– Так, але давайце спачатку скончым з адной справай. Давайце аддзяляць катлеты ад мух, – ён прыязна, па-сяброўску пасміхнуўся. – Я прашу вас, перадайце грошы Гарабцу. Я вельмі хацеў бы, каб ён перамог, і, упэўнены, ён здольны на гэта. Настаюць часы пераменаў – і мне не хацелася б быць ад іх убаку. Гэта, прынамсі, недальнабачна.
Ён гаварыў упэўнена і вельмі спакойна, і я яму паверыла. Я ўжо ўздымала руку, ужо смакавала, як з трыумфам перадам гэтыя грошы Уляне, як паквітаюся тым самым за недарэчны недавер да мяне, мае вусны ўжо выцягваліся, каб сказаць «ну што ж…», але мне памагло шанцаванне, якое часта выручае падобных да мяне недарэк.
Інтэр’ер кавярні быў упрыгожаны кавалкамі люстраў, якія паўсюль звісалі са столі і павольна павярталіся вакол сваёй восі. І вось у той час, калі я ўжо выпрастала пальцы, каб працягнуць руку, люстэркі на долю секунды сумясціліся так, што я сваім бакавым зрокам заўважыла ў адным з іх сілуэты мужчынаў, якія хаваліся за рогам. І я іх пабачыла. Нават зброю ў руках. Нават твары ў масках. Нават надпісы ОСОБЫЙ СПЕЦНАЗ[13] на чорных касцюмах. І я ўсё зразумела. Гэта была падстава. Засада. Мяне – дакладней, маю сястрыцу, давераную асобу Гарабца – падпільноўвалі. Можа, Кукаль падрыхтаваў фальшывыя паперкі, можа, у нас няможна фінансаваць выбарчыя кампаніі наяўнымі грашыма, калі ты толькі не займаеш пэўнай пасады, можа, у нашай краіне існуе закон пра тое, што даляры нельга трымаць у руках… І як толькі грошы апынуліся б у мяне, няма сумневу, тыя, хто хаваўся за рогам, выскачылі б і арыштавалі б мяне… Мая рука зрабіла над валютай крутую дугу і ўзялася за келіх.
– Ну што ж… можна мне яшчэ боўлю? – спыталася я, стараючыся пасміхацца не менш зычліва, чым мой суразмоўца. – Я магу толькі шчыра вам падзякаваць і перадаць майму даверніку пра вашу шчодрую прапанову. Прыняць рашэнне павінен ён. Думаю, што ваш ад’езд не перашкодзіць вашаму намеру. Вы можаце даручыць камусьці сустрэцца са мной яшчэ раз, а можна ж перавесці грошы на рахунак, адкрыты для кандыдата Цэнтравыбаркамам…
– Цяжкую спадчыну пакідае нам мінуўшчына, – пахітаў галавой Кукаль. Відавочна, ён зразумеў, што задума не ўдалася, але не губляў твару. – Вы чамусьці не верыце мне. Бачыць Бог, гэта ўжо залішняя асцярожнасць. Тым не менш, мая прапанова застаецца ў сіле. Хай спадар Гарабец патэлефануе мне.
– Я ўсё перадам.
– Што ж, давайце так і дамовімся. А цяпер наконт вашай сястры, – на твар набегла хмарка: чалавек рыхтаваў мяне да таго, што паведаміць пра сястру не вельмі прыемныя, але, на жаль, такія, пра якія абавязкова трэба ведаць, звесткі. – Ваша сястра шпіёніць за вамі. Яна працуе на свайго мужа. Вы ведаеце, што ён прыязджаў да яе? Вось тады ён і даручыў ёй гэтую справу. Яна запісвае вашы размовы і перадае яму. Вось паслухайце, – тут Кукаль уключыў невялікі магнітафон, які дастаў з кішэні, і я пачула запіс нашай з Улянкай учорашняй сваркі.
Слуп хрыбтовы адмовіўся мне служыць. Я адкінулася на спінку крэсла.
– Вы правільна зрабілі, што наганілі яе. У вас ужо былі нейкія прычыны, каб не давяраць ёй? – пацікавіўся ён, выключаючы магнітафон.
Я перабывала ў поўным ашаламленні. Усяго, што заўгодна, чакала я, толькі не гэтага. Значыць, у нашай хаце стаіць падслухоўвальная апаратура. Ад нечаканасці і слабаволля я была гатовая паверыць, што сама паставіла яе на даручэнне Антона!
– Адкуль у вас гэты запіс?
– Дазвольце не тлумачыць падрабязнасцяў. У мяне ёсць пэўныя магчымасці. Напрыклад, адзін з членаў штаба Бабылёва – мой чалавек.
Вока Кукаля бліснула, падалося мне, пагрозліва. Я адчула, што ў ягоным свеце я разумею яшчэ менш, чым звычайна. Чаго ён да нас чапляецца? Чаго ён хоча? А можа, ён ужо атруціў мяне? Сам прыняў супрацьяддзе, а я зараз капыты адкіну ад гэтага боўлю? Грошы, улада – у гэтых іерогліфах я разумею яшчэ менш, чым ва ўсіх астатніх, з якіх тут складаецца жыццё, а, здаецца, загрузла ў іх па самыя вушы… Як бы паводзіла сябе зараз Улянка? Што б зрабіла?
– Дарэчы, а адкуль вам вядома, што персікавы боўль – мой улюбёны?
– Я наводзіў пра вас даведкі, я ж казаў.
– Навошта ж вам такія прыватныя падрабязнасці?
– Цікаўны я. Дапытлівы. Мне хацелася як мага больш ведаць пра маю будучую чароўную мадам суседку. Ну, калі я яшчэ планаваў будавацца каля вас і ў выпадку, калі б вы ўсё ж не прадалі мне сваю дзялку.
У боўлі, як потым выявілася, атруты як такой не было. Але алкаголь, які там утрымліваўся, пачаў гуляць са мной у звычайную гульню. Эйфарыя і пахістванне. Вось як гэта называецца. Мммора мне стала рраптам па ккалена.
– Кукаль! – сказала я ўнушальна. – Няўжо ты лічыш, што я такая дура! Я веру сваёй сястры, яна не запісвае нашы размовы. І сваім мянтам, – я паказала на столь, а Кукаль ашаломлена падняў туды вочы, – скажы другі раз, каб лепш хаваліся. Бывай і ведай: калі ты ббудзеш стаяць на нашым шляху, ты моцна пашкадуеш! Можаш гэта запісаць на свой сраны магнітафон!
Я ўстала, і, стараючыся трымацца роўна, пайшла да выхаду. Кукаль раптам зарагатаў. Рогат біў мяне ў спіну, пакуль я не дабралася да дзвярэй.
Я скацілася па лесвіцы і выйшла пад моцнае сонца Брэста.
Шумеў кірмаш. Узбек прапанаваў мне купіць фінікі. У паліклініках у гэты ранні час бралі аналізы крыві, шумелі «ікарусы», лёталі па горадзе маршруткі. Госпадзе, дзякую табе, што ў мяне няма дзяцей! Мне проста. З мяне ўзяткі гладкі. Піць, не піць – вось самая вялікая мая праблема. А калі б былі ў мяне тры сынкі, і калі б спыталі: «Мама! Што ж вы такое зрабілі з гэтым светам, што за спадчыну вы нам пакідаеце?» – вось тады як бы я сябе пачувала?
Выціраючы п’яныя слёзы, а папраставала да Палескага вакзала, выпіла там яшчэ піва ў буфеце і адзінаццацігадзінным цягніком прыехала ў Дабрацічы.
Эйфарыя ды пахістванне змяніліся глыбокай тугой (мяне зразумеюць усе алкаголікі). Амаль дэпрэсіяй. Злосцю.
Уляна была ўжо дома (яна прыкаціла на сваёй новенькай «шкодзе»). На пагорку сноўдаліся нейкія людзі. Яны нешта вымяралі, расстаўляючы паласатыя тычкі і прыкладваючыся да вочкаў тэадалітаў. Я іх пабачыла яшчэ на падыходзе да дома.
– Ты дзе была? – спытала мяне сястра.
– Хто гэта? – спытала я яе.
– Мусіць, Кукалевы праектанты. Будаўнікі. Госпадзе, куды ты, стой! – і яна кінулася за мною.
Пры словах «Кукалевы праектанты» мая неакрэсленая злосць атрымала цалкам пэўных адрасатаў. У сенях у кутку заўсёды стаяла сякера, якой бабуля секла дровы. Я схапіла яе і моўчкі, слова не сказаўшы, кінулася на гару. Чырвоны шал засцілаў мне вочы. Улянка пабегла за мной. «Стой, спыніся, – крычала яна. Людзі на гары павярнуліся ў наш бок. – Уцякайце, яна вас заб’е! – залямантавала Ўлянка. – Уцякайце, гэта вар’ятка! Ратуйцеся! Спасайтесь!»
Відовішча было! Наперадзе жанчына ў чырвоным з сякерай у руках, з дзікай мордай. За ёй яшчэ адна, такая самая і таксама ў чырвоным, крычыць дзікім голасам «спасайтесь!».
[13] Прыдуманае аўтарам падраздзяленне.