– Ну, казаў на Пілсудскага.
– Шо казаў?
Мужчына на хадзе нагнуўся да дзяўчынкі і пашаптаў ёй нешта.
Пачуўся яе смех.
Яны былі ўжо зусім блізка – можна дакінуць каменьчыкам. Я прыглядалася да твараў гэтых людзей, якія падаліся мне знаёмымі. Чорныя валасы, шырокія насы, ва ўсмешцы відаць няроўныя моцныя зубы…
Дзяўчынка нагнулася пачухаць нагу, і я заўважыла, што ў яе няма паловы мезенца на левай руцэ… Ды гэта ж… Ды гэта ж мая бабуля! Яна не раз расказвала, як дзяўчынкай сярпом адцяла кавалак пальца… Яна гэта, яна, вунь і пальцы на нагах яе, скрыўленыя! Гэта яна са сваім бацькам!
З-за рога выбегла растрапаная чарнявая жанчына; на руках у яе сядзела басаногае дзіцятка; разпораз яна павярталася назад і нешта крычала на гартаннай, нечуванай мной раней мове – сварылася з другой, нябачнай жанчынай, што падавала рэплікі зза плота.
– Тата, шо жыдоўкі крычаць?
– Сварацца. Адна адну ганіць, шо…
Дзверы камеры зарыпелі, адчыніліся. Я адрухова павярнулася на гук, і зараз жа зноў зірнула ў акно – але там ужо нікога не было. Ні дзяўчынкі, ні яе таты, ні жыдоўкі з дзіцём на руках… Зноў вырас асфальт на дарозе, зноў зашумелі машыны…
– Барысевіч, на выхад!
Па мяне прыйшоў той самы поўны маўклівы міліцыянт, што прымаў учора вечарам.
Я ўсё яшчэ трымала ў руках пластыкавы кубачак. Гарбата яшчэ не астыла. Уся відзежа працягвалася некалькі секундаў. Ці была яна наогул? Была, я не сумняваюся ў гэтым ні на каліва. Я насамрэч, ужывую бачыла ўсё гэта. Да мяне прыходзіла бабуля з тых месцаў, пра якія мы нічога не ведаем.
– Барысевіч, кажу, на выхад! Вы мяне чуеце?
– Так, чую. А куды на выхад, куды мы пойдзем?
– У КББ.[17]
– Вы жартуеце?
– Чаго гэта – жартую? Вас загадана даставіць у КББ, якія жарты.
– Можна, я вазьму з сабой чай і бутэрброды?
– Бярыце.
Па дарозе я падсілкавалася чаем з хлебам маладога міліцыянта. КББ у Брэсце месціцца на вуліцы Леванеўскага – старая польская забудова, цішыня, старасвецкасць. Мяне правялі ў кабінет 156 на першым паверсе.
Там мяне чакаў вельмі салідны, грунтоўны чалавек. Ён сядзеў за абсалютна пустым сталом, і цяжкая, пачэсная яго місія адлюстроўвалася на яго чале. Уласна, і на дзясніцы, а таксама на выі. Ён устаў мне насустрач і прапанаваў сесці, але не назваўся. Голас добра пастаўлены, прычоска – валасок да валаска.
Строгасцю афіцыйнай, і нават чалавечым сумам зацягнула твар.
– Уляна Анатолеўна, вы разумны чалавек, і добра разумееце, што трапілі ў цяжкае, вельмі цяжкае становішча. Вам пагражае крымінальная справа. Вы напэўна разумееце, пра што я.
– Абсалютна не разумею.
Гаварыў ён, вядома, па-расейску.
– Што ж, тады патлумачу падрабязней. Але спачатку падпішыце, – ён паклаў перада мной паперу.
– Што гэта?
– Гэта падпіска, што вы абавязваецеся не разгалошваць тое, пра што будзе ісці ў нас гаворка.
– Я не буду гэта падпісваць.
[17] Камітэт бяспекі Беларусі, прыдуманая аўтарам арганізацыя.