Лёніха, пры Ярашысе папрэцца на могілкі. Мае разлікі спраўдзіліся, але потым мне прыйшлося яшчэ ісці за Лёніхай да станцыі і туляцца побач, пакуль яна прадавала яблыкі… Улічыце цяпер, што пры гэтым мне трэба было карміць сваю хеўру са свіннёю ўключна ды разграбаць тыя эверэсты, якія яна нарыла, і вы зразумееце, што да той хвіліны, як сярод камлёў дабрацінскага лесу закурэў змрок, я ўжо ног не валакла… І ўявіце, што я адчула, калі няўрымслівая Лёніха, падаіўшы, як я бачыла, карову і ўправіўшыся, зноў вывела зпад стрэшкі свой ровар, навесіла на стырно торбу і некуды паехала.
На гэты раз яна ехала па чыгунцы, па сцежцы, што цягнецца ўздоўж рэек. Мне не было куды падзецца, і я ішла проста за ёй; калі б Лёніха азірнулася, яна б немінуча пабачыла мяне. Але я спадзявалася, што не азірнецца: сямідзесяцігадовай кабеце не вельмі зручна круціцца, седзячы на сядле. І на гэты раз мая настойлівасць, здаецца, павінна была завяршыцца поспехам. Лёніха відавочна ехала на могілкі; каля могілак я планавала збегчы ўніз і якнебудзь прабірацца долам. Глухата Лёніхі была мне на руку, я магла не асцерагацца, што яна мяне пачуе: не раз я была сведкай такой карціны – Лёніха едзе сабе па вузкай дабрацінскай дарозе, а за ёю цягнецца які-небудзь дачнікаўскі «форд» ці «мазда», безвынікова трубячы ва ўсе трубы.
Бліжэй да могілак Лёніха пачала тармазіць – нагой, як усе нашы кабеты – і на гэты знак я пярэмутам кінулася з чыгункі ў хмызняк. Лёніха злезла з ровара, азірнулася і па сцяжынцы таксама спусцілася ўніз. Ад задышкі, ад узбуджэння я ледзьве не калацілася. Скрадаючыся, яна прайшла за агароджу і, азірнуўшыся на ўсе бакі, зноў пралезла ў акно закінутага склепа і прыхапіла з сабой торбачку; я, таксама паазіраўшыся, заглянула за ёю ў акенца. Яна адцягнула пліту, адамкнула замок на дзвярах, адчыніла іх і, сагнуўшыся, знікла ў чорным праёме. Тады я ў сваю чаргу прасунулася ў вузкае акенца, скрадаючыся, каб не шумець, выняла з кішэні загадзя падрыхтаваны пластылін і зняла з ключа, які застаўся ў замку, злепак. Задача была выканана.
Нішто не парушала абсалютнай цішыні вечара.
У мяне не было гадзінніка, і мне падалося, што прайшла вечнасць, перш чым Лёніха зноў паказалася ў акне. Тым самым парадкам мы вярнуліся ў Дабрацічы, я адразу пазваніла Толіку, каб у працэсе балбатні сказаць загадзя дамоўленую фразу: «Не, грыбоў зусім няма, але сёння я знайшла краснюк памерам з шапку». Вечарам Толік заехаў па адбітак і аб’явіў мне падзяку за добра выкананае заданне (ну, ці не казала я, што ў яго яўна пачалі праяўляцца замашкі гетмана?).
[19] Галінаў (абл.).