Дзве маладыя жанчыны і хлопец, якія вошкаліся на гары, замёрлі, гледзячы на нас. Яны нічога не разумелі. Такое было з імі ўпершыню. Хлопец ацаніў сітуацыю першым. Ён падхапіў тэадаліт і кінуўся з гары ўніз. Жанчыны завішчалі і пабеглі за ім. Уся тройца ў імгненне вока забралася ў газік, які стаяў пад гарой, і машына з месца ў кар’ер стартанула. Я кінула ім наўздагон сякеру і амаль што трапіла (кіданне сякеры – гэта алімпійскі від спорту? – мяне можна было б паслаць на спаборніцтвы). Я засталася пераможцай і імгненна ў дробную шчэпку зніштожыла трафей – забытую паласатую вешку.
Улянка раптам павалілася на траву і зарагатала.
– Госпадзе, ты сапраўды вар’ятка! Ну што гэта такое? Хіба так можна? Ці ж яны вінаватыя? Іх жа сюды прыслалі!
– Дык што, трываць? А скулля! Затое зараз яшчэ добра падумаюць, перш чым зноў сюды перціся.
Я таксама прысела на траву, жменяй напілася з крыніцы, макаўка якой бруілася побач.
– Дык курва гэты Кукаль толькі што сказаў, што перадумаў тут будавацца, а сам ужо будаўнікоў прысылае! Не стрывала, і не шкадую. Шкадую толькі, што яго тут не было, у яго я б ужо пацэліла.
– Кукаль? Дзе ты яго бачыла? – насцярожылася сястра.
Настаў час піць кубак адказнасці, і я ўсё расказала.
– Не ведаю, ці правільна я сябе паводзіла. Калі б не гэты кляты алкаголь, мо мне ўдалося б больш даведацца…
Уляна задумалася.
– Ну, Алка, з табой не засумуеш, што так – то так. Думаю, табе няма ў чым сябе папракаць – усё і так зразумела. Калі праўда хаця б палова таго, што мы ведаем пра Кукаля – а я ўпэўнена, гэта ўсё праўда! – то нам тут прыйдзецца туга. Ён працуе на ўлады, улады працуюць на яго. А што нашы размовы запісваюць… От не думала, што мы такія важныя птушкі… Гарабца баяцца, а значыць, могуць і мае размовы праслухоўваць… Папрашу, каб са штаба да нас прыслалі спецыялістаў, і хай тут на месцы пашукаюць, што і як…
А Кукалю ў той дзень я была нават у нечым удзячная – дзякуючы яму, мы цалкам памірыліся з сястрой.
Чырвоная марынарачка
Уляна, занятая вышэй галавы, да таго ж, кепска сябе пачувала, па дакументы ў брэсцкі штаб Гарабца выправіла мяне.
– Зойдзеш па такім і такім адрасе, – вучыла яна мяне, моршчачыся ад болю і трымаючыся рукамі за жывот, – знойдзеш там такога Алеся Бакуновіча, скажаш, што ты – мая сястра, ён аддасць табе зялёную тэчку, прывязеш яе мне.
Я ўзяла пад казырок, нацягнула чырвоненькую марынарачку, якую мне прывезла Зарніцкая, і пабегла на дызель.
Злезла з цягніка на Палескім і пайшла ў выбарчы штаб Гарабца пешкі, уся ў сваіх думках. Не звяртала ні на што асаблівай увагі, аж пакуль на Куйбышава, калі да штаба заставалася літаральна два крокі, да мяне раптам не падскочылі двое малойцаў у чорным і, падхапіўшы пад рукі, зацягнулі ў аўтобус з цёмнымі вокнамі. Я не паспела і піскнуць, як яны грохнулі мяне аб падлогу.
Пераход ад поўнага сонечнага святла да цёмнай няволі быў занадта раптоўным.
– Сука, что, получила, бл…ь? Счас ка вп…ю, не встанеш!
Я падняла галаву, паспрабавала падняцца.
– Лежать, сука, бл…ь, на х…!
Хлопец у чорным, з надпісам ОСОБЫЙ СПЕЦНАЗ над кішэняй, дзелавіта з размаху ўдарыў ботам мне па пальцах правай рукі. Ад невыноснага болю я закрычала «не надо!», перакулілася, падцягнуўшы ногі, на спіну, затуліла руку.
– Что, сука, бл…ь, завертелась? Прощайся, бл…ь, с жизнью, на х…, п…ц тебе, – другі, перавёўшы затвор аўтамата, які ён трымаў у руках, зарагатаў і дадаў: – Сча вывезем тебя на полигон, будет тебе не надо, на х…, фашистка проклятая, б…ь, сука!
Аўтобус крануўся з месца.
У ашаламленні, лежачы на падлозе, знізу ўверх я паспрабавала разгледзецца. Спецназаўцаў было двое. Гэта былі хлопцы ва ўзросце, калі чароўнасць маладосці павінна праяўляцца напоўніцу. Але гэтага не было і блізка. Наадварот, ад іх целаў струменіў шал; ад цяжкага паху мяне калаціла, як ад холаду. Абодва як з аднаго кубла, падобныя тоўстымі шыямі, тлустымі тварамі, вялікімі целамі. Абодва абсалютна спакойныя і ўпэўненыя ў сабе і сваёй справе.
Рука налівалася нейкай вадкасцю, пухла.
– У, скотина!
Удар прыйшоўся па паламанай руцэ, і ад страху і болю я, на шчасце, адключылася.
Прыйшла ў змыслы, калі мяне некуды валаклі пад рукі. З цяжкасцю падняла галаву, пабачыла вывеску «Суд Фрунзенскага раёна г. Брэста», і зноў правалілася.
Потым з туману выплыла жанчына ў чорным, якую я буду памятаць доўга, нягледзячы на сваю слабую памяць. Грайчик Е. А., судья.[14]
[14] Прыдуманая аўтарам асоба.