– Ды нічога, гэта ўмоўленая фраза. Мы сустракаліся, калі ты прапала, разам цябе шукалі, – прашаптала яна.
Калі Толік уварваўся ў хату, Улянка была ўжо гатовая ў дарогу.
– Алка, што з табой было? – закрычаў ён мне з парога. – Дзе цябе насіла, мы тут не ведалі, што і думаць!
Я пачула ў яго голасе… У гэтым на дзіва моцным сёння голасе… Ай, добра, не будзем пра гэта. Мне падалося. Я ўжо старая.
– Толік, адвязі мяне на вакзал. Усё раскажу па дарозе, хадзем, каб не спазніцца. Усё раскажу, – Улянка пацягнула яго да выхаду.
Я зачыніла за імі дзверы, апусцілася на лаўку і нейкі час не магла падняцца.
Калаціла мяне хвілінаў дваццаць, пасля чаго я неяк скупілася і пайшла ў ванны пакой.
Адмылася, трымаючы загіпсаваную руку дагары, каб не намачыць.
Выцягнула зза лядоўні віскі. Адпіла з рыльца.
І тут знадвору пачуўся шум машыны.
Гэта быў Толік.
Я выйшла яму насустрач, каб прытрымаць сабак.
Але мы не пайшлі ў хату. Мы не пайшлі ў хату, дзе маглі быць напханыя жучкі, дзе нехта атруціў бабулю і я не змагла яе выратаваць, дзе стаялі і ляжалі тэлефоны, па якіх нас мог дастаць навакольны свет.
Толік моцна трымаў мяне за руку, і мы моўчкі пайшлі ўглыб начнога лесу.
Дзе серабрыстае святло месяца і глыбокія, як пустата, цені.
Дзе шаўковы мох і пясок.
Дзе сорак год таму мы рылі зямлянкі.
Дзе трыццаць год таму мохавыя каліўцы наліпалі на прахалодную скуру.
І кола часу замкнулася праз гэтыя трыццаць год.
Два алканаўты пад месяцовым святлом.
Рэбры палічыць ужо не так лёгка.
Наганяй ад Вайцяшонак
Голас Марыі ў тэлефоннай слухаўцы быў сумны. Яна без усякага імпэту гаварыла нешта пра свае дуброўкі ды гусялапкі, пра сёетое, але мне здавалася, што хоча яна сказаць пра нешта іншае.
– Ты чытала мой артыкул у «Нашай Ніве»? – спыталася я, патаемна спадзеючыся на пахвалу (я апісала ў ім свае прыгоды ў судзе і ізалятары, і сёння з раніцы мне ўжо тэлефанавалі некалькі чалавек знаёмых; пазваніў нават амерыканскі журналіст Хорст Дэйвід, калі я правільна пачула яго імя, папрасіў дазволу перакласці мой артыкул для сваёй газеты).
– Чытала, – з горыччу адказала мая Марыля. – Мяне ад вас, як ад скразняку, перакрыўляе ўжо! Не магу! Ну як ты датумкала такое напісаць! Ты, якая сама перажыла трагедыю?!
– Ты пра што? – атарапела я.
– Ну як, як з вамі гаварыць, колькі ўжо можна вас вучыць! Калі вы ўжо чамусьці навучыцеся?
– Ды пра што ты? – ніяк не магла я дацяміць.
– Ну як у цябе рука павярнулася такое напісаць: «І тых, хто ілжэсведчыць па судах, і тых, хто збівае нас у аўтобусах за танаванымі вокнамі, і тых, хто брэша з экрана тэлевізара – усіх іх пакарае само жыццё. Жыццё, якое заўжды справядлівае. Яны неадменна будуць пакараныя. Пляўком услед. Злаякаснай пухлінай языка. Пустымі вачыма іхніх дзяцей. Бясконцай нудотай душэўнай убогасці».
Марыя зрабіла грозную паўзу.