– Што гэта?
– Пастанова аб вашым вызваленні з ізалятара часовага ўтрымання згодна з артыкулам 234.3 у сувязі з новавыяўленымі фактамі, якія сведчаць аб памылковай ідэнтыфікацыі асобы.
– Ого! Ёсць, значыць, такі артыкул?
– Знайшлі.
Я прачытала пастанову і падпісала яе.
– Дзякуй вам.
Міліцыянт глядзеў на мяне з сумессю іроніі і сімпатыі на маладжавым голеным твары. Здаецца, ён мой раўналетка.
– Шустрая ты занадта, Анатолеўна. У наш час гэта мінус, – паківаў ён галавой, хаваючы лёгкую ўсмешку. – Можа, павячэраем сёння разам? Каб адзначыць гэты факт?
– З дарагой душой! А хіба вам можна сустракацца прыватным чынам з затрыманымі?
– Пасля таго, як яны вызваляюцца – калі ласка.
– Ну, тады не сёння вечарам, бо сёння буду адмывацца. Трохі пазней.
– Ясна. Адмывайся. Дарэчы, пра тваё вызваленне Сцяпан Фёдаравіч даведаецца заўтра з раніцы, сёння працоўны дзень ужо скончыўся, – і міліцыянт выйшаў, зачыніўшы за сабой дзверы.
Хутка мяне адпусцілі, і я выйшла на вуліцу перад ізалятарам, па якой яшчэ сёння раніцай сцяліўся туман, зацякаючы ў закратаваныя вокны турмы, а басаногі фурман і яго дачка везлі на кірмаш рыбу.
А цяпер вечаровае сонца грэла вялікія лісты старога платана ля ўваходу ў вязніцу, і праўнучка фурмана, прыціскаючы загіпсаваную руку да грудзей, не ведала, што рабіць далей.
Кола
Дадому дабралася на таксі – кіроўца сёмай па ліку машыны не збаяўся спыніцца, каб падабраць бруднае і раскалашмачанае пудзіла з загіпсаванай рукой.
Уляна, пабачыўшы мяне ў дзвярах, расплакалася ўголас: яна ў думках мяне ўжо пахавала.
Я, як магла паслядоўна, перадала ёй усё, што са мною здарылася.
– Яны на цябе палююць. Навошта ты ім – не ведаю, але яны цябе пасадзяць. Сыходзь у падполле – калі ведаеш, як гэта робіцца.
– Ведаць то ведаю… Паглядзім, што зараз рабіць. А ты… Ты мяне… Ты проста… Слоў не знаходжу… Залік, як кажа мая Ліна. Знаеш, за гэты твой учынак табе будзе выбачана многае. Але якія ж яны скаты!
Мы абняліся. Гарачы, жывы ток сястрынства прабег між нашымі счэпленымі пальцамі.
– І што зараз з табой рабіць? – задала рытарычнае пытанне Уляна, выцершы вочы. – Давай паедзем у Менск разам.
– Не, – адмовілася я. – Не паеду. Жывёлаў хто будзе карміць? Застануся тут. Буду сядзець дома, не вылазячы, пад апекай сабак. Раз мой Бабылёў кандыдатуру ўзамен за падатковыя льготы зняў, то мне ўжо ніц не бэндзе. Во ты цяпер… Галоўнае, табе самой у пастку не трапіць. Вось, скажам, як ты збіраешся трапіць у Менск? Цябе ж адразу заграбуць.
– Мо і не. Яны таксама не ўсёмагутныя. Вось жа ўчора прынялі цябе за мяне, а сёння не ведалі, што я ні ў якую Маскву не паехала…
– Дык гэта ж міліцыянты ў ізалятары не ведалі, а кабэбэшнікі заўтра ўсё будуць наскрозь ведаць.
– Значыць, трэба ехаць сёння, вось зараз, – рашуча сказала сястра і зірнула на гадзіннік. – Я яшчэ паспею на пражскі.
Яна падышла да тэлефона і набрала нумар.
– Толік, гэта я. Ну, здохла наша свінка. Можаш прыехаць зараз, каб закапаць яшчэ да ночы? Ага, ёсць. То добра, чакаю, толькі не затрымлівайся.
Я ўстрывожылася.
– Што з маёй свіннёй??