– Слухай, а цягнік, куды скочыла гэтая дама, быў куды? – спыталася я.
– У Маскву. Маскоўскі цягнік.
– А можа, на платформе ты бачыла што прыкметнае? Ну там, торбы з пінскім трыкатажам, скрынкі са смятанай, трамбоны ў чахлах?
– Ну так, – пацвердзіла сястра, трохі падумаўшы. – Менавіта торбы, скрынкі са смятанай і трамбоны. Ну, можа, і не трамбоны, але нейкія гітары помняцца.
На аўтавакзале прысесці не было дзе, і мы ўладкаваліся ля шырокага падаконня. Тут было трохі прахалодней, чым на вуліцы. У чаканні аўтобуса тут бавілі час мае землякі. Загарэлыя дзеці, загарэлыя жанчыны, загарэлыя мужчыны і загарэлыя старыя, часам з такімі глыбокімі вачыма…
Што за жанчына зачапіла маю сястру на вакзале? Што за новая загадка? Нехта палюе на мяне? Навошта? Каму я перашкаджаю?
Даніла Жукоўскі[12] некалі сказаў, што ў сваіх творах я не задавальняю чытацкага пачуцця справядлівасці, расчароўваю, не даючы спраўдзіцца натуральнаму жаданню бачыць, як дабро бярэ верх. Можа, і ў жыцці я кагосьці пакрыўдзіла ці расчаравала так моцна, што мне цяпер помсцяць?
Раптам Улянка тарганула мяне за рукаво.
– Алка!
Я пракінулася ад роздуму.
Яго твар мог быць прыгожым, але не быў ім. У ім не было агрэсіўнасці, але ён выклікаў страх. Хлопец рухаўся так, нібыта трапляў трохі не туды, куды хацеў, тым не менш было зразумела: ён прыйшоў да нас. Глядзеў праз нас, трохі пагойдваючыся ў гарачым паветры.
Улянка пацягнула мяне ў другі кут залы: «Гэта наркаман!» – прашаптала яна.
Праз хвіліну ён зноў быў ля нас; запалыя шчокі, цёмныя вочы і зноў пачуццё жаху.
Якраз абвясцілі пасадку на наш аўтобус, і мы хутка пайшлі да выйсця. Ён, рухаючыся, як у вадзе, ішоў за намі, але ў дзвярах затрымаўся і павярнуў назад.
Мы пераглянуліся.
– Гэта наркаман, – паўтарыла Улянка. – І я ведаю гэтага хлопца – ён сын Чароты.
Што гэта сын нашага дырэктара, я не ведала. А што наркаман – пабачыла адразу. Ці ж мне не знаць, я ж лячылася ад наркаманіі, і нават двойчы. Чаго ён хацеў ад нас? Мне падалося, што гэты напамін быў мне прысланы кімсьці адмыслова.
Аксанкі няма дома
Набраўшыся духу, я паехала да Аксанкі ў Страдчэ, каб пагаварыць; дарэмна хвалявалася – хата яе стаяла замкнёная, а суседка паведаміла, што Аксанка і Сяргей сёння на ўвесь дзень паехалі ў Брэст, а заўтра збіраюцца ў Менск, прычым надоўга – нешта ім трэ да дактароў. Так што прыйшлося вярнуцца дадому ні з чым.
А навошта ты?
Сёння мы пацапаліся з Улянкай.
Усё пачалося з таго, што ўва мне, ад страшнага жадання выпіць і поўнай немагчымасці зрабіць гэта ў прысутнасці сястры, з самай раніцы пачало нарастаць знаёмае любому алкаголіку раздражненне. Я агрызалася, буркала і шукала, да чаго б прычапіцца. Урэшце папракнула яе за тое, што яна ўвязалася ў палітыку, стаўшы даверанай асобай Гарабца.
– Палітык! Піжон! І ты такая самая. Навошта прэшся лбом на сценку? Думаеш, нешта зменіш? Навокал глянь, дурніца! Кіем гары не падапрэш! Тут усе такія самыя, як Тарас, ён – сама тое, што ім трэба.
Уляна таксама з раніцы была не ў гуморы, нешта яе, відавочна, турбавала, таму і павялася:
– І ты яшчэ смееш мне такое казаць? Ад каго – ад каго, а ад цябе не чакала. Навошта, пытаешся? А навошта, па-твойму, увогуле жыць на свеце? Навошта ты жывеш? Каб піць? Дык пі.
Слова за слова, і да канца дня мы стараліся не трапляцца адна адной на вочы. Я завіхалася каля жывёлы, яна сядзела на тэлефоне – у лёху, гэта было адзінае месца, дзе можна было зносіць спёку. Вечарам сястра холадна паведаміла мне, што ёй зноў прыйдзецца ад’ехаць, і ад’ехала.
З гордасці я не стала пытацца, навошта ды куды.
Затое вечарам я змагла выпіць.
Іншая душа
Я не ўмею размаўляць з людзьмі. Паміж мною і імі заўжды тоўстая сцяна з празрыстай ваты. Я не разумею нікога. Адны выбіраюць лімоны зпад споду кантэйнера і гадзінамі швэндаюцца па крамах з апранахамі. Другія пасылаюць першых у баню. Дырэктаркі. Мужчыны сярэдніх гадоў з жыватамі. Педагогі, ха-ха. Мае браты – алкаголікі. Моладзь, блін. Іх паводзіны прадказальныя. Вытлумачальныя. Але сэнс іх таемны. Іх жарты – пустая вада.
[12] Прыдуманая аўтарам асоба.