— Аліна, ты не паверыш, але, за рэдкімі выключэннямі, мужчынскі пацалунак выказвае менавіта падзяку ў адрас жанчыны. Ну, альбо просьбу памаўчаць, — прамовіў Дзіма і падкаціў столік з харчамі бліжэй.
Валянцін Аркадзевіч разліў гарэлку па шклянках.
— Валянцін Аркадзевіч, першае, другое, бутэрброды, вяндлінка тут выдатная, частуйцеся, калі ласка! — угаворвала Аліна патэнцыйнага спонсара.
Валянцін Аркадзевіч падняў шклянку:
— Вашае здароўечка! Пра што гэта я?
— Міхал Барысавіч вас сустрэў?
— Так, так, правільна. Сустрэў. Прывёз сюды, у рэстаранчык адвёў, мы пасядзелі, прыемна пагаманілі. Потым ён і кажа: пойдзем у нумар, каб без лішніх вачэй і вушэй усё абмеркаваць. Мы падняліся сюды. Тут Міхал Барысавіч успомніў, што дакументы не пры ім, і некуды выйшаў. А потым убеглі нейкія людзі.
— Людзі? — захвалявалася Аліна.
Валянцін Аркадзевіч кульнуў чарку, закусіў кавалачкам вяндлінкі і працягнуў:
— Так, людзі! Мужчыны, Аліначка. Проста дзікуны: усё перавярнулі, нешта шукалі, спыталіся — дзе грошы, дзе хлопец? Потым мяне звязалі, у шафу запхнулі, зашапталіся: «Шухер, мянты!» — дзверы замкнулі і сышлі. Я сабе яшчэ налью.
— Канешне, Валянцін Аркадзевіч, наліце.
— Вам плюхнуць для сугрэву?
— Не, дзякуй, я і так разагрэтая. А ці даўно вы тут сядзіце?
— Я не ведаю, Аліначка, бо не нашу гадзіннікаў — лічу сябе шчаслівым. Але ж маё ўнутранае адчуванне часу, якое з гадамі становіцца ўсё больш тонкім і далікатным, таму што з узростам пачынаеш цаніць кожную хвіліначку і секундачку… дык вось, мой унутраны хранометр мне падказвае, што недзе з гадзіну.
— Авой! Цэлую гадзіну! — захвалявалася Аліна. — У нас зусім няма часу. Кажаце, тут дакументаў не было? А Міхал Барысавіч не вяртаўся?
— Не, больш не з’яўляўся.
— Вы тут пасядзіце, паразмаўляйце, я вельмі хутка вярнуся!
Аліна забегла ў свой нумар. Там панаваў такі ж рэзрух, што і ў пакоі Міхала: перавернуты ложак, раскіданая бялізна, пасунутая мэбля, парэзаныя падушкі. Некранутым засталося хіба што бра: злодзеі справядліва разважылі, што ў яго проста фізічна немажліва схаваць пяць мільёнаў еўра, роўна як і вялікі чорны дыпламат у ім таксама не змесціцца.
— Так. Здаецца, я засталася і без юрыста, і без дакументаў, — Аліна прысела на ложак і закрыла твар рукамі. Яна думала, што рабіць цяпер і ці не завёўся ў ейным калектыве «крот».
Валянцін Аркадзевіч падміргнуў Тані, а пасля звярнуўся да Дзімы, у чарговы раз напаўняючы кілішкі:
— А давайце з вамі, Зміцер, вып’ем за нашых пекных паненак! Яны ўносяць у нашае жыццё столькі клопатаў і хваляванняў, але ж без іх мы загінулі б ад самоты!
— Давайце, — пагадзіўся Дзіма. — Толькі вы Аліне не налівайце, бо яна за рулём.
— За рулём?
— Так.
Валянцін Аркадзевіч паставіў свой кубачак на столік, задумаўся, нібыта ўспомніў нешта вельмі даўняе і балючае, а потым ціха сказаў:
— Ведаеце, чаму я так хачу дапамагчы Аліначцы Мікалаеўне з яе праектам? У мяне была дачка. Не ў мяне пайшла і не ў матку сваю: творчы чалавек, прыгажуня, тэатрам захаплялася. Усё хацела галоўную ролю ў спектаклі сыграць.
Мужчына выняў з унутранай кішэні пінжака фотаздымак, які насіў каля сэрца ўжо, напэўна, не першы год. Доўгім позіркам паглядзеў на дзяўчыну, што пазірала са здымка, і цяжка ўздыхнуў:
— Мы ёй казалі, што ўсё гэта — дурнота, што не трэба сябе растрачваць на тэатры, лепш пашукаць даходлівую, харошую прафесію. Карацей, забаранілі звязваць лёс са сцэнай. А мы тады ўжо дастаткова заможнымі былі, справы ўгару ішлі. Яна папрасіла ў нас грошай на пастаноўку, сказала — усё вярну! А мы не далі. Тады яна ўскочыла ў свой аўтамабіль і паехала з Ноўгарада, дзе мы жылі, у Маскву, там знайшоўся мецэнат. І не даехала… Туман, сутыкненне лабавое… — голас Валянціна Аркадзевіча задрыжэў. — Такая апантаная, як і Аліна Мікалаеўна. А вы, як народзіце дзяцей, дык памятайце: крый вас Божа выхоўваць іх забаронамі!
Аліна падняла вочы, сустрэлася са сваім адбіткам у вялікім люстэрку, што вісела на сцяне, і пачала разважаць уголас.
— Прывітанне. Віншую цябе: юрыст знік, папер няма, падпісанне дамовы зрываецца, да пабачэння, мюзікл! Ёсць прапановы? Пазваніць у цэнтр, каб лавілі лоера ў сталіцы? Шукай ветру ў полі.