І я палезла. Азірнуўшыся навокал, я слізганула ў адчынены люк вадавознай цыстэрны.
У нейтральнай зоне шмат пашы, але зусім няма вады – да Буга падыходзіць нельга, – таму Толік на сваім трактары штодня возіць для кароваў ваду ў цыстэрне. Ідэя хлопцаў палягала ў тым, каб транспартаваць металашукальнік у гэтай самай цыстэрне і пры любой магчымасці шукаць скарб – то адзін, то другі сюдтуд бываюць на нейтральнай паласе па сваіх працоўных справах.
Ноччу, калі мы сустрэліся з Толем у лесе, я ўпрасіла транспартаваць у цыстэрне праз мяжу і мяне. Такая ідэя ўзнікла ў маёй авантурнай галавешцы.
Ідэя, падобна, цалкам ажыццяўляльная, бо Толік даволі хутка пагадзіўся. Як ён мяне запэўніў, памежнікі ўжо даўно не соваюць у ваду доўгі шост, што павінны рабіць па інструкцыі. Ад сілы яны калі-нікалі прасілі Толю адчыніць люк і кідалі нецікаўны погляд усярэдзіну. На гэты выпадак – пачуўшы грукат адчыняемага вечка – я павінна была даць нырца ў ваду і сядзець так доўга, пакуль хопіць дыхання.
А нават калі ж што якое, то я, як чалавек свабодны ва ўсіх сэнсах, маю права рабіць глупствы – сямнаццаць жа год не замужам! Словам, я ўгаварыла Толю, і ён за мной заехаў.
Вы ніколі не ездзілі праз мяжу ў вадавознай цыстэрне, прычэпленай да трактара? Рэкамэндую. Пасля гэтага дайвінг, рафтынг ды яхтынг губляюць палову сваёй прыцягальнасці. Курчова схапіўшыся за нейкую ручку на люку, адплёўваючыся ды танцуючы на слізкай акруглавыгнутай падлозе шалёную тарантэлу, каб утрымацца на нагах, я хутка перастала баяцца, што мяне выкрыюць памежнікі. У нейкім сэнсе, гэта ўжо падавалася выратаваннем. За тыя пяць хвілінаў, што трактар ехаў ад нашага дома да памежнага пераходу, я разоў восем была на валасок ад таго, каб утапіцца і ўжо не спадзявалася даехаць да месца прызначэння жывой.
Трактар рэзка спыніўся. Настала адрэзанаваная жалезнымі сценамі цішыня; праз некалькі стагоддзяў трактар зноў рушыў. Дзікія хвалі, без толку і ладу адбіваючыся ад сценаў, зноў заскакалі, накрываючы мяне з галавой. Калі яшчэ праь некалькі стагоддзяў трактар нарэшце зноў стаў і Толік выцягнуў мяне на божы свет ужо па той бок мяжы, выглядала я выдатна: прыгожага зеленаватага колеру, у валасах багавінне, босая і злая. Жывая рыба.
– Ну ты ўжо зусім! – толькі і змагла сказаць я. – Я ледзь дуба не дала! Усё ж такі ты чалавека вёз! І дзе ты браў ваду, у балоце?
– Ды я наадварот стараўся акуратна, – апраўдваўся Толік. – А вада – з калонкі, па інструкцыі. Гэта, мусіць, ужо на сценах нешта нарасло, – ён зняў з мяне нітку водарасцяў.
– Нішто сабе акуратна! – вада сцякала з мяне ручаямі, але ні пераапрануцца, ні выцерціся не было чым. Я калацілася ад холаду, але пад спякотным сонцам хутка прасыхала і сагравалася; разам з гэтым меншала і мая злосць.
Я азірнулася. Вось, нарэшце, я тут, куды столькі год прагна цягнуліся за шулякамі мае погляды. Тут сапраўды нешта не так, як з нашага боку. Няма раскіданых пластыкавых бутэлек і папераў? Не такі шум? Паветра не такое сухое і хвойнае, як у нас? Старая дарога шырокай пятлёй мінала балотца… З нашага боку такіх пакручастых дарог ужо не засталося.
– Ну, гэта першы і апошні раз! Галоўнае – дабраліся. Ты пасядзі пакуль тут пад ігрушай, – Толік гачком дастаў з дна цыстэрны мой абутак. – Я зараз да кароваў, а потым рушым на пошукі; ды раскажу табе нешта, у цябе настрой уздымецца.
Трактар, затохкаўшы, знік.
Грушкадзічка паблісквала глянцавымі лісткамі пад лёгкім ветрыкам.
Расліны паплавоў слаліся кілімам.
Я пільна азіралася. Нідзе нікога. Гук трактара аддаляўся. Сонца. Трапятанне глянцавых лісткоў грушы. Пустая ў абодва бакі дарога. Невялікая нізіна, за ёю – сцяна ракітаў і явараў, а там, я ведала, – Буг.
Які разліваўся паводкамі.
Праз які пераплывалі чаўнамі-крэпамі.
Па якім аднойчы плыў млын, а на млыне – певень.
Мне хацелася пабегчы да яго, да Буга, які быў богам для столькіх пакаленняў маіх продкаў.
Але паколькі Толік наказаў мне чакаць яго тут, я лягла на зямлю, заплюшчыла вочы і прыслухалася.
І раптам… Раптам гэта адбылося ў другі раз. Раптам я стала бачыць усё настолькі падрабязна, што ўжо не бачыла нічога цэлым. Травіна ля вока, яшчэ травіна. Бурачковае каліўца смолкі. Вецер. Глянцавыя лісткі дзічкі пад сонцам. Загудзела зямля – гэта недзе скачуць вершнікі. Якое паветра! Яно мае зусім іншы смак.
Уздрыгвае зямля – то вершнікі ўсё бліжэй. А гэты тапаток – гэта бягуць двое людзей, дарослы і хлопчык, якая цікавая шапка на дарослым – вялікая футровая круглая шапка, аж шырэй за плечы…
Затарахцеў трактар.
Паветра зноў набыло звыклы пах.
Усё скончылася, амаль не пачаўшыся. Трактар стаў ля грушы.
– Ну, уставай, – хутка загаварыў Толік, выскокваючы з кабіны, падхапіў мяне і некуды пацягнуў. – Планы трохі мяняюцца. Учора хадзіў на могілкі. У склепе сапраўды ёсць дзверы патаемныя за плітой. На іх замок складаны, адамкнуць я не адамкнуў, трэ будзе ключ дабраць. Зараз пойдзем да Буга, пашукаем, ці бачны дзенебудзь млын на тым беразе. Зробім выведку: агледземся, што тут і як. А яшчэ б добра было паспець схадзіць да могілак, паглядзець, дзе там выхад з падзямельнага хода. Пайшлі хутчэй, у мяне пуцёўка выпісаная толькі да чатырох.
Толік не даў мне наглядзецца на раку маіх сноў, як мне таго хацелася. Рыссю працягнуў ён мяне зарослым берагам; бы хорт на паляванні, ён шныраў ды нюхаў, каб разведаць як мага больш. Час ад часу ён вельмі лоўка ўзлазіў на дрэвы і аглядаў стуль мясцовасць, паднімаў паніклыя лапы бар’якоў, заглядаў у гушчавіны і раўчукі і рыў носам дзірван, намагаючыся як найлепш падрыхтавацца да метадычных пошукаў скарба. Папутна расказваў пра тое, што пабачыў у склепе.
– Калі там ёсць уваход, то павінна недзе быць і выйсце, праўда ж? Дзверы гэтыя новыя, нядаўна зробленыя, відна па ўсім. Найхутчэй, гэта ход праз мяжу, так? А калі ходам можна карыстацца, то наколькі нам будзе прасцей жыць, уяві. У любы час хадзі туды-сюды колькі хоч.
Я ўспомніла сваю паездку ў цыстэрне і цалкам пагадзілася з ім.