– Встаньте! – сказала яна. – Производится судебное разбирательство по обвинению по статье 156.1 «мелкое хулиганство» Борисевич Ульяны Анатольевны. Суду предоставлен протокол об административном нарушении, согласно которому гражданка Борисевич нецензурно ругалась в общественном месте, приставала к прохожим, на неоднократные замечания работников милиции рядовых Шушко[15] и Почтивого[16] не реагировала…
Суддзя была ў чорнай мантыі, а пад сталом відаць былі сухія ногі чамусьці ў гумовых сланцах; пяткі вельмі падобныя на твар. Худы, чарнавокі, змазаны твар. Твар, як знерваваная, зласлівая і бездапаможная пятка. Рука балела так, што я ледзьве не крычала крыкам. Суддзя глядзела ў паперы.
Пачцівы таргануў мяне, каб я ўстала, ад гэтага ў паламаных пальцах успыхнуў боль, і я ўсё ж, не стрываўшы, ускрыкнула. Жанчына ў мантыі коратка глянула на мяне, на маю апухлую сінюю руку, якую я трымала, як дзіця, перад сабой, і працягвала:
– По делу имеются свидетельские показания рядовых Шушко и Почтивого. Объявляю приговор: 10 суток административного ареста!
Мокрае хлюпанне сланцаў пад сталом. That’s all. Дакументаў пры мне няма, у мяне чорныя валасы і чырвоная марынарка – гэтыя бандзюгі прынялі мяне за Уляну. Нягледзячы на маю апалітычнасць, я ведала: у гэтай выбарчай кампаніі арышт – тыповая мера агітацыі за Беларусь для народа.
Я перахапіла позірк аднаго са спецназаўцаў.
Можна, канечне, зараз заявіць, што я – ня Уляна. Можа, мяне нават адпусцяць. Але тады зноў пачнуць паляваць на сястру. Не, калі так, хай яна лепш застаецца на волі. Мусіць, муляе яна ім вельмі. Патрываю, ну не заб’юць жа яны мяне на самай справе!
Але страх рос у душы па меры таго, як Шушко валок мяне да аўтобуса. Аднак больш мяне не білі.
Спецназаўцы прывезлі мяне, як потым выявілася, у брэсцкі ізалятар, перадалі тамтэйшай ахове ды зніклі; шлейф мацюкоў растаў у прахалодным паветры.
Поўны маўклівы чалавек майго веку, ужо не ў чорным, а ў звычайным шэрым міліцэйскім адзенні (у званнях я не разбіраюся) запісаў мае звесткі ў амбарную кніжыску, паглядзеў на маю руку, якую я люляла, і зняў слухаўку.
– Лекара ў дзяжурную частку.
Лекар, немалады і таксама маўклівы, зрабіў мне ўкол, пасля якога боль сціх, потым два міліцыянты яшчэ звазілі мяне ў гарадскую бальніцу, дзе мне наклалі гіпс. «Я положу вам скотчпласт, он намного легче обычного гипса, вам так будет удобнее,» – прашаптаў мне доктар у прыёмным пакоі, чаруючы над рукой, і мы вярнуліся ў ізалятар.
Другі раз за жыццё я трапіла ў турму.
Я дабрыла да драўлянага памоста, які служыў тут ложкам, апусцілася на яго, скруцілася абаранкам і нечакана для сябе заснула.
Пахне чалавекам
Прачнулася на досвітку. Чырвоная цэгла сценаў, глыбокія аконныя праёмы; чырвоныя промні шасцігадзіннага летняга сонца ў мяне на клубах.
Я ўсё ўспомніла.
Паспрабавала паварушыцца, і цела адказала болем у розных месцах. Усё-такі ўстала.
Уляна цяпер, мусіць, месца сабе не знаходзіць, што я прапала. Хаця, можа, хто са штаба бачыў, як мяне заграблі? Гэта ж адбылося блізка ля іх офіса.
Я азірнулася. Неатынкаваныя сцены, нары, стол ды табурэт, прывараныя да падлогі. Унітаз. Ракавіна. Санаторый! А пахне, на дзіва, прыемна. Старой сыраватай цэглай, тынкоўкай, старым пылам, трохі потам. Можна сказаць, пахне чалавекамі. Можа, нават – чалавекам.
Я падышла да акна. Стаўшы на дыбачкі, мне ўдалося пабачыць частку двара, плот з такой самай, як сцены, цэглы, кавалак пустой вуліцы за ім, Мухавец. Ад ракі ўздымаўся тонкі туман, чуваць было, як у кустах на беразе пяюць птушкі. Плесканула рыбіна. Недзе блізка шумелі, праязджаючы, машыны.
Ну так, гэта брэсцкі ізалятар. Ён размешчаны ў старой турме, пабудаванай яшчэ ў тыя часы, калі горад са старога месца перанеслі на новае. Адзін з самых старых будынкаў Берасця.
Зарыпелі дзверы, і я азірнулася. У камеру ўвайшоў маладзенькі міліцыянт. Ведаючы, як патрабуецца паводзіць сябе ў такіх выпадках, я ўстала і назвала сябе: «Барысевіч Уляна!».
Ён трохі здзіўлена кіўнуў у адказ.
У руках у яго быў пластыкавы кубак з чаем і нейкія бутэрброды, прыгорнутыя ў аркушык, вырваны са сшытка ў клетачку.
– Вы хочаце есці? – спытаў ён мяне не па інструкцыі, і я зразумела, што вельмі хачу – ужо амаль суткі ў мяне скарынкі ў роце не было.
– Так.
– Вазьміце.
– Што гэта?
– Не бойцеся. Гэта з маёй ссабойкі. Ну, што мама дала з сабой на работу. А то ў спіс вас занясуць толькі сёння, дык ежу атрымаеце адно на вячэру. Паешце трохі, – і ён паставіў кубачак на стол.
[15] Прыдуманая аўтарам асоба.
[16] Прыдуманая аўтарам асоба.