– Які яшчэ металашукальнік?
– Вайсковы.
– Аднак!
– Мы з Толікам вырашылі, без скарбу нам не выкруціцца, – патлумачыў Валік. – Грошы нам не лішнія. Трэба нешта рабіць. Хацелі пабачыцца, каб абмеркаваць план дзеянняў.
– Мне за малога сямсот даляраў за семестр плаціць трэба, а яшчэ трое падрастаюць…
– І гэта дарослыя людзі! – Улянка ўзялася за галаву. – Працаваць трэба, круціцца, уладу мяняць, а яны на скарб спадзяюцца… Несур’ёзна гэта!
– Сёння па радыё тое самае на Гарабца казалі. Несур’ёзны ідыёт. Займаецца дзіцячымі гульнямі. Не ведае жыцця. І што трэба працаваць. І не маяцца дурасцю.
– Вучаныя мы, вучаныя, – паківаў Валік. – Брыгадзір сыты рэальным жыццём па вуха. Колькі сябе помню, усё жыць вучылі. І вось палюбуйцеся, у якой мы дупе. Чаму не паспрабаваць?
– Дзе вы яго надыбалі, гэты ваш шукальнік?
– Гандзін брат у Южным служыць.
– Арцель «Напрасны труд».
– Отнюдь, як гавораць расейцы, – уставіла я сваё слоўца. – Я згодная з хлопцамі. Чаму ж не паспрабаваць? Я гатовая на гэта хаця б дзеля таго, каб зноў трапіць за паласу, я там была апошні раз гадоў у дзесяць, калі яшчэ нічога не разумела.
– Гэта інцярэсна. І як жа ж ты збіраешся туды дабрацца? Набіць на хадулі ласіныя капыты ці зрабіць падкоп?
– Хоць бы і пад… – і тут у мяне ў галаве прасвятлела. – А яго не трэба рыць! Ён ужо выкапаны без нас, і, думаю, я знаю, дзе ён.
Аповед пра тое, як Лёніха лазіла ў склеп, быў сустрэты хлопцамі з прыхаваным недаверам, а потым з непрыхаваным энтузіязмам. Ульяна ж аднеслася да майго паведамлення стрымана.
– Ну, не ведаю. Трыста разоў лазілі мы хлопцамі ў гэты склеп – памятаеш, Толік? – не было там ніякіх хадоў.
– Гэта гадоў сорак таму. А давайце з’ездзім туды зараз.
– І з транспарантам над трактарам: «Людзі! Мы едзем шукаць падкоп!» Куды ж цяпер, ды яшчэ такім кагалам! Трэба ціха рабіць… І так Лёніха сабе вочы прагледзела…
– Давайце я сёння схаджу сам, – прапанаваў Толік, – пагляджу, як што… А наконт таго, як трапіць за мяжу, то ў нас з Валікам ідэя такая…
На мяжы і за мяжой
Ці ведаеце вы, што такое мяжа? Тых, хто жыве на мяжы, вы пазнаеце заўжды.
У вачах іх туга.
Іх прастора ляжыць толькі на ўсход. З захаду – калючы дрот. Толькі шулякі вольна лётаюць туды і назад.
І дзядзька ў пінжаку колеру марэнга, у тамбуры, калі дызель падыходзіць у пэўным месцы да мяжы так, што на тры секунды відзён за мяжой куточак старога Кодэня, стане на дыбачкі і выцягне шыю…
І ў летні дзень, калі смуга спёкі пагойдвае на выдмах лазнякі, вам здасца – там, за калючым дротам, невымерная, нябачаная прыгажосць. Але трапіць туды няможна.
На тым беразе Буга Кодань з былым замкам Сапегаў, Кастамалоты з драўлянай царквой, збудаванай праз 16 гадоў пасля Берасцейскай уніі, Яблачынскі праваслаўны цудатворны манастыр… Засталіся за сталінскай мяжой. Не трапіш, не дастанеш. І дызель «Брэст – Уладава» да Уладавы не даходзіць, а запыняецца на гэтым беразе ў Тамашоўцы.
За мяжу, за калючы дрот і следавую паласу, у нейтральную зону, якая вабіць сваёй недасягальнай прыгажосцю, могуць трапіць па спецыяльных спісах толькі працаўнікі ААТ «Агравіталіка+». Там, у нейтральнай зоне, якая цягнецца кіламетровай палоскай уздоўж Буга, пасвяць агравіталікаўскіх кароў, сеюць жыта. Калісьці, калі мы яшчэ вучыліся ў школе, нас таксама туды пасылалі – зграбаць калгасную атаву. Тады, адзіны раз, я прайшла па тым месцы, дзе стаялі Дабрацічы раней. Мы, школьнікі, бегалі старымі садамі; смак пакаштаваных тады старадаўніх гатункаў дасюль у мяне ў роце…
З узростам гэтыя Дабрацічы, ад якіх не засталося знака, сняцца мне ўсё часцей. Касыя выразныя промні сонца, якія бываюць толькі ў сне, чорныя бярвёны сценаў, чорныя пералазы, чорная зямля… І мне карціць, карціць усё больш і больш трапіць туды яшчэ раз. Разгледзіцца. Прыслухацца.
Толік прыехаў, як і дамаўляліся, а дзявятай.
Для тых, хто праслухоўваў нашы размовы, мы абмяняліся некалькімі бяскрыўднымі фразамі і развіталіся. Выразна гледзячы на мяне, Толік запрашальна махнуў рукой: маўляў, залазь!