— А добры вечар таму, хто ў гэтым даму! Ох, якая ж прыгажосць, раней гэтага не было! — яна паглядзела на фоташпалеры ва ўсю сцяну. — Антош, а што гэта за цуд у цябе на сцяне?
— А гэта квітнеючы міндаль. Прывітанне. Нешта даўно цябе не бачылася. Ты як Піліп з канапель. Ізноў нешта здарылася? — Антон паправіў акуляры і прыабняў Аліну.
— Здарылася. Тут такая справа… А цябе дакладна не праслухоўваюць?
— Не, мы ж кожную раніцу ўсе шчыліны правяраем.
— Ну, добра. Карацей, знаёмся: гэта — Дзіма, гэта — Таня, а гэта — вінчэсцер, які мы прывезлі з паўднёва-заходніх лясоў Беларусі, — Аліна паклала на стол «трафей».
— Проста ў лесе знайшлі?
— Так, натуральна, пасярод лесу. Растуць, ты разумееш, як грыбы пасля дажджу! Шампіньёны. Таму што пад зямлёю, у бункеры. Там яшчэ іх засталося два дзясяткі — мінімум! І на ўсіх — твае галаграфічныя налепачкі, «Тэхноладжы прайм».
— А ты як там апынулася, у паўднёва-заходніх лясах?
— А мяне туды прывезлі ў мяшку з-пад камбікорму, кінулі ў хатку на курыных лапках, патрабавалі пяць мільёнаў еўра, якіх я ў вочы не бачыла, Дзіму пабілі, а потым мы знайшлі падземны ход і ўбачылі ў бункеры Таню, прыматаную да стула, а на Танінай галаве — заколку, а ў заколцы — «жучок», ды не жывы з лапкамі, а такі, радыёмаячок, падобны вось на гэты! — Аліна паклала на стол побач з вінчэсцерам «жучок» з хацінкі.
Дзіма паглядзеў на Таню. Таня адвярнулася. Антон узяў у рукі «жучок» і сказаў:
— Дарагая штучка, прафесійная. Я з такімі сустракаўся. Нядаўна прывозіў на продаж аднаму заказчыку. Такія дзіўныя людзі: разлічыліся наяўнымі, усё рабілі праз кур’ераў, кожны раз — новых, проста шпіёнскія страсці! Ну, і што далей?
— А далей — у нас знік з Гомеля лоер. А потым мы прыехалі да цябе, і вось, падаруначак прывезлі!
Аліна ўручыла Антону газнічку і працягнула:
— Антош, у мяне няма такіх грошай, і я хачу жыць! Мне падаецца, што маё жыццё каштуе значна даражэй за пяць «лямаў».
— Гэта праўда, — пагадзіўся Антон. — Але я нічога ні ў Брэст, ні пад Брэст не пастаўляў. Хіба што тыя ж заказчыкі, што бралі ў мяне шпіёнскую тэхніку, закупіліся камп’ютарамі. Мы ім збіралі. Сур’ёзныя машыны, проста звяры!
— Антош, ну, давай хаця б твае хлопцы зірнуць, што на гэтым вінчэсцеры? Можа, гэта нас уратуе!
Антон узяў трубку:
— Марына, запрасіце да мяне Канстанціна і прынясіце, нарэшце, гарбату!
— А можна яшчэ маім пазваніць з твайго тэлефона? А тое ў нас трубкі яшчэ ў лесе адабралі… — папрасіла Аліна.
Пасля нядоўгай, але грунтоўнай гутаркі са сваімі калегамі, Аліна развіталася і задуменна прамовіла:
— У нас дзве навіны. Не ведаю, якая з іх горшая.
— Выкладвай! — Дзіма прысеў на канапку.
— Першая: Мікіта так і не зманціраваў кліп ды яшчэ прызначыў дадатковыя здымкі. І другая: знайшліся пяць мільёнаў еўра. У чамадане. Ніхто не ведае, чые яны. Як да нас патрапілі — таксама невядома. Мае думаюць, што гэта я некага абакрала ці зрабіла «заначку» на чорны дзень.
— У чамадане? — ажывілася Таня.
— Вой, а з чаго ж гэта мы так занепакоіліся? Сядай на канапку і не рабі рэзкіх рухаў, мы спачатку разбяромся з вінчэсцерам, а пасля зоймемся табой. А табе, Дзімачка, рэкамендую сесці побач з Таняй і сачыць, каб яна не пачала збягаць ці забіваць сябе аб сцяну.
У кабінет увайшоў Канстанцін — худы, высокі тып з вачамі, у якіх, здавалася, роўнымі шэрагамі бегалі лічбы і коды. Антон скінуў пінжак, закасаў рукавы — і абодва маладых чалавекі з энтузіязмам узяліся падключаць вінчэсцер да камп’ютара.
Аліна хадзіла кругамі вакол стала і нецярпліва пыталася: «Ну як?», «Ну што?», «Ну, гатова?» Праз некаторы час Косця спытаўся:
— А як гэты вінчэсцер да вас патрапіў?
— Гэта няважна, гісторыя доўгая і дужа непраўдападобная! — адказала Аліна, грэючы рукі кубкам з гарбатаю.
— Проста гэтая цацка пад завязку забіта файламі з невядомым мне расшырэннем, — прамармытаў Антон. — Трэба ўстановачны дыск з праграмай. У нас яго няма.