– Ну дык што? Што цябе абурае? Што, ты лічыш, што яны не будуць пакараныя жыццём? – спыталася я.
– Як ты магла напісаць такое пра дзяцей? Пустыя вочы дзяцей! Ты, маці, якая страціла дзіця! Ёсць жа пэўныя межы, прынамсі, павінны быць! Дзеці – гэта табу. Ды я сама выжыла і душу захавала толькі таму, што вёска паставілася да мяне не як да дачкі асадніка, на якога, пакуль саветы яго не загубілі, усе працавалі, напэўна ж, за жменю жыта, а як да дзіцяці божага… Ды хто ты, каб так пісаць пра дзяцей? Як ты можаш такога жадаць каму б то ні было – пустых вачэй у дзяцей!
Маня адлупцавала мяне па поўнай. На нейкі момант я раззлавалася, але хутка адышла. У размовах з Марусяй я часта сярдую, але ненадоўга: усю хлёсткасць ды безапеляцыйнасць яе выказванняў пераважвае заўсёдная бездапаможнасць позірку вачэй за акулярамі ў тонкай залатой аправе.
Толькі я паклала слухаўку, як старая клямка дзвярэй варухнулася, і ў кухню, дзе я размаўляла, увайшоў Мішык Ярашышын.
– Здароў, Алка! Слухай, у вас тэлефон працуе?
– Толькі што працаваў.
– Можна, я пазваню? А то ў нас маўчыць, а на мабільным грошы скончыліся, як заўжды!
– Калі ласка, звані.
З далікатнасці я выйшла з дома, каб не перашкаджаць размове Мішыка.
Да вечара ў мяне з галавы не выходзілі Марыіны словы: няўжо ж я сапраўды маральны вырадак, які недалёка адышоў ад усіх гэтых ілгуноў ды мярзотнікаў, пра якіх я напісала ў «Нашай Ніве»?
Вы не выйграеце вашых выбараў
Хорст Дэйвід аказаўся хлапчуком з ільнянымі валасамі ды жалезнымі замашкамі прафесіянала. Ён паставіў мне ўмову: або я прыеду, каб завізаваць яго пераклад, або ён з гэтым перакладам прыедзе да мяне. Яму мусова мець менавіта мой подпіс, і ні электронная пошта, ні факс яго не задаволяць.
Я вырашыла з’ездзіць у Менск сама. Улянка, якую гарабцоўскі штаб прызначыў куратаркай па Брэсцкай вобласці, жыла цяпер у Дабрацічах, і за ёю следам паўсюль хадзілі два ахоўнікі моцнага выгляду – Саша ды Дзіма; у Брэсце ды на сустрэчах з выбарцамі па вёсках яны насцярожана трымаліся каля маёй сястрыцы, а ў Дабрацічах разнявольваліся, пераапраналіся і з энтузіязмам пампавалі ваду, палівалі гарод ды дрэсіравалі свінню (на трэці дзень ад пачатку заняткаў свіння знайшла свой першы баравік); у такой кампаніі сястра цалкам магла тут справіцца, а я вырашыла прагуляцца ў сталіцу. Пагляджу на сваё новае жытло, пабачу, можа, былога мужа. Абдумаю, нарэшце, удалечыні ад Дабрацічаў тое, што апошнім часам адбываецца паміж мною ды Толікам…
У Менск прыехала душным вечарам, у гадзіну, калі бледныя менчукі вяртаюцца з працы, а загарэлыя пенсіянеркі – з дачаў. Дзіка было глядзець мне на поўны люду дымны горад пасля прастораў Дабрацічаў. Дзіка было ў метро, дзіка было выходзіць на вытаптаную набярэжню Свіслачы і шукаць свой новы дом. Дом, праўда, быў не новы: пампезны сталінскі дом з ляпнінай, у духу часу, калі мільёны жылі ў беднасці надзеяю перасяліцца ў такі палац, даступны абраным, але ў які для падтрымання надзеі ў меншыя кватэры сялілі таксама трохі рабочых і пару прыбіральшчыцаў. Цяпер са сценаў сыплецца друз, а ў кватэрах спрэс еўрарамонты ды шклопакеты. Мая кватэра – на другім паверсе. Я расчыніла дзверы і спынілася на парозе. Зараз я зраблю маленькі крок, такі важны для ўсяго чалавецтва – нешта такое сказаў Армстронг на Месяцы? Зараз і я зраблю маленькі крок… Кватэра была з высокімі столямі, абадранымі шпалерамі і дзіцячымі малюнкамі на дзвярах. Антон – ці нехта іншы – перавёз сюды нашу мэблю. Яна стаяла кучай у адным з двух пакояў. На паліцах шафы ляжала мая бялізна. На паліцах лядоўні – пратухлыя прадукты…
Паглядзеўшы на неверагоднай прыгажосці лес плесні на кілбасе, я вырашыла, што сустракацца з Антонам не буду.
Гарэлка на дзверцы лядоўні не пратухла і не сапсавалася, толькі была вельмі цёплай.
Святло дня згасла паціху, ліхтарную гарадскую ноч я правяла на незасланым ложку і заснула раней, чым скончылася гарэлка.
…Дык вось, Хорст Дэйвід выявіўся высокім маладзёнам з жорсткімі манерамі прафесіянала ва ўсім, што хоць неяк датычыла яго працы. У астатнім – усмешлівы хлапчук з віхурай замест прычоскі. Мы з ім неяк імгненна пасябравалі, і ён папрасіў мяне паказаць яму Менск. Адмовіўся ад паездкі ў Мір – Нясвіж, на Лінію Сталіна, у Хатынь і на Курган Славы. Адмовіўся нават ад агляднай экскурсіі, якую я прапанавала замовіць у турагенцтве.
– А куды ж вы тады хацелі б паехаць і што пабачыць?
– Я б хацеў проста паглядзець горад. Пабачыць, як тут жывуць. Зразумець.
І мы паехалі.
Што б там Хорст ні намагаўся зразумець, рабіў ён гэта досыць дзіўным чынам: мы ездзілі па горадзе кругамі, штораз пашыраючы радыус спіралі. Пачалі, узяўшы таксі на Круглай ды аб’ехаўшы вакол помніка Перамогі, потым па Камуністычнай, Купалы, Ульянаўскай, Казлова, Машэрава, Пераможцаў, Леніна, Партызанскім праспекце, праспектам Дзяржынскага, Жукава, Алібегава, газеты «Праўда», газеты «Звязда»… Хорст распытваў пра будынкі, міма якіх мы праязджалі, калі бачыў новабудоўлі – выходзіў і пытаўся ў будаўнікоў пра цану квадратнага метра, мы хадзілі па шматлюдных рынках і пустых «гандлёвых цэнтрах», забрылі ў аўтасалон і ў ЗАГС… Хлопец размаўляў з гандлярамі і мінакамі, жаніхамі, падышоў нават да даішнікаў, што стаялі з радарам – пацікавіўся, колькі чалавек за сёння яны аштрафавалі… Таксіст, у якога лічыльнік даўно зашкаліла, быў у захапленні ад такіх кліентаў. Нарэшце выехалі на кальцавую. Тут было царства «катэджаў» – новых, у большасці недабудаваных вялізных дамоў. Тарасава, Ждановічы, Каменная горка, Зацань, Цнянка падступалі да шашы, як шляхта да караля на сойме: у найлепшай вопратцы, але з глыбока схаваным комплексам непаўнавартасці. У Цне Хорст папрасіў збочыць і правезці яго пасёлкам. Мне ніколі не даводзілася тут бываць, і я была проста прыгаломшана: тысячы і тысячы гектараў, занятыя вялізнымі палацамі і разбітымі дарогамі да іх. З вежамі і без, з чырвонай цэглы і прыроднага камення, з каванымі кратамі і магутнымі платамі вышэй за чалавечы рост… Каля многіх былі шыльдачкі «прадаецца» і кошты: 500 000 у.а., 600 000… Рэкардсменам выявіўся гмах вышынёй з Эверэст на беразе возера, за які хацелі атрымаць 1 000 000 у.а. Ля яго мы і прыпыніліся. Ад возера, пакрытага нейкай зялёнай сліззю, тхнула смуродам. Вецер уздымаў пыл на гравійцы, па якой мы прыехалі, і ганяў па зжухлай ад сушы траве пустыя пластыкавыя бутэлькі. Хорст накіраваўся да дома, а я не стала выходзіць з машыны – ужо ж мяне за пакупніцу дома цаною мільён ніхто не прыме…
Па дарозе ў аэрапорт гэты хлопец (добра, калі яму ўжо споўнілася дваццаць пяць) зусім упэўнена прыпячатаў:
– Вы не выйграеце вашых выбараў. Ваша праблема не ў тым, што за прэзідэнта галасуе большасць народа. Якраз не, відавочна, яны за яго не прагаласуюць, бо ў большасці людзей ёсць як пачуццё адказнасці, так і пачуццё справядлівасці. Ваша праблема ў тым, што ў вашай краіне толькі што ўтварыўся слой багатых паўуласнікаў, паўчыноўнікаў. Гэты вялікі колькасна пласт абсалютна амаральных – ці дэмаралізаваных – людзей, якія штохвілінна атрымліваюць вялізныя – ці як гэта ў вас гаворыцца – шалёныя грошы. Яны не пагодзяцца на рызыку страціць іх пры новай уладзе. Надта многа для іх на коне. І яны яшчэ не паспелі страціць пачуццё небяспекі. Гэта здарыцца пазней, з тлушчам і шыкам. А зараз яны выйграюць. Шаленства – смяротная хвароба, і вашае грамадства заразілася.
Прывітанне ад Тараса Слёзкі
Лёнішын позірк, якім яна, не адрываючыся, праводзіла нашую кавалькаду, быў пранізлівым настолькі, што я аж трохі занепакоілася, каб на нас з Улянай заўтра не выскачыла з калком каторая з жанок (Воля – жонка Валіка, Гандзя – Толіка; Гандзя працуе даяркай, а Воля – туалетавай бабкай у Брэсце; Гандзя вельмі гаспадарлівая, а ў вачах Волі заўжды відаць дабрацінскую тугу). Выскачыла ж на мяне з матыкай Аксанка, прычым у яе было нашмат менш падставаў – з яе Сяргеем я на рыбалку ня ездзіла.
А мы ехалі менавіта на рыбалку. Бясконца занятая Улянка – у апошнія дні яна спала не больш чым па пяць гадзінаў у суткі і амаль не перастаючы маталася па Брэстчыне – чамусьці прапанавала з’ездзіць на рыбу і неверагодна занятыя Валік і Толік, якія, здаецца, і начавалі ў сваёй Агравіталіцы чамусьці адразу і вельмі ахвотна пагадзіліся. Я дзівілася.
Мы прыехалі на Копаны Роў – маленькі прыток Буга, рэчачку, якая, насуперак назве, не была ні выкапана, ні выпраставана; тут не так шмат рыбы, як на азёрах рыбгаса, затое тут радзей ступае нага чалавека.
Вечар быў цудоўны. Дзякуючы крэму ад камароў.
На бухце, паміж вербаў, мы ўсе, акрамя Улі, закінулі вуды. Хлопцы яўна былі нечым збянтэжаныя, асабліва Толік.