— Па марожанае.
Дзіма з Таняй перазірнуліся, пырхнулі са смеху ды накіраваліся следам за Алінай. Тая прайшла праз гандлёвую залу, што больш нагадвала невялічкі склад, застаўлены скрынямі, і, спачувальна зірнуўшы на прадаўшчыцу, якая была занята спрэчкай з дзвюма агрэсіўна настроенымі бабулькамі, нырнула ў службовыя дзверы. Там яна прабегла па калідоры ды выйшла на вуліцу праз чорны ўваход. Не спаткаўшы на сваім шляху аніводнага чалавека, падарожнікі перасеклі змрочны двор і выбеглі на вуліцу, паралельную той, дзе сіратліва стаяў іх верны «буцэфал».
Выбегшы на скрыжаванне, Аліна ўскочыла ў першую ж таксоўку, што патрапілася ёй, назвала адрас цэнтра і папрасіла пад’ехаць з чорнага ўваходу. На ўсе просьбы Тані адвезці яе дадому Аліна адмоўна хітала галавой: «Разам дык разам. Дзе ты бачыла такое, каб у час выратавання свету адзін з герояў кінуў гранатамёт ды абвясціў: ды ну вас, сябрукі, нешта мне надакучыла, валяйце, ратуйце тут усё гэтае самі, а я дадому пайду! Так не бывае!
Акрамя таго, Аліна ніяк не магла зразумець, каму спатрэбілася везці Таню з Мінска ў брэсцкія лясы і там пакідаць у абсалютна пустым бункеры, папярэдне прывязаўшы да стула. Можна было дапусціць, што паміж Мінскам і Дружным яе аўтамабіль высачылі і «вялі» даволі доўгі час. Можна было змірыцца з той думкай, што прысутнасць Дзімы ў машыне зблытала бандытам усе карты. Але чаму іх тады не звязалі там, у хацінцы? Няўжо іх выкрадальнікі сапраўды спадзяваліся, што Аліна з Дзімам будуць моўчкі сядзець, склаўшы ручкі, і чакаць свайго лёсу? Тады гэта мусілі быць або вельмі дурныя бандыты, або бандыты-дылетанты.
Аліна падумала, і раптам да яе прыйшло азарэнне. Яна паляпала таксіста па плячы і папрасіла спыніцца каля першай грамадскай прыбіральні.
— Дзіма, пасядзі тут, а мы з Таняй прагуляемся, папудрым носікі.
Таня неахвотна пацягнулася за Алінай.
Прыбіральня, выкладзеная маляўнічай кафлянай пліткай, павесяліла Аліну.
— Ты паглядзі: куточак Гвадэлупы ў родным Мінску! Сонейкі ды лілеі на блакітным фоне!
Аліна разлічылася на касе з сумнай немаладой жанчынай, што вязала фіялетавую панчоху. Прапусціўшы Таню наперад і счакаўшы, пакуль яна зойме кабінку, Аліна шмыганула за ёю і коратка загадала:
— Распранайся!
— Што-о? Не буду! — закрычала Таня.
— Будзеш. Я табе не казала, што ў вольны час займаюся кунг-фу? — Алініны пальцы балюча сціснулі Танін локаць. Таня войкнула. — Вось так. Не прымушай мяне рабіць табе балюча, я зусім гэтага не хачу!
Таня сцягнула швэдар, зняла джынсы, разулася. Аліна пільна вывучыла кожны сантыметр яе вопраткі.
— Цяпер станік. І трусікі. Усё здымай!
Аліна агледзела бялізну і, нічога не адшукаўшы, вылаялася.
Таня апранулася і паправіла заколку. Аліна паглядзела на бліскучую танную заколачку і сказала:
— Дай гэта сюды.
— Навошта яна табе? Ёй цана тры рублі на кірмашы.
Аліна выцягнула з валасоў Тані заколку, абмацала яе, выкінула ў сметніцу і задаволена ўсміхнулася:
— Ну што, мармышка? Хіба ты не ведаеш, што радыёмаячкі дрэнна ўплываюць на мозг? Паехалі далей. І нават не думай уцякаць — усё роўна даганю!
У таксоўцы Аліна села побач з вадзіцелем:
— Мінулы адрас — адбой. Едзем у іншае месца.
— Куды гэта? — пацікавіўся Дзіма.
— У «Тэхноладжы прайм», да маіх сяброў. Спачатку паспрабуем разабрацца з вінчэсцерам ды «жучкамі», што мы знайшлі ў хацінцы. Я прыхапіла адзін з сабою. А таксама задамо некалькі пытанняў нашай Тані Кіс. У бяспечным месцы.
Мікіта ўвайшоў у павільён, дзе ўжо гадзіну пад пільным вокам пражэктараў і камер сумавалі маладыя музыкі. Ён, як заўсёды, выглядаў вельмі самавіта: ускудлачаныя валасы, залатая завушніца ў левым вуху, мегафон у руцэ і зларадная ўсмешка. «Рэжысёр мусіць унушаць святарны жах: тады яго будуць слухацца і рабочы працэс пойдзе актыўна!» — часта паўтараў Мікіта, і Аліна, як ні дзіўна, з гэтым пагаджалася.
— Спадарства! — гучна прмовіў рэжысёр, і музыкі сапраўды выцягнуліся ад яго голасу па струнцы ды ўцягнулі і без таго плоскія жываты. — Сёння мы пераздымаем сцэну, дзе герой і гераіня блытаюць чамаданы Дабра і Зла. І будзем здымаць да тае пары, пакуль вашая вакалістка не перастане мітусіцца і нервавацца ў кадры.
Музыкі апусцілі вочы. Хэдлайнер гурта сказаў:
— Вось з вакалісткай у нас якраз праблема. Не можам да яе дазваніцца.
— Ай-я-яй… Блага. А без яе мы ніяк не можам пачаць. Што будзем рабіць? — спытаўся Мікіта і сеў на свой імянны рэжысёрскі стул.