— Можа, яго там няма? — выказала меркаванне Таня і паправіла заколку ў валасах.
— Адставіць, маладым талентам слова не давалі! Як жа няма, калі ён ключ не здаваў? Значыць — не выходзіў!
— Дык, можа, адміністратары забыліся пазначыць, ці ён проста знёс з сабою ключык?
— Тут такія адміністратары, што не дадуць вынесці кардонны напаўняльнік з кававага аўтамата, не тое што ключ. І ніякімі букетамі іх не падкупіш. Міхал, адчыняй! — Аліна загрукатала нагамі ў дзверы. Ніхто не адазваўся.
Аліна звыкла выняла шпільку, апусцілася на калені, прамармытала: «Каб усе дзверы, што я сёння ўскрыла, былі дзверцамі сейфаў, я б азалацілася!» — і адамкнула ўваход у нумар свайго лоера.
Перад вачыма маладых людзей паўстаў разварушаны ложак, перакуленая мэбля, раскіданая па ўсім пакоі вопратка і пух, якім, як снегам, быў прысыпаны ўвесь нумар. На таршэры адзінока боўтаўся Міхал гальштук.
— Міхал? Міхал, ты дзе? — Аліна замітусілася па нумары, зазірнула пад ложак і ў ванную: там нікога не было. — Так. Усе шукаем дыпламат з паперамі! Хутка!
Дзіма кінуў на крэсла вінчэсцер, з якім не расставаўся, адчыніў шафу, сумеўся і павітаўся:
— Добры… вечар.
— Міхал! — Аліна кінулася да шафы і раптам застыла, як укапаная. — Прывітанне, Валянцін Аркадзевіч!
У шафе сядзеў звязаны сівы мужчына. Ягоны рот быў заклеены скотчам.
— Валянцін Аркадзевіч, мы вас вызвалім. Ну, чаго сталі, дапамажыце мне! Валянцін Аркадзевіч, пацярпіце, даражэнькі, вы ўжо прыехалі, а я думала, што мы вас на вакзале сустрэнем, хлеб-соль і ўсе справы, а сустрэліся вось так: вы — у шафе, я — у пылу…
Дзіма развязаў мужчыну і дапамог яму падняцца, Таня адляпіла скотч. Мужчына прамовіў:
— Ух, Аліна Мікалаеўна, ну і прыгодачкі, я вам скажу! Колькі гадоў жыву — такога са мной не здаралася!
— Вы сядайце, сядайце, Валянцін Аркадзевіч, — Аліна абтрэсла з мужчыны пух і ўсадзіла яго ў крэсла. — Не перажывайце. Хочаце што-небудзь выпіць?
— Так, Аліначка Мікалаеўна, не адмоўлюся.
— Таня! Там чырвоная такая кніжачка з унутранымі тэлефонамі, пазвані ў бар, скажы, няхай прынясуць… Чаго вам заказаць, Валянцін Аркадзевіч? Каньяк, віскі?
— Гарэлачкі, міленькая.
— Таня, скажы, каб прынеслі гарэлкі… літр! І на закусь што-небудзь, «MoST» аплочвае! Дык раскажыце, Валянцін Аркадзевіч, што тут адбылося?
Валянцін Аркадзевіч хруснуў пальцамі і пачаў няспешны аповед:
— Я ж спярша думаў ехаць з Масквы цягніком — купэ, прыгожыя падстаканнікі, сканворды, без мітусні, як я люблю. Але ж знаёмыя хлопцы кажуць: паехалі, Аркадзевіч, з намі, мы на аўтамабільчыку цябе хутка давязём да Гомеля, час зберажом! Ну, я падумаў — чаму б і не? Пагадзіўся, як на грэх, адразу пачаў званіць вам, ажно вы не бераце і не бераце трубку, а пасля ўвогуле — «Абанент часова недаступны». Я тады пачаў званіць Міхалу, той сказаў — Аліна Мікалаеўна не ў Гомелі, але вечарам вернецца. Сказаў, што ён сам мяне сустрэне, азнаёміць з паперамі, а потым падскочыце вы.
У дзверы пагрукалі. Аліна прыклала палец да вуснаў, каб усе змоўклі, і спыталася:
— Хто там?
— Ваш заказ! — данеслася звонку.
— Дзіма, адчыні!
Юная паненка ўкаціла ў нумар столік са сняданкам, полуднем, гарэлкай і закускай. Пабачыўшы Дзіму, яна зачырванелася і апусціла вочы. Дзіма цмокнуў яе ў шчочку, развярнуў тварам да выхаду і заявіў:
— Пацалунак — на чаявыя.
Дзяўчына хіхікнула і знікла ў калідоры.
— Хто гэта? — занервавалася Таня, а Аліна ўзвілася:
— Дзіма, як табе не сорамна! Цяпер, як ты мяне захочаш пацалаваць, я заўсёды буду думаць, што гэта чаявыя за нейкую паслугу.