У мяне пацяклі слёзы, горла здушыла, і я нават не змагла падзякаваць хлопцу. Ён выйшаў.
Мала што ў маім жыцці так моцна на мяне падзейнічала, як гэты платыкавы кубачак з не вельмі гарачай гарбатай.
І калі чырвоная марынарка Зарніцкай, бясспрэчна, прывяла мяне сюды, у старую брэсцкую турму, то гэтая гарачая вадкасць, прынесеная маладым міліцыянтам, стала прычынай таго, што я з яе выйшла. І многага іншага, што адбылося потым.
Бо ў гэтай гарбаце ўвасобілася дабро.
Гледзячы на гэты кубачак ды абціраючы слёзы, я зразумела, што не магу адступаць.
Не маю права.
Што Бог не адвярнуўся ад гэтай зямлі.
І што я буду на баку Бога, а ня д’ябла – аж пакуль не здохну, дый потым таксама.
І страх знік. Страх, які пляжыў мяне яшчэ ўчора – страх перад спецназаўцамі і перад жыццём – прапаў у адно імгненне. Я больш нічога не баялася.
І тут да мяне прыйшла бабуля.
З кубачкам чаю я зноў падышла да акна.
Адсёрбнула.
Мяне трохі калаціла, балелі перабітыя пальцы.
І з маім зрокам нешта зрабілася: паступова я пачала бачыць усё настолькі падрабязна, што перастала бачыць прадметы цэлымі.
Старая цэгла сенаў. Шчарбінкі. Пыл на шкле адчыненага акна. Краты з тоўстага дроту. Асфальт на двары раптам паплыў, туман, які ішоў ад ракі, узмацніўся, недзе зніклі гукі горада – шум машынаў аддаліўся і сціх, і раптам я як бы вынырнула зпад вады недзе не там, дзе нырнула.
Не, я па-ранейшаму стаяла ля акна, у левай, непараненай руцэ трымаючы кубачак з чаем, але там, за кратамі, за адчыненым акном, усё перайначылася.
Змянілася паветра; туман развеяўся. Змянілася вуліца: знік асфальт, як бы нехта здзёр яго з зямлі; праступіла брукоўка. Аціх шум машынаў. Нашмат галасней загаманілі птушкі. Недзе калолі дровы, і гук разносіўся над вадой. Пахла дымам. Жаночыя галасы на невядомай мне мове даносіліся здалёк.
З-за рогу вуліцы выбег рудаваты сабака.
Паказаўся конь з возам. Ля воза, трымаючы ў руках лейцы, ішоў мужчына. Ён быў у марынарцы і кепцы і босы. Побач з ім ішла дзяўчынка, у хустачцы і таксама босая.
Я прыкавалася позіркам да гэтай пары.
Да каня.
Да воза.
Рудаваты сабака абнюхваў пыл на дарозе, скакаў ля плота.
Воз пад’ехаў бліжэй, і я пабачыла, што ён поўны рыбінаў. Агромністыя цёмныя самы ляжалі проста на сене, побач стаялі вялікія плеценыя з лазы кашы.
Дзяўчынка падняла галаву і паглядзела на вокны турмы. Нешта запытала ў мужчыны.
Гукі зрабіліся выразнейшымі, і я пачула мужчынскі голас.
– Не, Павал не тут, а аж у Бярозе.
– Тата, а чо яго пасадзілі?
– За палітыку.
– Як то?