Хто вывучыў новую мову – атрымаў новую душу. Гэтая чэшская прымаўка ўразіла мяне яшчэ ў тыя часы, калі слова душа лічылася такім самым непрыстойным, як слова дупа. Мяне навучылі новай мове і далі новую душу. Моя новая душа невядомая мне самой. Што яна часам вытварае… А мая старая душа? Дзе падзелася? Калі-нікалі яна дае пра сябе знаць: нечаканым жэстам, неартыкуляваным гукам… Не, яна жывая – бо душы не паміраюць, – але заціснутая ў куток… Туліцца недзе ў пятцы. Або ў апендыксе. Тут ва ўсіх новыя душы – у спажыўцоў і вытворцаў, дырэктарак, мужчынаў, маіх братоў-алкаголікаў, нават у сястры… І ў маёй ідэальнай сястры ў мезеным пальцы сядзіць, скурчыўшыся, старая душа. Як і мая, яна плача, бо старая. Бо наша мама ніколі не мыла ніякіх рам. І гэта пры тым, што мова маёй новай душы была мне ад пачатку зразумелая. А як пачуваліся душы індзейцаў? Бушменаў? Жыхароў, халера, вялікай чорнай Афрыкі?
Зазваніў тэлефон. Прыхапіўшы кубак з віскі, я падвялася з ганка, на якім сядзела і, поўная злосці на жыццё, якое ўяўляла не такім, пайшла ў хату.
Мужчынскі голас пытаўся Уляну Анатолеўну.
Мабыць, маё раздражненне пасля нашай учорашняй перапалкі і крыўда за тое, што яна хавала ад мяне свае справы, паслужыла прычынай: замест таго, каб проста патлумачыць, што сястра з’ехала і вернецца заўтра, я сёрбнула з кубка і бомкнула ў слухаўку:
– Я вас слухаю.
– Гэта вас турбуе Іван Кукаль, – энергічна і жвава азваўся мужчына. – Мне трэба з вамі сустрэцца, і па тэрміновых справах, у тым ліку і такіх, што датычацца непасрэдна вас і вашай сястры. Я маю што пра яе паведаміць. Я прасіў бы вас пакуль не гаварыць ёй пра нашу размову. Вы не маглі б заўтра прыехаць у Брэст?
Не ведаючы, чаму больш здзіўляцца – таму, што Кукаль пазваніў, што ён гаварыў па-беларуску ці таму, што ён хоча сустрэцца з Улянай, я, тым не менш, пагадзілася прыехаць заўтра раніцай у кавярню «На рынке».
Я сама сабе дзівавалася: яшчэ ніколі ў жыцці мне не прыходзіла да галавы выдаваць сябе за сястру, і абсалютна не разумела, чаму так трымала сябе сёння. Мо гэта мая старая душа праявіла сябе ў той вечар адным з характэрных сваіх рухаў? Як там гаварыў пан Бурульбаш: «Кацярына! Ты не ведаеш і дзясятай долі таго, што ведае твая душа!»
Мадам суседка
Кавярня «На рынке» сапраўды размяшчалася на кірмашы, на другім паверсе новага белага будынка, над шэрагамі рознакаляровых навесаў. Знутры сцены кавярні былі з прыгожай, падобнай да старажытнай, цэглы, і інтэр’ер нагадваў стары замак. У адрозненне ад замка, праўда, інтэр’ер быў мадэрнісцкім: шкляныя столікі, авангардныя крэслы, са столі звісаюць на ланцужках кавалкі люстраў і павольна паварочваюцца, пасылаючы на сцены сонечныя зайчыкі. Прахалода, напэўна, кандыцыянернага паходжання. Кукаль адразу выйшаў да мяне і першым працягнуў руку.
– Я должен извиниться и попросить позволения говорить по-русски, – сказаў ён найперш. – Я знаю мову, но, к сожалению, когда говорю по-белорусски, больше думаю о том, какое слово подобрать, чем о том, что мне нужно донести. Пожалуйста, – ён правёў мяне да століка ў кутку за калёнай.
Пасля ўсяго, што я пра яго пачула, я асабліва пільна ўглядалася ў моцны смуглявы твар з рэзка акрэсленымі рысамі – і не бачыла нічога непрыемнага.
Афіцыянт, прафесійны больш, чым можна чакаць у кавярні на кірмашы, адразу ж прынёс боўль, адкаркаваў французскае шампанскае, шыпучы струмень паліўся ў круглы празрысты кубак з залітымі белым віном персікамі.
Кукаль узняў келіх.
– За ваша здароўе! Дзякуй, што вы прыйшлі. Ну як? – спытаў ён, пакаштаваўшы. – Гэта ваш улюбёны, праўда?
– Праўда.
Кукаль адкінуўся на крэсле і ўскудлаціў валасы.
– Ведаеце, нават не знаю, як з вамі гаварыць, – ён усміхнуўся, і раптам ягоны твар зрабіўся іншым: мяккім. – Вы ж цяпер бачыце ўва мне амаль ворага, глядзіце недаверліва. А мне трэба развеяць ваш недавер, перш чым мы сёння развітаемся. Думаю, што з такім чалавекам, як вы, гэта магчыма толькі ў тым разе, калі я буду гаварыць максімальна шчыра.
Яшчэ ўчора я вырашыла кіравацца на гэтай сустрэчы старым студэнцкім выслоўем: памаўчы – сыдзеш за разумнага. Таму я маўчала, а Кукаль працягваў.
– Я дзелавы чалавек. Можа, трохі жорсткі, але без гэтага немагчыма весці справы. Я даручыў сабраць пра вас звесткі з тым, каб, шчыра скажу, знайсці магчымасць прымусіць вас саступіць мне ваш участак. Але тое, пра што я даведаўся, прымусіла мяне самога змяніць намер, – ён зрабіў паўзу. – Я адмовіўся ад задумы будавацца ў Дабрацічах і хачу перадаць вам грошы для выбарчай кампаніі спадара Гарабца, – трохі сцішыўшы голас, працягваў ён. Ён напісаў на сурвэтцы суму з чатырма нулямі і падсунуў мне. – Вось.
– Навошта вам гэта? – спытала я.
– Я патрыёт, – сказаў ён цалкам сур’ёзна і дастаў грошы. – Вы думаеце, я – без роду-племені? Мне Радзіма – грошы? Памыляецеся. Я ж зямляк спадара Гарабца – з Лагойшчыны, і мяне, між іншага, спехам навучылі рускай мове, калі прыйшла пара ісці ў школу – беларускай школы ў акрузе не было… Я заўжды спачуваў ідэям Народнага Фронту, хаця не заўжды – пры сённяшніх умовах, вы ж мяне разумееце – мог прадэманстраваць гэтую сімпатыю…
Гэткага павароту я не прадбачыла. Адна справа – нашы прыватныя адносіны, іншая – справа выбараў. Я ў гэтым не разбіраюся. Не Капенгаген. Ці ўзяла б Уляна грошы для Гарабца? Даляры, некалькі тоўстых пачкаў, перацягнутых гумкамі. Яны напэўна не былі б лішнімі. Калі я не вазьму, зраблю памылку? Тут жа сума немалая…
Кукаль падсунуў грошы да мяне.
– Хавайце. Такія сумы на сталах ляжаць не павінны. Нават калі ты сядзіш у кавярні, якая належыць табе.
– Я не магу ўзяць на сябе адказнасць, – прамямліла я. – Мне трэба пракансультавацца са спадаром Гарабцом.
– Калі ласка, вось тэлефон.
– Не, зараз я не магу званіць (бо не ведаю нумара! – падумала я). Давайце адкладзем гэта на заўтра.
– На жаль, заўтра я ад’язджаю на тры месяцы. Трэба вызначыцца сёння. Таму я і сказаў вам учора, што справа пільная.
– Вы яшчэ казалі, што хочаце паведаміць нешта пра маю сястру. Алу, – удакладніла я.