Куды лягчэй прыйсці ў суботні рэстаран, ушчаміцца ў скураны касцюм і леапардавыя боцікі, выйсці на цьмяную сцэну, без асаблівай напругі праспяваць некалькі песень на заказ — ад «Леткі-енькі» да Джо Кокера, атрымаць сваю порцыю апладысментаў ад падпітай публікі, а пасля заканчэння праграмы падзяліць грошы з гукааператарам. Жанна здавала свае звязкі ў арэнду за параўнальна невялікую плату — і гэта яе цалкам задавальняла.
— Але ж гэта — музычная прастытуцыя, як ты можаш? — злавалася Аліна.
— Гэта рамяство, нічым не горшае за астатнія. Алінка, ну пра ўсё на свеце ўжо даўно праспявалі, нашто мне вынаходзіць веласіпед? Я лепш буду ездзіць на веласіпедзе.
У Жанну лёталі кубкі і відэльцы, да яе заляцаліся п’яныя мужчыны, а пасля падыходзілі «разбірацца» іх жонкі, але наступным вечарам Жанна ізноў вярталася ў той жа самы рэстаран па кароткую славу, якую здабывала пры дапамозе чужых песень. Ёй не было крыўдна і балюча, бо, стоячы на сцэне, яна не была сабой, таму ніяк не прымала на свой кошт заляцанні і лаянку. Яна раскідвала свой талент па рэстараннай падлозе, каб наведнікі вытоптвалі яго, бы вясновую свежую траўку.
Таня стаяла на сцэне рэстарана перад местачковымі чыноўнікамі і «ладзіла веласіпед». Яна спявала ледзьве знаёмую ёй песню так, нібыта склала яе сама. Аліна, прыжмурыўшыся, глядзела на Таню і думала: «Цяпер я яе не адпушчу, гэта ж залатая антылопа!»
Таня скончыла спяваць. Мэр некалькі разоў пракрычаў: «Брава!», а потым уручыў Тані поўны кошык ружаў, які яму падарылі з нагоды юбілею ягоныя падначаленыя, і паспрабаваў пацалаваць яе. Таня войкнула і схавалася за гукарэжысёра.
— Дзякуй. Дзякуй. Нам трэба ісці! Барані вас Божа! — Аліна схавала ў кішэню грошы і падміргнула шчасліваму дырэктару рэстарана, які не пазнаў у сцэнічным касцюме спявачкі парцьеры са свайго кабінета і яшчэ не ведаў, што акно цяпер голае.
У машыне Аліна спыталася ў Тані:
— Ну, як адчуванні?
— Больш ніколі не выйду спяваць для п’яных, пракураных, нявыхаваных чынушаў! — Таня прыставіла два пальцы да горла. Ёй было млосна.
— Ну, ладна, не перажывай, ніхто табе на дазволіць пайсці па кабаках!
— Хіба нельга было проста пазычыць у гэтага дырэктара бензіну са службовага аўто? — Дзіма дапамагаў Тані пераапрануцца.
— Нельга: пытанне іміджу, — адказала Аліна і завяла матор.
У Гомелі Аліна адразу накіравалася ў гатэль, дзе яе мусіў чакаць Міхал Барысавіч з поўным дыпламатам выключна важных дакументаў.
У аздобленым мармурам фае гасцініцы было паўнютка міліцыянераў. Яны гулі, як чмялі, і выглядалі вельмі засяроджанымі.
Бландзіністая дзяўчына на рэсэпшэне заўважыла Аліну і ўсміхнулася:
— Прывітанне!
— Дзень добры. А што гэта ў вас за кірмаш МУСаў? — знешне абыякава спыталася Аліна, у думках паставіўшы свечку за супакаенне Міхалавай душы.
— Сёння вечарам адбудзецца канферэнцыя супрацоўнікаў Міністэрства Унутраных Спраў. Яны гадзіну таму пачалі засяляцца. Жадаеце ключы ад нумара?
— Так! Выглядаеце проста ўзорна, як заўсёды! — Аліна схапіла ключ. — Паслухайце, даражэнькая, малады чалавек, што быў са мной…
— Міхал?
— Так, Міхал Барысавіч. Ён сёння куды-небудзь са свайго нумара сыходзіў?
Дзяўчына разгарнула журнал у скураным пераплёце, што ляжаў побач з вазай, у якой бялелі пялёсткамі хрызантэмы. Праверыўшы апошнія запісы, яна паматляла светлай галавою:
— Нешта нідзе не пазначана, што ён здаваў ключы. Напэўна, у сябе. А я толькі заступіла на змену, таму не бачыла, ці сыходзіў ён.
— Мусіць, адпачывае. Мы шмат працавалі апошнім часам. Прыгожыя хрызантэмкі. Міхал падарыў?
— Так, — бландзінка апусціла вочы.
— Ну, канешне, Міхал у нас любіць белыя хрызантэмы. Вось што, Святлана, — Аліна прачытала імя адміністратара на бэджыку, — загадайце, каб у мой нумар прынеслі тры абеды, тры полудні… і тры ручнікі: мы згаладаліся і запыліліся ў дарозе.
— Падсілкуемся, прымем душ, з’ездзім на вакзал, сустрэнем нашага спонсара, адвядзём яго ў гасцінічны рэстаранчык… Мая мама заўсёды кажа: «Дачушка, не прад’яўляй дакументы на подпіс галоднаму мужчыне — вельмі мала шанцаў, што падпіша!» Трымай ключ, адмыкай! — Аліна працягнула ключ ад свайго нумара Дзіму, а сама пашкрэблася ў суседні нумар. — Міхал, казанова ты гэтакі-разгэтакі, адчыняй, нам трэба тэрмінова ехаць на вакзал!
З нумара ніхто не адазваўся. Аліна насупіла бровы і пашкрэблася яшчэ раз:
— Міхал, ты не адзін? Ты спіш? Адкрывай дзверы, шалапутнік, я вярнулася!