— Штрафную дзеду! — крыкнуў ружовы, як макаў цвет, бліскучы ад поту пузан і падняў высока над галавою поўную чарку; не дакрануўшыся губ, выліў яе ў рот.
Грышку налілі ў шклянку, падалі ў рукі; ужо як стаў піць — каб адкаснуліся, не назалялі, — убачыў, што шклянка нячыстая, у чырвоных плямах і дробненькіх, як блошкі, жоўтых бубачках. Няўжо тая, у якую Міротнікаў збіраў суніцы? А якая ж — яшчэ сумняваецца... Хлопчык ягады паеў, а шклянку паставіў каля сябе, і ў яе без разбору бухнулі гарэлкі. Грышка не гідзіўся шклянкі, не такі ўжо ён, вясковы чалавек, чыстаплюй, але яго здзівіла такое супадзенне — што са шклянкі, у якую Міротнікаў браў суніцы, яму выпала піць — акурат знак нейкі, — ды яшчэ зачапіла за жывое гэта пузанова «дзеду». Няўжо і праўда ён такі стары? Канешне, столькі апошнім часам перажыў — не дзіва, што асунуўся, змарнеў і пасівеў, мабыць, яшчэ гусцей. Нераўня, канешне, гэтаму пузану, што толькі і дбае, як тлушч сагнаць. У плуг бы яго ды поле араць — дзе што і падзелася б. Такіх пузаноў, прымеціў Грышка, апошнім часам развялося вельмі шмат — пыхцяць у магазінах, на прыпынках і ў аўтобусах, у кабінетах і проста на дарогах, абліваюцца потам, знемагаюць ад смагі і сонца; а дарвуцца да піўнога ларка — пару куфляў заліваюць адным махам, не адрываючыся, толькі вушкі, як у кратоў маленькія, ходарам ходзяць.
На Грышку, здаецца, госці ўжо не зважалі, гаманілі між сабою, мужчыны прысільвалі жанчын піць, тыя прытворна аднекваліся, але чаркі не адстаўлялі і ўрэшце памалу выцэджвалі іх. Адзін з застольнікаў, мабыць, блізарукі ці ўжо добра падпіў, узяў са стала бутэльку і, думаючы, што яна пустая, шубнуў яе цераз галаву за спіну. Бутэлька аказалася, як нехта агледзеў, непачатаю, нават неадкаркаванаю, і ўсе дружна ахнулі, выдыхнуўшы з грудзей: «Во-о-ой-й!..» Няўдаліца-застольнік, сцяміўшы нарэшце, што да чаго, вінавата заўхмыляўся і ляпнуў па плячы Міротнікава, які падвярнуўся пад руку, тузануў:
— А, таварыш дарагі?..
Міротнікаў матлянуўся ў цемень; сагнуўшыся, стаў выглядаць на зямлі бутэльку. Застолле заціхла, як вымерла. Міротнікаў між тым прыступіўся на калені, поўзаў, пляскаючы далонямі па траве, — бутэлька, мабыць, слізганула некуды пад куст.
— Во, цэлая!.. — з дужаю радасцю нарэшце ўсклікнуў Міротнікаў і падняў над галавою бутэльку — мокрую ад расы, у пяску. Ён падышоў, аддаў бутэльку і стаяў, перамінаючыся з нагі на нагу, як дзіця, хоць было пагладзь яго па галоўцы ці дай цукерку.
Грышка ўсёй гэтай сцэны не бачыў, бо трошкі раней, улучыўшы момант, як вылазіў з-за стала хлопчык, яго сусед, таксама ўстаў, украдкаю паклаўшы ля сподка кусанік хлеба. Хлопчык, мусіць, ужо добра прыгледзеўся да Грышкі і, не знайшоўшы ў ім нічога небяспечнага для сябе, цяпер, здаецца, гатовы быў завязаць з ім дружбу. Грышка спытаў у хлопчыка, як яго завуць, і той назваўся Русланчыкам.
Русланчык хутка асвойтаўся; папрасіў Грышку пакатаць яго на машыне, бо, па-першае, сам не можа, а па-другое, у цемнаце страшна. Грышка спярша разгубіўся: ці не палічаць яго за дзівака, калі ён, стары пень, будзе цягаць за вяровачку дзіцячую машыну. Але падумаў-падумаў і не ўбачыў нічога брыдкага ў тым, што павозіць малога; больш таго — ён адчуў, як усяродку азвалася туга, што раней прыцішана, ды чуйна драмала, а цяпер заявіла ўсёй дужасцю, — ён сам ужо, калі б было ладна-складна з дзецьмі, мог мець унукаў, забаўляцца з імі, няньчыць — Ленка неяк пісала, што — цяжарная, і ў іх з Лісаветкаю скрозь перажыванні прабівалася тады-сяды свежая радасць, пакуль не прыйшло другое пісьмо — «памылілася, усё ў парадку». Хто ведае, як яно там, — можа, проста вызвалілася? І ў Грышкі раптам паднялася з грудзей такая шалёная злосць, што ён з сілаю тузануў машыну, аж хіснуўся ў ёй Русланчык, але сумеўся, бо хлопчык быў тут ні пры чым, ва ўсім вінаваты толькі ён сам, адзін ён, і болей ніхто, можа, яшчэ — Лісаветка. Але Грышка быў не з тых людзей, што ў грахах умеюць вінаваціць увесь свет, толькі не сябе, і замест таго, каб пачаць шукаць заганы з сябе, упарта, зацінліва, як той дурны вол, шукаюць іх ва ўсіх астатніх, таму ён гатовы быў узяць на сябе і нават жончыну віну: «Баба, што з яе возьмеш?» Проста вось так, па сваёй волі ўзяць, каб несці яе цяжар на сваіх плячах.
Двор быў прасторны, і Грышка меў дзе развярнуцца — спярша павёз Русланчыка паўз плот, далей ад людскіх вачэй, у цемнату, але яго і там заўважылі, запляскалі ў ладкі і закрычалі «брава», і тады ён — ужо, як кажуць, усё роўна — падагнаў сябе на трух. Хуткая язда Русланчыку спадабалася, ён загікаў на Грышку, як на каня, замахаў вырванай на хаду травінаю; соўгаў ножкамі так, што толькі белыя каленькі, бы зайцавы вушы, мільгалі абапал руля.
Грышка, разахвоціўшыся, абдаў яшчэ адзін круг вакол сталоў — намарач нейкая найшла на яго, ці што, можа, галоднаму, гарэлка ўдарыла ў галаву, але ён так стараўся, аж кроплі поту пасыпаліся з сівых скронь, узяла задышка, ды Русланчык гэтага не мог бачыць — азарт засціў перад ім свет, — і ён паганяў і паганяў травінаю Грышку, з твару якога не сыходзіла нейкая невыразная, як дзікунская, усмешка... Грышка і не прымеціў, як з-за стала выбавілася жанчына і цяпер ішла да яго.
— Дзякуй вам вялікае!.. — сказала яна харошым, расчуленым голасам, падышоўшы, і працягнула Грышку руку. Ён тузануўся, думаючы, што жанчына хоча яму проста паціснуць у знак аддзякі руку, але яна трымала паперку — дзесяць рублёў; вочы ў яе былі спакойныя, ветлівыя і без меры ўдзячныя. — Вазьміце, вазьміце, калі ласка...
Грышка стаяў, як апараны кіпетнем, моргаў вачыма, не цямячы, што і за што. І за нейкае імгненне не знайшоўшы, што адказаць, паволі адвярнуўся, выпускаючы з рук вяровачку ад машыны. Але жанчына заступіла яму наперад, і з яе рукі цьмяна адсвечвала дзесятка — ужо блізка ў Грышкі перад вачыма.
— За што?.. — спытаў ён сухавата, баючыся быць грубым і чуючы, як у скронях нездарова пульсуе кроў. Жанчына маўчала, з вачыма, поўнымі здзіўлення, і цярпліва чакала, пакуль у чалавека перад ёю мінецца, як ёй здавалася ўсур’ёз, дзіцячы капрыз. — Не зневажайце мяне, жэншчына, — сказаў ён дрыготкім ад узрушанасці голасам, але толькі позірк, якім асмеліўся нарэшце глянуць жанчыне ў вочы, сказаў ёй, чаму ён, Грышка, упарціцца.
А застолле тым часам гуло, смяялася, во і песню зацягнулі — пад гармонь, на якой, мусіць, іграў Міротнікаў — няўмела і бязладна.
Пусть бегут неуклюже
Пешеходы по лужам,
А вода по асфальту реко-о-ой!..
И неясно прохожим
В этот день непогожий,
Почему я веселый тако-о-ой...
Госці весяліліся і не ведалі, як не ведаў і Грышка Пруцікаў, маленькі чалавечак на зямлі, што ў 19 гадзін 56 мінут па маскоўскім часе ў Савецкім Саюзе з аэрадрома Байканур стартаваў новы касмічны карабель з міжнародным экіпажам на борце — пра гэта аб’явілі ў самым пачатку праграмы «Час», і сэрцы мільёнаў людзей, якія гэтаю парою сядзелі каля тэлевізараў, перапаўняў бязмежны гонар за нашу краіну, яе росквіт і моц. Ім бы, гасцям, зараз гэту навіну ў вушы — якія б тосты гучалі, колькі слоў, узнёслых і высокіх, было б сказана ў шчырым запале, як бы радасць іх набыла касмічныя памеры. Але ў доме рыбака гэтым вечарам тэлевізар, у мітусні не выключаны, высвечваў адно процілеглую сцяну, запаўняючы пакой мёртвым, халодным блакітам. Што ж, так накавана ім было сёння — апошнімі даведацца пра падзею сусветнага значэння; няхай не крыўдуюць добрыя людзі, бо ў жыцці яно ўсягды так: нешта знаходзіш, а нешта — губляеш.
Угаманіліся госці позна, бо святло на іх і на сталы падала ад лямпачкі, што была ўкручана пад стрэшкаю ганка. Усталі няспешна і пайшлі, нічога не прыбраўшы. Грышку ані слова не сказалі, але куды ўжо яму дахаты перціся. Позна. Перакантуецца ночку як-небудзь тут, а ўранні, тады, як госці паедуць, упарадчыць трохі што ды прымкне дом.
Грышка патупаў-пахадзіў па двары, скружыў вакол лазні. Недзе на далёкім, мусіць, дабранскім полі манатонна тарахцеў трактар, можа, і Марчанкоў — хто ведае; а што — пралупіўся ўжо і сеў за руль: у вясковай шафярні так водзіцца. Брахалі сабакі, але нязлосна, пэўна, услед некаму свайму, вясковаму. Груба чамусьці было на душы, хацелася спакою, пабыць аднаму, калі, можа, лягчэй не становіцца, затое ніхто не злякае думкі, не замінае ўздыхаць. І ён павярнуў да Сажа, але не прама ад дома, святло з вокнаў якога нязвыкла-вычварна выскубвала з цемры камлі і нізкія галіны дрэў, а збочыў, мяркуючы спусціцца з гары там, дзе ганяюць кароў. Ён ішоў, ніца апусціўшы галаву, і таму аж здрыгануўся, калі ў вочы неяк мякка, бы пер’ем, аддало светласцю,— колькі імгненняў ён стаяў атарапела, не цямячы, што і адкуль. Адно потым здаўмеўся, што свеціцца гнілы пень і пацяруха вакол яго — мабыць, надзяўбаная жаўною; з цёмнага марыва ночы глядзелі на яго трапяткія, матавыя агеньчыкі — вочы трутавіка, якому дождж выклапатаў вось такую латву, разбудзіў да жыцця. Грышка падняў гнілушку, патрымаў на далоні гэты халодны блакітны вугалёк і кінуў у траву, бо ён пачынаў ужо стухаць.
Каля Сажа цемра была не такая густая, як у лесе, і Грышка зразу напароўся на вялікую, бы мядзведзь, дубовую калоду-туніну, што некалі ляжала ў вадзе і, помніць Грышка, была дзіўна аранжавая на колер, а цяпер, ужо гады са тры, як памялеў Сож, апынулася на беразе. Ён сеў на яе, закурыў; глядзеў на зоркі, што адлюстроўваліся ў Сажы; ад шчарбатага месіка наўскасы праз усю раку слалася жоўтая дарожка, дрыжала ад лёгкага зыбу вады, як расплаўлены алюміній, з якога зразу пасля вайны вылівалі лыжкі ды міскі — недзе ў кладоўцы Грышка яшчэ зберагае гэты пасудак як памяць пра тую цяжкую пару, як сведку людской трываласці. На тым беразе, дзе ў шэрым тумане драмалі, нахалоджаныя расою, кусты лазняку, над якімі зданьліва цямнеліся шапкі дубоў, яра, не заціхаючы ні на мінуту, трэнкаў драч, а можа, іх было там некалькі і яны азываліся напераменку.
Заканапачаныя гэтым драчыным пярэгаласам, Грышкавы вушы не зразу ўлавілі за спінаю шорганне крокаў — нехта ішоў смела, не крадучыся, і Грышка не павярнуўся нават.
— Не спіцца, Мацвеевіч? — Падышоў Міротнікаў — у пінжаку наапашкі, з расхінутым каўняром белай кашулі.— Я таксама не ўлежаў, хоць і на верандзе... Такую віскатню-піскатню госці ўстроілі, як мышы тыя. Акурат ім па дваццаць гадоў...
Міротнікаў сеў побач з Грышкам — локаць у локаць. Грышка зацята смактаў папяросу, раз ад разу асвятляючы твар калінаваю чырванню, і тады былі відаць яго вочы, што глядзелі ўперад з упартаю нерухомасцю, тонкі нервовы нос. Кінуў недакурак ад сябе на ваду, і ён неяк ядавіта пшыкнуў у царстве гарлачыкаў. Грышка ўздыхнуў, а можа, проста выпусціў астаткі дыму. Міротнікаў паварушыўся, пагмыкаў, ачышчаючы горла і паказваючы, што гатовы на размову.