У дзверы лягонька грукнулі. Бландзіністая адміністратарка Святлана зазірнула ўнутр:
— Прабачце, але я нідзе не магу знайсці Міхала… Барысавіча.
— Навошта ён вам патрэбны?
— Ён у мяне забыўся вось гэта! — Святлана паставіла побач з уваходам чорны дыпламат.
Аліна схапіла яго, дрыготкімі рукамі праверыла, ці ўсе дакументы на месцы, і запляскала ў ладкі:
— Вось дык Міхал, вось дык лаерочак, нават спіць на дакументах! Малайчынка! Як знойдзецца і будзе жывы — выпішу прэмію. Што-небудзь яшчэ?
— Так. Там са сталіцы прыбыў ваш службовы аўтамабіль.
— Вельмі, вельмі файна. Накарміце вадзіцеля.
Дзяўчаты-пакаёўкі праводзілі Дзіму доўгімі позіркамі, поўнымі адзіноты, прагі і жадання як мага хутчэй выйсці замуж. Аліна памахала Святлане, што пяшчотна абпырсквала з пульверызатара белыя хрызантэмы, падораныя Міхалам.
— Што цяпер? — Дзіма страляў вачамі ў пакаёвак, чым неймаверна злаваў Таню і смяшыў Аліну.
— Цяпер наш даражэнькі Валянцін Аркадзевіч сядае ў службовы аўтамабіль цэнтра і спакойна едзе ў Кіеў, бо на цягнік ён спазніўся па нашай віне.
— Дзякуй, Аліначка Мікалаеўна! — Валянцін Аркадзевіч пацалаваў Аліне руку. — Спадзяюся, яшчэ сустрэнемся!
— Што вы такое кажаце, канешне, сустрэнемся, у нас цяпер ёсць агульная справа! І месца ў ложы на прэм’еры — вашае, вы ж памятаеце?
Развітаўшыся з Валянцінам Аркадзевічам, Аліна вярнулася да таварышаў:
— Ну, што ж, дарагія ўдзельнікі праекта «Шапіто»! Наша міліцыя нас зберагла, сама таго не ведаючы. Каб не іхняя канферэнцыя, былі б мы цяпер там, дзе мой лаерок… А цяпер скокаем у «буцэфала» і гонім у Мінск — ратаваць грошы, Міхала, цэнтр і сябе!
На ўскрайку Мінска Аліна спынілася і абвясціла:
— Далей на таксоўцы. Чуе маё сэрцайка, што на аўтамабілі будзе небяспечна. Не хачу, каб нехта кантраляваў нашыя пераезды.
— Думаеш, нас праследуюць? — спыталася Таня і зноў паправіла заколку ў валасах, каб грыўка не спаўзала на лоб.
— Я не думаю, я ўпэўнена. Бачыце вунь тую чырвоную перапэцканую ламачыну? — Аліна паказала на аўтамабіль, што прыпаркаваўся ў паўсотні метраў ад іх. — Гэты дыліжанс едзе за намі ад самага Гомеля. Дзівуюся проста, як ён не разваліўся: мы ж гналі ці не дзвесце кіламетраў у гадзіну!
— Эх, бінокль сюды б ці падзорную трубу! — Дзіма азірнуўся і прыжмурыўся, каб лепей разгледзець таго, хто быў за рулём «ламачыны». — Які адчайны мужчынка: гэтая калымага, напэўна, старэйшая за мяне, яна можа рассыпацца ў любы момант!
— Альбо ператварыцца ў гарбуз. З дванаццатым ударам па бамперы! Бяром трафеі і выходзім!
Аліна зачыніла дзверцы і націснула клыпажок на бразготцы. «Буцэфал» пікнуў і прамовіў:
— Аўтамабіль на сігналізацыі, гаспадыня!
— Ён у цябе яшчэ і размаўляе? — здзівіўся Дзіма.
— Ага. Таргані за ручку.
Дзіма шморгнуў за ручку. Аўтамабіль нема заенчыў:
— Гаспадыня! Гаспадыня!
Аліна выключыла сігналізацыю, ізноў уключыла, агледзелася і заўважыла на другім баку вуліцы дзесяціпавярховы дом, а ў ім краму з роду тых, дзе цукар, мыла і запалкі ляжаць пад шклом аднае вітрыны.
— Мы ідзём у краму! — абвясціла яна і шпарка пакрочыла наперад.
— Нашто? — Дзіма прыціснуў вінчэсцер да сонечнага спляцення.