Навучаная досведам, я больш не тулілася ні да людзей, ні да ценяў – проста купляла выпіўку і надзіралася на самоце.
Чаму Антон не развёўся са мною тады? Тады гэта было б мне не так балюча. Я тады наогул мала што адчувала.
Час ад часу, з пляшкай у торбе, я кіравалася па вялікім коле: радзільня на Падлеснай, 2-я бальніца, Бараўляны, Паўночныя могілкі… Пад кожным плотам я выпівала па глытку. Аднойчы ў выніку заснула на той самай рашотцы гастранома ля другой бальніцы, на якой звалілася тры гады таму, у дзень, калі першы раз даведалася пра дыягназ дачушкі. І мяне зноў падняла Вайцяшонак – са сваім сабачкам, бы нейкі вартаўнік, яна абыходзіць менскія вуліцы, у тым ліку і дзеля таго, каб падымаць з бруднага снегу азызлых п’яных душагубцаў. Праз тыдзень яна ж адвезла мяне ў Навінкі. Там лячылі калі і не турэмнымі, то вельмі блізкімі да іх метадамі, бясплатна, мо таму я і выкараскалася. Адносна. Падвысіла свой статус: мяне перавялі з алкаголікаў у п’яніцы. Але за мной заўжды сочаць і, у прыватнасці, сочаць, каб дома не было алкаголю.
Але годзе ўжо, чаго гэта я кінулася ва ўспаміны? Навошта рваць сэрца? Усё пагашана попелам.
Брэст – Уладава
Раніца грала, свяцілася і ззяла. Управіўшыся па гаспадарцы, я пабегла на цягнік: мне хацелася сустрэць Улянцю. Яна ў той момант была недзе каля Баранавічаў – таксама цягніком ехала з Менска. Але мой цягнік іншы і лепшы. Ці так: быў лепшы да пэўнага часу.
Пасля таго, як Дабрацічы абкружылі дачамі і дзеля дачнікаў ля вёскі зрабілі прыпынак, я пазбягаю ездзіць на дызелі. Занадта цяжка нават для маёй таўстаскурай натуры глядзець на тое, у што ён ператварыўся. «До Добратичей», – просяць дачнікі білеты на вакзале; іх орды.
Дызель спрычініўся да несправядлівасці. Або няўмольнасці часу.
А я добра памятаю яго іншым. Ён ішоў з Дабрацічаў у вялікі свет, а потым вяртаўся. Да яго прыпынку трэба было доўга целяпаць лесам па чыгунцы. У яго вялікіх вокнах уставала або сядала сонца. У ім ехалі на працу або з працы прыбіральшчыцы, бальнічныя няні, рознарабочыя, грузчыкі, далакопы, пасудамыйкі, чыгуначнікі, дарожныя рабочыя (він робыть на шосі – з ухвалой гаварылі пра такіх) і вартаўнікі з электрамеханічнага завода, а таксама невялічкая праслойка эліты – касіркі, прадавачкі, афіцыянткі. На дызелі ў 9.30 прыязджалі з Берасця нашыя настаўнікі, і заняткі ў школе пачыналіся ў 10.00 – калі яны прыходзілі са станцыі… У выходныя на ім зрэдку выязджалі ў чыстай вопратцы ў горад паляводы і жывёлаводы, і часта прыязджалі да пакінутых бацькоў пажарнікі, слесары, шафёры ды міліцыянты ў невысокіх чынах. У гэтым дызелі гаварылі пра жыццё і смерць, да сталых людзей тут звярталіся «цётка» або «дзядзька», тут гулялі ў дурня, але не спявалі, а ў трэцім вагоне звычайна збіралася моладзь. А потым пра смерць пачалі гаварыць усё часцей, а пра жыццё – радзей, згубілася традыцыя трэцяга вагона, і аднойчы ў ранішнім дызелі я пабачыла, як дачніца разбудзіла дзядзькучыгуначніка, які спаў, выпрастаўшыся на лаўцы. Яна кратанула яго за плячо, і ён моўчкі сеў, трымаючы ногі ў парцянках у паветры, каб не запэцкаць аб падлогу, потым сунуў іх у чобаты, седзячы, прываліўся да акна і зноў заснуў. І тут нешта сталася з маім зрокам. Труной павапненай пабачылася гэтая жанчына сярэдняга веку – у светлым касцюме, чыста памытай і напарфумленай павапненай труной з нафарбаванымі вуснамі, налакаванымі пазногцямі, закручанымі хімічным спосабам валасамі. Я пабачыла гэта вельмі ясна.
Труна нават прабачылася перад дзядзькам: «Ведь очень много людей, – сказала яна, сеўшы. – Нету мест».
Я яшчэ не казала, што не люблю людзей? Папярэджваю пра гэта цяпер. І няўмольнасці часу не прызнаю. У купе з маёй мяккацеласцю (пры тоўстай скуры!) гэта не стварае выбухованебяспечнай сітуацыі. Але на ўсялякі выпадак трымайцеся ад мяне далей. Нас было нямнога – дабраціцкіх, заказанцаў, страчукоў. Наехалі людзі, і затапталі Дабрацічы, Заказань, Страдчэ. І мы сталі людзьмі. І я стала чалавекам у пэўным сэнсе, а мае дзеці, каб былі, – дык напэўна былі б людзьмі. І я не магу нічога зрабіць, але стараюся ня ездзіць дызелем, за выняткам рэдкіх выпадкаў.
Родная сястра і два вакзалы
Я трошкі спазнілася да прыходу цягніка. Улянка ўжо маршыравала на платформе. Павярнуўшыся на мой вокліч, яна засмяялася, і я засмяялася таксама.
Калі не лічыць маёй кульгавасці, усё жыццё нас ідэнтыфікавалі толькі па вопратцы, бо апраналіся мы па-рознаму. Я падбельвала доўгія валасы, а Уляна – коратка стрыгла і падчарняла, я заўсёды насіла лятучыя спадніцы, шырокія нагавіцы, сукенкі фантазійных сілуэтаў і выбірала пастэльныя, аморфныя, тонкія колеры – пясковы, зялёнкавы (як грыбы зялёнкі), бэзавы, а характар сястры патрабаваў акрэсленага малюнка, простых ліній і яркіх колераў: чырвоны, блакітны і яркафіялетавы, які Марыя Вайцяшонак называе юлёвым, былі яе ўлюблёнымі.
І вось сёння, не згаворваючыся, мы перайначыліся, памянялі полюсы.
Чырвоны касцюм Зарніцкай красаваў на мне: ён так прыцягальна патыхаў пунсовым шанцаваннем, упэўненасцю, спраўнасцю, што, хіхікаючы, я вырашыла прычыніцца да ўсяго гэтага, звязанага з чырвонай апранахай. Спачатку, праўда, мне было ў ім ніякавата, але калі перафарбавала валасы ў крумкачова-іспанскі чорны (з прычыны чаго і спазнілася на вакзал, затрымалася ў цырульні), то адчула сябе іншым чалавекам.
– У мяне замок зламаўся, не магла дамоў трапіць, – аглядаючы мяне, патлумачыла сястра, – прыйшлося ў тваёй кватэры пераначаваць, ну і пераапранулася ў тваё. А ты з чаго так выстраілася? Але, перш за ўсё, як ты сябе пачуваеш? Ці гаварыла ўжо з Аксанкай?
– Не, не гаварыла, – я пачала адказваць паводле ступені важнасці. – Рана амаль не баліць. А касцюм я пазычыла ў Зарніцкай. Ты бачыла Антона?
Уляна ўзяла мяне пад руку, і мы пакрочылі па пустой платформе да моста.
– Не. Кватэра добрая, вялікая, – сястра расказвала пра новую кватэру, якую купіў мне Антось і якую я сама яшчэ не бачыла. – Там, праўда, пакуль усё стаіць у адным пакоі, купай. Антон так і не з’явіўся, у яго шмат клопату. Здаецца, ён ведае, што робіць. Не перажывай. Пра яго мы пагаворым асобна, а зараз я табе раскажу пра тое, што адбылося вось толькі што. Я выйшла з цягніка, стаю, гляджу, дзе ты, раптам мяне аклікаюць: «Вы Ала Бабылёва?» Аглядаюся. Нейкая маладзенькая, даволі сцярвознага выгляду, фарбаваная; не чакаючы адказу, працягвае. «Вы мяне не ведаеце, але гэта не важна. Я проста хачу папярэдзіць вас, каб вы асцерагаліся. Вам пагражае небяспека,» – развярнулася, і ходу. Я за ёй. «Стойце, стойце, хто вы? Якая небяспека? Патлумачце». Яна: «Хто я – абсалютна не важна. Але запомніце: трымайцеся далей ад Антаніны Длускай» – ці Глускай, я не дачула, а дзяўчына амаль на хаду ўскочыла ў цягнік, – і знікла.
– Длускай ці Глускай? А хто гэта?
– А я ведаю?
Мы спыніліся. Сонца залівала роўным святлом пыльную, пустую ў гэты час платформу, а вакол нас зноў нацягвала цемрай.
– Заўваж, гэтая незнаёмка прыняла мяне за цябе – я ж у тваёй сукні. Значыць, яна цябе ведае, і, значыць, ты мусіш ведаць яе. Прынамсі, ты павінна была б яе бачыць.
– Раскажы яшчэ раз, як яна выглядала?
– Ды ніяк, – паціснула плячыма сястра. – Гадоў можа якіх трыццаць, рыжая, фарбаваная, з такой, ведаеш, стандартнай фігурай, сярэдняга росту, твар досыць непрыемны.
– Ні пра што мне не гаворыць такое апісанне, – паціснула плячыма і я.
Мы перайшлі пешаходны мост і старасвецкімі вулачкамі пайшлі да аўтавакзала. У дымцы ішло па небе сонца, рабілася горача, дух горада лунаў над намі. У 1596 годзе, калі сэр Фрэнсіс Дрэйк аблажыў Р’ёачу, бацькі горада Берасця былі заклапочаныя набыццём новага вежавага гадзініка для ратушы і забеспячэннем парадку ў сувязі з тым, што ў горад на царкоўны сабор з’ехалася занадта многа грамадзян, занепакоеных пытаннямі веры і блізкай да яе палітыкі. Не ведаю, як і наколькі пацярпела ад аблогі Дрэйка Р’ёача, а Берасце не захавала з таго часу ніводнага каменя. Ні ратушы, ні вежы, ні стрэлкі ад гадзінніка. Але дамы і дахі сцертага Расеяй з зямной паверхні старога міста Береста пад гэтым летнім дымным сонцам нейкім дзіўным чынам працягвалі жыць і дыхаць – мне здавалася, я адчувала гэтае прывіднае дыханне.
Але і новы горад дыхаў. На цагляным плоце былой гімназіі імя Траўгута, а ноне педуніверсітэта імя Пушкіна чарцёжным шрыфтам, метровымі літарамі красавалася:
Ніхто ў сценку галавой не біўся. Дамы ў лёгкіх шаўковых сукеначках, студэнтачкі ў джынсіках, парэзаных у пікантных месцах, брытагаловыя здаравякі сноўдалі вакол, пасміхаючыся, пакуль побач не спынілася міліцэйская машына. Адтуль выбраўся сур’ёзны чэл з пэндзлем і ўзяўся зафарбоўваць спакуслівы надпіс.