– Як гэта не будзеце? Вы абавязаны.
– Абсалютна не. Вы ж яшчэ не завялі на мяне крымінальную справу? Не завялі. Згодна з законам, я маю права адмовіцца не толькі падпісваць такую паперу, але і ўвогуле размаўляць з вамі.
Ён здзівіўся. Вырашыў паспрабаваць крыкам.
– Ды што вы сабе дазваляеце? Вы ўсведамляеце, куды трапілі? Тут і не такія, як вы, абломваліся!
– А вы ўсведамляеце, што размаўляеце з жанчынай, якая па ўзросце вам у маці падыходзіць? Чаму вы дазваляеце сабе крычаць на мяне?
Ён адкінуўся на спінку крэсла. Пагуляў жаўлакамі. Перамяніў інтанацыю.
– У вашых жа інтарэсах супрацоўнічаць, а не ісці на канфрантацыю.
– Я здольная сама паклапаціцца пра свае інтарэсы.
– Што вы так агрэсіўна настроены? Давайце лепш пагаворым мірна і канструктыўна.
– Рука баліць. Вашыя калегі ўчора пераламалі, калі затрымлівалі.
– Вас затрымлівалі спецназаўцы. Гэта не мае калегі. Мы з імі ў розных ведамствах працуем. Хочаце, я выклічу лекара, ён дасць вам болеспатольнае?
– Не трэба. Я гатовая вас выслухаць, але не буду нічога падпісваць.
– Ну што ж… Не хочаце, дык не хочаце… – ён трохі задумаўся, потым дастаў нейкую непразрыстую тэчку. – Вось тут, грамадзянка Барысевіч, у мяне ёсць заява аднаго грамадзяніна пра тое, што вы падбухторвалі яго да тэрарыстычнай дзейнасці, а менавіта да таго, каб атруціць водаправод у Менску…
Не вытрываўшы, я апусціла галаву на здаровую руку і застагнала.
Ён, мусіць, зразумеў мяне не так і заўважна ўзрадаваўся.
– Скажу шчыра, калі вы пагодзіцеся супрацоўнічаць, я гатовы, у сваю чаргу, не даць гэтай заяве ходу… Усё ж такі вы чалавек, здольны разважаць лагічна. Задумайцеся над маёй прапановай. Вы, мусіць, не зусім разумееце, з кім вы звязаліся. Гарабец – летуценнік, палітычны ідэаліст. Канечне, у яго ёсць пэўная падтрымка, але ён – размазня, не мае моцнай рукі, ня можа кіраваць людзьмі. Мы – мы – такога ніколі не падтрымаем, а без нашай – нашай – падтрымкі выбары яму не выйграць. Таму ў яго няма шанцаў. Такі чалавек як вы не можа не разумець: ваша барацьба бессэнсоўная. Вось, напрыклад, ваш родзіч, былы муж вашай сястры-алкагалічкі – ён паглядзеў на мяне выразна – ён зразумеў, што сеў не ў свае сані і злез з іх, зняў сваю кандыдатуру на карысць дзейнага прэзідэнта. Пры гэтым атрымаў налогавыя ільготы і права таргаваць гарэлкай. Паверце, мы належным чынам цэнім супрацоўніцтва.
– Пра якое супрацоўніцтва вы гаворыце?
– Вы добра ведаеце спадара Гарабца, многа часу праводзіце з ім і яго камандай. Ёсць інфармацыя, якая нас цікавіць. Не, я не маю на мэце нейкія там даносы – я ж разумею, гэта для вас непрымальна. Але калі б вы, скажам, расказалі мне, пра што ішла гутарка на яго сустрэчы з прэзідэнтам ЗША – ён жа, напэўна, расказваў пра гэта вам?
– Дык вы ж, здаецца, праслухоўваеце нашыя размовы, хіба не?
– Дык вы ж самі бачылі, як Саналееў знайшоў жучкі!
– Ну… так, сапраўды.
– Дык вось, мяне цікавяць размовы Гарабца з прэзідэнтам ЗША, канцлерам Германіі і…
Кабэбіст працягваў тлумачыць, чаго яшчэ ён хоча ад маёй сястры. Ён гаварыў роўна, гладка, упэўнена, а я ўглядалася ў яго твар. Антона, значыць, даціснулі… Ці, можа, ён з самага пачатку і задумаў усё гэта для таго, каб пагандлявацца і атрымаць нейкія выгоды за адмову ўдзельнічаць у кампаніі? Парознаму агітуюць улады: каго, значыць, у турму, а каму – налогавыя льготы, адно каб не заміналі… І вось гэта, канечне, крэатыў: заява грамадзяніна пра тое, што Уляна намаўляла атруціць водаправод у Менску! Няўжо ж сам прыдумаў?
– Чуеце, а навошта мне труціць водаправод?
Ён асёкся.
– Каб справакаваць масавыя беспарадкі, якія маглі б павесці да звяржэння законнай улады.
– А, ясна, прабачце, што перабіла. Прашу вас, гаварыце далей. Скажыце толькі, калі ласка, як вас завуць?
– Сцяпан Фёдаравіч.[18]
– І жонка ў вас ёсць?
– Гэта не мае дачынення да тэмы нашай размовы.
[18] Прыдуманая аўтарам асоба.