– Сапраўды. Ведаеце што, Сцяпан Фёдаравіч, не буду я з вамі супрацоўнічаць. Заводзьце крымінальную справу.
– Вы робіце вялікую памылку.
– Памыляюся – значыць, існую.
– Вам пагражае 12 гадоў турмы.
– Гэта вы мне пагражаеце дванаццаццю гадамі турмы. Але гэта не значыць, што я іх атрымаю.
– Атрымаеце, атрымаеце, не сумнявайцеся.
– Значыць, адсяджу.
– Якая вы смелая! Ваша смеласць прападзе, як толькі вы трапіце ў камеру, завяраю вас.
– О, дарэчы пра камеру. Я пакуль што адбываю адміністрацыйнае пакаранне, так? Вось і вярніце мяне назад у ізалятар. Больш нічога сёння гаварыць не буду.
Сцяпан Фёдаравіч яшчэ трохі пастрашыў мяне рознымі карамі, але нарэшце распарадзіўся адвезці назад, сказаўшы, што заўтра выкліча зноў, і параіўшы як след падумаць.
Як толькі мяне прывезлі ў ізалятар і прывялі ў камеру, я сказала канваіру, каб перадаў свайму кіраўніцтву, што я хачу зрабіць заяву. Амаль адразу ў камеру прыйшоў нейкі афіцэр, і я заявіла, што я – не я, а Бабылёва Ала Анатолеўна, у сувязі з чым не хачу адбываць пакаранне за іншага чалавека і хачу напісаць афіцыйную заяву, каб мяне выпусцілі.
– Як гэта вы – не вы? – разгубіўся міліцыянт.
– Ну так. Я – Ала Бабылёва.
– А чаму ж вы пра гэта не заявілі раней?
– Была ў шокавым стане. Цяпер прыйшла ў змыслы. Давайце мне паперу і асадку, хачу напісаць заяву.
– Тудыць цябе дваццаць! Чакай пакуль з заявай, зараз данясу начальству.
Міліцыянт сышоў, сказаўшы мне чакаць.
І я стала чакаць. Я разумела, што мяне могуць выпусціць, а могуць і не. Калі ім трэба было пасадзіць Уляну, то, мусіць, выпусцяць – навошта ім я. Калі, прыкладам, Улянка зараз дзенебудзь там на волі паднімае шум наконт майго знікнення і засвеціцца перад кабэбэшнікамі, то яе пасадзяць, а мяне могуць так і не выпусціць (бо я ж, нібыта, лаялася матам на спецназаўцаў); асноўны ж мой разлік будаваўся на тым, што міліцыя абсалютна не абавязана патураць кабэбэ і, як правіла, не робіць гэтага без прынукі. З фармальнага пункту гледжання, калі я – гэта не я, то пратакол аб затрыманні несапраўдны, а гэта падстава, каб аб’явіць несапраўдным і прысуд і выпусціць мяне – так я разважала.
Прыйшло ўжо трое міліцыянтаў.
– Хто можа пацвердзіць, што вы – Бабылёва?
– Тут у Брэсце – мая сяброўка Зарніцкая Алена Георгіеўна і мой знаёмы Копаць Фёдар, імя па бацьку не ведаю.
– Бабылёў Антон – ваш былы муж?
– Менавіта так.
– А Барысевіч Уляна – ваша сястра?
– Так.
– Дзе яна цяпер?
– Паехала па справах на тыдзень у Маскву.
– Чакайце.
Міліцыянты сышлі, вярнуліся ўжо ўпяцёх. Усе глядзелі на мяне з непрыхаванай цікавасцю, як, не раўнуючы, на нейкі балаган. Потым з’явіўся яшчэ адзін, з большымі зорачкамі на пагонах, і на рух яго брыва ўсе выйшлі з камеры.
– Падпісвайце, Ала Анатолеўна.