Запанавала ціша.
Выдра бясшумна вынырнула і зноў гэтак жа бясшумна нырнула.
– Ну…
– Я хачу… – адначасова прамовілі Улянка і Толік ды адначасова запнуліся. – Давай ты першая, – кіўнуў Толік.
– Ну што, – Улянка чамусьці ўздыхнула. – Прывітанне вам ад Тараса Слёзкі.
Хлопцы глядзелі на яе няўцямна; мне ж гэтае імя не было зусім незнаёмым.
У годзе, здаецца, дзевяноста шостым Тарас разам са сваімі паплечнікамі з УНСО прыязджаў на адзін з Чарнобыльскіх Шляхоў. «Ну што, сынку, дапамаглі табе твае шляхі?» – пытаецца Андрэй Хадановіч у сваім вершы; такое самае пытанне ў хуткім часе пасля таго задаваў Слёзку і ўкраінскі консул, наведаўшы яго ў турме. Было ды засталося незразумелым, хто тады прывёз унсоўцаў – нашы ці не нашы; яны ці правакатары з КББ перавярталі легкавікі. Аднак вечарам пасля Шляху ўкраінцаў злавілі ды пасадзілі на паўтара года, а Улянка, даведаўшыся пра гэта, пачала насіць ім перадачы, а потым, калі моц была прадэманстраваная і іх адпусцілі, пазнаёмілася з імі; Слёзка быў там за галоўнага. Цікава, што на гэтых падзеях ён нажыў сабе нявесту, і дадому пасля адсідкі паехаў ужо з ёй. Можа, зноў збіраецца прыехаць, гэтым разам на выбары?
Уляна коратка расказала хлопцам пра знаёмства са Слёзкам, дастала з кішэні згорнутую ў восьмую долю паперчыну і працягнула мне.
– Зможаш прачытаць? Не, не так, перавярні.
Толік і Валік зацікаўлена падсунуліся бліжэй.
Ад сонца застаўся на небе толькі ружовы пас, але гэтага святла было дастаткова, каб можна было разабраць напісанае.
Гэта была ксеракопія нейкага невялікага абрыўка паперы ці пергаміну, на якім віднеліся стараславянскія літары. Выцвілыя, шэрыя, напісаныя амаль без прабелаў і зусім без знакаў прыпынку літары:
«Напртів костомлот млыну, – павольна чытала я, прыглядаючыся, – направым березе як пагорок внорі поддубом карпусь покажэ»… Што гэта?
– Цыдула пана Трызны! – вымавіў Толік.
Улянка, зноў цяжка ўздыхнуўшы, кіўнула.
Пасля той памінальнай вячэры па бабулі яна, Уляна, палічыла нялішнім напісаць свайму сябру і калегу, такому пану Панамарову, які працуе загадчыкам аддзела старых актаў у Львоўскім архіве, ды папрасіць паглядзець пры выпадку, ці няма часам у іх нейкіх дакументаў, звязаных з родам ювеліраў Трызнаў? «Шчыра кажучы, ніякіх надзеяў на тое, што ён нешта знойдзе, у мяне не было, – расказвала Улянка, седзячы на траве, на беразе Копанага Рова. – У іх яшчэ не вядзецца кампутарны ўлік, архіў вельмі вялікі, перапоўнены, і знайсці там тое, што трэба, амаль нерэальна, а Панамароў заўсёды такі заняты… Я была вельмі здзіўленая, калі ён пазваніў мне праз тыдзень, каб дамовіцца, як – праз экспрэспошту ці праз правадніка – даслаць мне тое, што ён знайшоў. «Так хутка? – здзівілася я. – Як вам гэта ўдалося? – Пад руляй пісталета, – рассмяяўся ў адказ Панамароў. – Тарас Слёзка кіруе ў нашым архіве аховай. Ён выпадкам пабачыў ваш ліст у мяне на кампутары, і пасля літаральна тэрарызаваў мяне зброяй, аж пакуль мы з ім разам не пайшлі ў сховішчы і не выцяглі адтуль усё, што можа быць вам карысна. Ён перадае вам прывітанне!»
Карацей, яны даслалі мне добры стос ксеракопій – тэстаменты, пазовы, нават універсал Хмяльніцкага, дзе згадваецца прозвішча Трызнаў. Гэта была вядомая сям’я, кароль спецыяльным прывілеем даў ім дазвол гандляваць з Ганзейскім саюзам… Сярод іншага, там была і гэтая запіска».
– Дык чаму ж ты ўвесь час так цяжка ўздыхаеш? – спытаў Толік; ён аж свяціўся, нават глыбачэзныя маршчыны разгладзіліся.
– Бо цяпер вы абавязкова папрэцеся шукаць скарб пана Трызны, і я не змагу вас стрымаць. Трэ было проста не паказваць вам паперчыну, ды сумленне не дазволіла.
– А навошта нас стрымліваць?
– Бо шанцаў знайсці скарб Трызнаў няшмат, а клопату – прадчуваю колькі.
– Як то няшмат? Вось жа, напісана ясна: супраць Кастамалот, там паблізу, відаць, быў млын…
– А карпусь – гэта што? – улезла я.
– Карпусь – гэта мужчынскае імя. Карп.
– А млын, значыць, на правым беразе?
– На правым.
– Ну і што, перапорваць мы яго будзем, гэты бераг? Араць тваім трактарам? Ды і як туды дабрацца? Ён жа вунь, за мяжой, за дротам.
– Навошта араць? Заўтра нам прывязуць металашукальнік. Мы з Валікам якраз і хацелі вам пра гэта паведаміць.
– Што прывязуць?
– Металашукальнік.