— Так точна! — адказаў Грышка па-салдацку, зусім не жартуючы, бо адчуваў, што рухі пачынае скоўваць тая сабранасць, з якою адыходзіў некалі на баявое заданне.
— Попытайтесь, — дазволіў чалавек. Відаць, гэта быў нейкі начальнік, якому даручылі быць камандзірам у барацьбе з паводкаю, — на гэта паказвалі ягоны сур’ёзны, строгі голас і ўменне распараджацца; адзенне таксама, канешне.
Грышка сеў за рычагі, крута развярнуў бульдозер, згарнуўшы гусеніцамі ў кучу гразь, — паехаў: ручнічком дарога! Усе бачылі, як ён збочыў з гравійкі на ўзлобак, паддаў газу, пусціўшы ўверх чорны дым, у які на нейкае імгненне трапіла варона, што павольна пралятала міма; праз нейкую паўсотню метраў бульдозер нырнуў за ўзлобак, акурат кульнуўся ў прорву; пачуўся натужны роў матора — мабыць, нож уклініўся ў зямлю і цяпер раздзіраў яе, рассоўваў на бакі. Кабіна над узлобкам яшчэ не вытыркалася, і таму ніхто не мог бачыць, што твар у Грышкі быў спакойны і засяроджаны; ад таго, што напружваў рукі і пільна, да болю ў вачах углядаўся, на шчоках хадзілі жаўлакі, а лоб пакрыўся дробным выпатам. Грышка ў гэты час ні аб чым не думаў, сцяўшыся, глядзеў на ўзлобак, за якім злою сілаю прытаілася вада. Вада... Якая яна ўсягды ласкавая, жаданая, надта пасля дарожнай пылюкі, а цяпер вось — небяспечная, падбірайся да яе, як да ворага. Грышка аж здрыгануўся ад думкі, што зняцяйкі іголкаю кальнула пад рэбры: «А што — калі?..» Не за сябе спалохаўся, дома ў яго засталіся сын і дачка — адзін пад адзін, зусім малыя, і бязбацькавічамі ім расці будзе вельмі ж не соладка. Грышка раптам уявіў іх яшчэ слабенькіх, бяспомачных, як толькі нарадзіліся, — зморшчаныя, смуглыя, з няцямлівымі, пад пухлымі вочкамі; адно тыдні праз два тварыкі пасвятлелі, гэтак жа, як і галоўкі, ды ўсё роўна было знаць, што валасы будуць кучаравіцца, а вочкі, спярша ў абаіх сінія, у Лены неўзабаве пацямнелі, а ў Мішуткі, здаецца, і застануцца сінімі, акурат у яго, Грышкі...
Грышка разумеў, што расчульвацца зараз зусім-зусім не варта — гэта пашкодзіць яму, адбярэ пільнасць, без якой наўрад ці зможа асцярожна зрэзаць узлобак, — і ён стараўся, як мог, адганяў ад сябе гэту здрадлівую думку... І тут нечакана ўбачыў белую чайку, яна зусім блізка праляцела каля бульдозера; схіліўшы чорную галаву, глядзела ўніз — здалося, проста ў кабіну, — акурат пыталася: «Чалавеча, над чым гаруеш — такое вакол прыволле?» Грышка не ўсачыў, як думка выскачыла з яго галавы, і болей не варочалася, быццам чайка, падчапіўшы яе крылом, як павучыну, знесла наўсягды.
Грышка перахітрыў ваду — тады, як засталося, можа, адзін раз штурхануць бульдозерам, ён выехаў з прарытае ім гарлавіны, зноў узгробся на ўзлобак і скрышыў нажом перашыек зямлі. Вада рэзка ўдарыла ў праход — і белы ад пены язык, крута расплываючыся, папоўз на лугавіну...
Тым часам, як Грышка змагаўся з вадою, на гравійку апусціўся верталёт; з яго вылезла некалькі чалавек у даўгіх брызентавых накідках, і цяпер яны кіраваліся да ўзлобка — настрэч бульдозеру. Грышка заглушыў матор і вылез з кабіны. Высокі чалавек (ён ішоў паперадзе усіх) з прыветлівым, дабрадушным тварам, усміхаючыся, падаў Грышку цёплую руку, поціск якой аказаўся па-мужчынску дужы і надзіва працяглы, нешта яшчэ сказаў, але Грышка, збянтэжыўшыся, не ведаючы, на каго глядзець і каго слухаць, не пачуў. І толькі потым аж увечары, ён дазнаўся ад сяброў-таварышаў, што яго віншаваў сам Пётр Міронавіч Машэраў. А крыху спагадзя пасля гэтых падзей-людзей Грышка прачытаў у газеце Указ: «...за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе са стыхіяй, узнагародзіць ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ПРУЦІКАВА Рыгора Мацвеевіча...»
Тады, помніцца, як з’ездзіў у раён, дзе сакратар райкома партыі прышпіліў яму ордэн, Грышка з радасці кульнуў добрую чарку; радасны, узбуджаны, ён не мог справіцца з пыхаю, што раптам узыгралася ў ім з крутою сілаю, і заявіўся да Родчанкі проста ў кабінет. Родчанка аж адхіснуўся — столькі парыву было ў Грышкі, калі ён пляснуў на стол ордэн.
— Глядзі, сабака, які я нягодны трактарыст!!! — Ні слова больш не сказаўшы, забраў ордэн і павярнуўся спінаю да старшыні; ужо на вуліцы зноў прышпіліў яго на грудзі.
Дзён праз пару Родчанка прыязджаў да Грышкі сам, упрошваў вярнуцца ў калгас, суліў самы лепшы трактар — можа, ордэн прамыў яму вочы ці, хутчэй за ўсё, прыгнала старшыню тое, што ў калгасе не стала хапаць механізатараў; а можа, і зусім падумаў Родчанка, што нейкі Грышка Пруцікаў — пылінка для яго, каб ісці з ім на зацятасць, дрыжаць за свой гонар. Так ці іначай, але Грышка не прыняў старшынёвых упросаў — нават тады, калі ўжо абрыдла ездзіць кожны дзень у горад, ён перавёўся на смалакурню. «Раз я нягодны — нечага да мяне патыкацца!..»
І цяпер, седзячы з Міротнікавым на дубовай туніне плячо ў плячо і з болем прыгадваючы тое даўняе з Родчанкам, Грышка пакутліва думаў, што і праўда яно так: людзі не могуць поразь, рана ці позна стыкаюцца, якія б яны чужыя ні былі, дзе б яны ні рабілі, у якіх бы дамах ні жылі, бо ва ўсіх у іх пад ботамі зямля, як той асінавы злом для розных птушак, мурашоў ды казюлек... Толькі яму не падабалася, што ён як быццам калі не на пакору ды мір ішоў, то ўсё ж утаймоўваў, не распальваў у сабе злосць, ці што, на людзей, якія, бачыў, так яра пнуцца паставіць на сваім — несправядлівым ці нават брудным.
Злаваць — кроў псаваць; і ён проста пагарджаў імі — без крыку і лаянкі, убіваючы сабе ў галаву, што не трэба так, як яны, рабіць самому, іменна яму самому, акурат у ім здаўна жыла вера, што толькі так ён зможа адкалоць сябе ад гэтых людзей. Але — што яго і бадзёрыла — гэта аніяк не было ціхае прымазванне, гэта была ўсё ж барацьба, мабыць, не столькі ім зразуметая, колькі выкрасаная з душы нутраным чуццём, якому ён не мог загадаць, як і не мог кіраваць ім, іначай, думалася, чуццё гэта прытупіцца, сціхне, а то і зусім счэзне. Грышка — нешта яму падказвала, можа, тое загадкавае чуццё — проста бярог сябе, бярог, як ні дзіўна, раздзіраючы-кроячы сваю душу тою няшчаднасцю да сябе, суд якой чысцей за ўсе астатнія чалавечыя вымудры.
Грышка быў рады, што Міротнікаў не зашкодзіў яму пасядзець-паразважаць, успомніць, як і збіраўся, ідучы сюды, на бераг начнога Сажа, можа, нават у нечым памог, зачапіўшы ў душы тое хліпкае, што зныбела ледзь-ледзь і задрыжаць якое на поўную сілу мог прымусіць адно чужы дотык. Грышка гатовы быў падзякаваць Міротнікаву, што той пасядзеў з ім, бо ўсё-ткі, як ні кажы, вусцішна аднаму ў цемры глядзець, бы ў рай які, у залатое глыбокае скопішча зорак, ажно кружыць галаву і мроіцца — зараз нейкая чарадзейная сіла падніме цябе і пацягне ў глыбіню, адкуль ужо не будзе звароту назад, а апошняю, факт, мільгне думка: «Як шкада, шкада, хоць плач, разлучацца са светам, людзьмі, так мала зрабіўшы, але і паправіць нічога ўжо нельга...» Раптам у вадзе чырхнула роўная белая палоска, і Грышка з Міротнікавым пераглянуліся — гэта метэарыт, праляцеўшы па небе, адлюстраваўся ў Сажы... А можа, той прышэлец з космасу, пра што цяпер часта пішуць і гавораць? Ды ўсё адно добра, падумаў Грышка, што і Міротнікаў убачыў яе, гэту як адлінееную палоску, — знаць, і ён не проста сядзеў так, а глядзеў у глыбіню, якая, калі доўга на яе глядзіш, усягды наводзіць на сумныя думкі, у якіх часцей за ўсё і родзіцца святы чалавечы боль. Грышка нават не прымеціў, як стала лёгка яму ўсяму, быдта свежасць ад Сажа, ад матавай у расе зямлі, акрамя бадзёрасці, прыносіла ў душу святло і яснасць, каб хапіла яму іх не толькі на сённяшні вечар, а і на заўтра, і на паслязаўтра, і на астатнія дні.
...У аўторак машына прывезла Грышку цэлы кузаў бочак. Ён скінуў іх каля двара, а потым памалу перанёс да лазні. Людзі бачылі ўсю гэту мітусню і без лішняй абвесткі зразумелі, што Грышка Пруцікаў адкрывае сваю грыбаварню. Дый грыбны пах, што ўжо некалькі дзён зацята плыў з-за шашы, хваляваў-бударажыў вясковую душу, якая адвеку не была глухою да поклічаў лесу.
Грышка ўжо даўно закупіў воцату (цэлую скрыню), тры мяшкі солі і ўсякай духмянасці — лаўровага лісту, перцу, гваздзікі; кропу і пятрушкі, дзякуй богу, на градах хоць касою касі — Лісаветка як ні выполвала, каб не заглушалі буракі ды цыбулю, усё адно толку мала.
Вагу з лазні ён выцягнуў з шафёрам, які прывозіў бочкі. Вынес пад навес і скрыню-рашотку, што служыла для прамыўкі грыбоў, і катлы — каб не спатыкацца на іх. Надвечар таго ж дня моцна напаліў у лазні, ды так, што сам памыўся так-сяк, а Лісаветка збаялася духу. Дзіва што — нездарма нажарыў Грышка лазню, аж каменне ды бёрны трашчалі: ён завалок у яе з дзесятак бочак, ашпарыў кіпетнем і, паддаўшы духу столькі, што той кусаўся-пёк, бы чмель, шчытна зачыніў дзверы. Крыху счакаўшы, зноў палез у лазню, чухнуў у духоўку кружкі тры вады — і ходу. Не напёкшы гарачым духам бочкі, ён ніколі не залівае ў іх грыбы — і ад гэтага ці не ад гэтага, але ніводную бочку ў яго не ўзарвала, нават грыб не сапсаваўся.
Назаўтра з самага рання Грышка таптаўся-кружыў каля грыбаварні — у светлай кашулі, чыста выгалены, свежы і быдта памаладзелы; падмятаў, расчышчаў, падбіў глыбей у зямлю дзержакі для катлоў. І ў гэтай завішнасці не прамінаў тады-сяды азірацца на бакі, ці не ідзе хто, ці не нясе грыбы. Здаецца, паўдзённе хутка міне — сонца гарачае, смаліць у твар, хоць не вылазь з цяньку, адно дурніцы мухі як быдта не зважалі ні на што, бзыкалі, ліплі да сцен, цёрлі лапкамі галовы, як той кот перад гасцямі, — пільныя ад неспакою і нацятасці, Грышкавы вочы прымячалі нават такое, за што іншым разам яму было б сорамна.
Ён пачуў, як у двары ляпнулі весніцы, і сэрца ў яго апала. Нехта нёс грыбы. Ён, заюшаны каля вагі — раўняў яе, соваючы пад ножку камень,— не павярнуўся, але наструнена чакаў — хто паявіцца. Чакаў доўга, але нікога не было — можа, паштарка газеты прынесла, а можа, хто няспешна ішоў, ды засланялі лазня і яблыня пры ёй. Перш, бадай, Грышка пачуў дыханне — цяжкае, перахліпістае, — якое можа быць ці то ў чалавека моцна прастуджанага, ці ў старога. Ён устаў: па сцежцы да яго тупала, сагнуўшыся ў крук, старая Чубатчыха, несла за плячыма стаўбун грыбоў — жоўтая пачопка з вожак упілася ёй як не пад самым горлам. Грышка кінуўся напярэймы.
— Во спасібачка табе, дзетка!.. — з прыдыхам сказала Чубатчыха, калі Грышка зняў з яе плячэй стаўбун. — Чуць даперла... А шчэ нахадзілася, аж ногі рвуць, што сабакі... — Яна была босая; пот блішчаў у маршчынах на шыі і лбе, на скуластыя шчокі лягла густая, нездаровая чырвань. — І далёка ж не хадзіла. У сасонніку ля могілак казлоў нарэзала... Ці бярэш жа іх? — Яна глянула на Грышку не па-старэчы вострымі вачыма, з якіх, здавалася, тут жа, адно скажы — не, паліюцца слёзы — столькі духоў выпетрана і, выходзіць, дарма.
— Усе грыбы прымаю, цётка! — адказаў Грышка дужым голасам, каб не толькі падбадзёрыць старую Чубатчыху, але і паказаць ёй, што для яго, грыбавара, няма розніцы, якія грыбы, абы яны былі ядомыя.
— Ці-та шчэ ніхто не прынёс табе? — Чубатчыха дзівілася на чыстыя, выскабленыя нажом сталы, азіралася мітусліва па баках, можа, дзе ўбачыць грыбы.
— Ты, цётка, — першая ў мяне, во што, — сказаў Грышка, паставіўшы стаўбун на вагу; прысеў і стаў пільна ўглядацца ў грыбы. — Калі ты палупіць успела?
— Го, столькі мне ўнукаў ды ўнучак навезлі!.. Пасадзіла — ураз, як тэя мышы, абялілі. — Чубатчыха не зводзіла з Грышкі ўсё тых жа насцярожаных вачэй.
Ён узяў вялікі, як лапаць, казляк, разламаў яго, чамусьці панюхаў.
— І не глядзі дайжа, галубок, чыстыя, як малако з-пад кароўкі. Я па караньках глядзела... Яй-богу! Чарвівыя зразу выкідала. Вочы шчэ маю, пакуль...
— Ды я бачу, што чыстыя, але вадзяныя дужа... пасля дажджоў. — Грышка сціснуў у кулаку казляк, і з яго пабегла зеленаватая, як сыроватка, жыжка. Грышка, канешне, знаў, што грыб без вады — не грыб, ён, лічы, увесь з вады, толькі дзесятая долька мякаці; вось не дай грыбу дажджу — і не будзе яму з чаго нагульваць сваё цела, набіраць туку. Але знаў Грышка і другое — што ў дождж некаторыя грыбы так раскісаюць ад вады, што грузу ў іх на пуд, а наедку — худому вераб’ю клюнуць. — У цябе восем кілаграм, цётка. Паўпуда роўна. На ваду, яснае дзела, трохі скінуў. Во што...
— Глядзі ўжо сам, як знаеш, — не пярэчыла Чубатчыха, мабыць, радая, што Грышка такі нястрогі, пакладлівы да яе.
Грышка падняў з вагі стаўбун і вываліў грыбы на стол — яны рассыпаліся, але былі і зляжалыя, камякамі — Грышка разгарнуў іх рукою па ўсім стале, зняў некалькі парушынак, слімака.
— Добра, цётка, я во тута пазначу, — сказаў Грышка, вымаючы з кішэні складзены напалам вучнёўскі сшытак і сіні фламастэр, — колькі і чаго здала. А грошы пакуль мне не выдалі, дзе-та праз тыдзень будуць...