Мы перабягалі даліны, ныралі ў гушчавіну і прабіраліся хмызамі.
– Як Лёніха да гэтага хода спрычыняецца, во дзе загадка? – меркаваў Толя.
– Толік, во тут жа былі Дабрацічы, праўда?
Толік падняў галаву і разгледзеўся.
– Мусіць, так. Давай зарыентуемся: вунь, бачыш, пераезд, – ён паказаў рукой на беларускі бок, – вунь вялікі явар, а вунь…
Раптам ён моцна пацягнуў мяне за плечы, паваліў на зямлю, страшнымі вачыма і прыціснутым да вуснаў пальцам молячы аб цішыні.
– Памежнікі, – прамовіў ён бязгучна, і я ўціснулася ў траву.
Хлопцыпамежнікі ішлі ўздоўж паласы, мы чулі іх галасы. Сабака іхні заліваўся брэхам і, відаць, ірваўся да нас. Мы пачулі, як адзін з салдатаў са шкадаваннем сказаў:
– Зайца чует. Жаль, нельзя спустить.
Зваротны шлях у пустой цыстэрне быў трохі прасцейшым. Я нават знайшла такое становішча, у якім было магчыма стаяць, не танцуючы, і Толік даставіў мяне дамоў.
Праз паўгадзіны ў лесе, у яміне, якая засталася ад намі ж вырытай сорак год таму зямлянкі, мы з хлопцамі ўжо абмяркоўвалі становішча, якое склалася – як любяць выказвацца ў паведамленнях БЕЛТА.
Толік прыпёр металашукальнік. Мне ён нагадаў такі механічны пыласос. Яго трэ было ўключаць і насіць перад сабой, пры гэтым на корпусе гарэла чырвоная лямпачка і раздавалася пасвістванне. Калі Валік падсунуў пад лыч пыласоса старую іржавую кансерву, чырвоны агеньчык змяніўся зялёным, а пасвістванне – гудком.
– Рэагуе на чорныя і каляровыя металы; радыус ахопу – два метры, у тым ліку ў глыбіню, – каментаваў Толік, прачэсваючы паляну, на якой мы сядзелі. Далі на тыдзень. Такім чынам, што мы маем? Першае: цыдулу, дзе шукаць скарб – на правым беразе, супраць Кастамалот, супраць млына. Сёння мы з Алкай бераг агледзелі, ніякага млына стуль не відна. Трэба ехаць у Кастамалоты, каб разгледзецца на месцы. Гэта, як мінімум, зойме дзень.
– Ехаць не абавязкова, – сказала я. – Там жа зараз Зарніцкая, па тэлефоне можна пра ўсё даведацца. Больш за тое, яна нават можа з таго боку на бераг выйсці.
– Выдатна. Тады застаецца яшчэ разабрацца з дзвярыма ў склепе.
Толік расказаў пра іх Валіку.
– То, можа, пайсці да цёткі Мані ды спытаць наўпрост? – прапанавала я.
– Як ты гэта ўяўляеш? Невядома ж, якім чынам яна з гэтым звязана. Ці захоча яна ўвогуле з табой гаварыць? Да таго ж, яна глухая. Будзеш лямантаваць так, што ў Прылуках пачуюць… Не, гэта не пойдзе.
– Ну дык трэба за ёй сачыць, – сказаў Валік. – Была там раз, пойдзе і яшчэ, раней ці пазней.
– А што вы ўсе на мяне глядзіце? – абурылася я, добра разумеючы, чаму яны глядзяць.
– Улянка занятая, мы з Валікам на рабоце… Сачыць будзеш ты, больш няма каму.
– Only you… – з усмешкай вельмі прыгожа праспяваў Валік з інтанацыяй Прэслі.
Я толькі галавой пахітала. Прыкінуцца піянерамгероем і праседжваць дні ў засадзе на Лёніху?!
– Дык давайце ўзламаем гэтыя дзверы, ды й годзе! – прапанавала я.
– Ага, а Лёніха ці хто там яшчэ насцярожацца, стануць сцерагацца, сачыць у сваю чаргу, ды і выкрыюць нас. Не, так не пойдзе! Нам розгалас непатрэбны.
– А калі яна пойдзе туды праз месяц? Ці наогул не пойдзе?
– Ты пакуль сачы, а мы з Валікам заўтра ж можам пачаць пошукі. Шукальнік перавязем у цыстэрне і пакінем у схованцы… Часу толькі будзе вобмаль – пуцёўку на нейтралку заўжды выпісваюць ненадоўга. Але хоць так пакуль… Ці можна зараз жа пазваніць Зарніцкай?
Зарніцкая амаль не здзівілася пытанню, ці ёсць у Кастамалотах які-небудзь стары млын, але адказ яе для нас быў самым непрыемным: яна цвёрда сказала, што млына бліжэй чым за дзесяць кіламетраў няма, а і той стаіць не на Бузе: гэта вятрак у скансене ў Сямятычах.
Толік заявіў, што тады прыйдзецца за тыдзень абшукаць увесь бераг ад пачатку да канца Кастамалотаў, і трэба папрасіць Зарніцкую заўтра нам гэтыя пачатак і канец якнебудзь зазначыць. Не паспела я ўзяцца за тэлефон, як наша сяброўка перазваніла сама.
– Яна кажа, – данесла я да шаноўнай грамады, – што цяпер спыталася старую на вуліцы, дык тая кажа, што ў Кастамалотах на яе памяці млына ніякага не было, але ёсць нейкія палі, пра якія гавораць, што яны засталіся ад млына. – Я зноў загаварыла ў слухаўку. – Слухай, Лена, сёння дазнайся, дзе яны, а заўтра а… – я запытальна паглядзела на хлопцаў.