- Тысяча прабачэнняў, Ганна Васільеўна, але хвілін дзесяць вам давядзецца пачакаць: тэлефон... важная гаворка з Масквою. Вы ж разумееце!
- О Госпадзі, ну канешне! Я звалілася як снег на галаву... Толькі таму, што дужа трэба, толькі таму, Людміла Пятроўна!
- Не хочаце прысесці? - корпаецца Людміла ў сваіх паперах, зрэдку цікуючы за ранняю госцяю: нешта ж падняло гэту начную пташку сёння, нават прычасацца ў цырульні паспела, не кажучы пра макіяж. - Раніца - не самы лепшы час для незапланаванага прыёму.
(Гэта ў адпомсту за невядома якую перавагу: гэткая котка з вострымі кіпцюрыкамі, а бач яе! правы качаць бяжыць адразу да Першага, ні больш ні менш...)
- А што? У Івана Кузьміча якія-небудзь непрыемнасці? Хто-хто, а вы павінны ведаць, - нахіляецца тая да яе, стараючыся зазірнуць у вочы.
- Ну, чаму ж адразу непрыемнасці? - не адрывае Людміла пагляду ад папер, унутрана насцярожваючыся. - Справы. Важныя справы, Ганна Васільеўна.
- I дзякуй Богу, - уздыхае яна, як здаецца, з палёгкаю, матлянуўшыся да акна, і гэты яе ўздых адгукаецца ў ёй няўцямнаю трывогаю: калі ў Івана Кузьміча сапраўды непрыемнасці (нечага ж другі раз, другі дзень з’яўляецца сюды Шэршань!), то ёй трэба б ведаць пра гэта раней,чым артыстачцы з тэатра, якая яўна нешта унюхала, - яна ж нічога не чула, чаму? - Вы не паверыце, Людміла Пятроўна, а ў мяне такая інтуіцыя, што часам не знаходжу, куды ад кепскіх прадчуванняў схавацца.
«I таму прыбегла хаваць іх у кабінеце Першага!» - пакпіла ў думках, але не так з яе, як з сябе: каб у апошнюю чаргу дазнавацца пра тое, што трэба адчуваць, прадчуваць у зародку! I з Шэршаня ж у свой час магла сёе-тое выцягнуць, і тут, у калідорах, што-якое своечасова ўнюхаць...
- Людміла Пятроўна, у мяне вызвалілася колькі хвілін, каб прыняць наведвальніцу. Папярэдзьце, калі ласка, што ў мяне мала часу.
- Канешне. Зараз жа! - не адключае яна ўнутраную сувязь, а пераключае на прыём. - Ганна Васільеўна, у вас усяго сем-восем хвілін на аўдыенцыю. У Івана Кузьміча на дзевяць трыццаць прызначана сустрэча. Важная сустрэча. I я прашу вас...
- Але, але, - кідаецца тая ў кабінет, а Людміла кладзе перад сабою гадзіннік: да прыходу Шэршаня крыху больш як чвэрць гадзіны, мо хіба зноў раней прыйдзе?
- Ганна... Васільеўна, - чуе не вельмі ўпэўненае шэфава, - я, безумоўна, рад вашаму прыходу, але сёння...
- Вы заняты, мяне папярэдзілі! Мне толькі пераканацца, што вы на месцы, што вас... Прабачце мне, дурніцы, гэты прыход!
Паўза доўжыцца і доўжыцца. У трубцы так ціха, што Людміла пачынае ўжо думаць, ці не адключылася сама сабою сувязь з кабінетам, але - лямпачка індыкатара гарыць па-ранейшаму роўна, і ў яе сціскаецца, замірае сэрца: ужо ж не толькі яна слухае гэту паўзу!
- На жаль, Ганна Васільеўна, у мяне ні хвіліны часу, - адазваўся нарэшце Іван Кузьміч.- Хацелася б шмат пра што ў тэатральным жыцці (вы ж ведаеце маю цікавасць да тэатра) пагаманіць з вамі, вядучай нашай артысткай, але давайце перанясём гэту гаворку на наступны тыдзень. Згодны?
- Дзякуй, Іван Кузьміч, - знікла дрыжанне ў голасе актрысы. - Людміла Пятроўна ведае, як мяне знайсці.
«Людміла Пятроўна ўсё ведае», - адключаецца яна ад іх гаворкі і заглыбляецца ў працу: дасюль не разабрала пошту і не адчула незадаволенасці шэфа толькі таму, што яму сягоння, відаць, не да пошты.
- Дзякуй, Людміла Пятроўна. Шчасліва заставацца, - выпырхвае з прыёмнай ранняя госця, не чакаючы, пакуль ёй адкажуць, і яна не адказвае; адзін з лістоў завалодаў яе ўвагаю.
«Халера вас еш, Панове, за вашу камуністычную істэрыю, - пачынаўся ён, і адно з-за такога звароту не павінен быў трапіць на яе стол (тым больш на стол Івана Кузьміча), вось што напачатку зачапіла ўвагу: ашалелі яны там, у агульным аддзеле? - Столькі зла прынесці свайму народу, колькі вы прынеслі, і сам Люцыфер не здолеў бы: дзе ўжо яму! са сваім бязвер’ем! Тут вера патрэбна, фанатычная вера ў сваю правату, у права не аднаго кагосьці, не купку адурманеных вашымі ідэямі людзей, а цэлы народ супраціў яго волі заганяць у «светлую будучыню чалавецтва», ні куляў, ні сырой зямлі на ўсім працягу, ад мяжы да мяжы, не шкадуючы для тых, хто мог бы ўцяміць, расшалопаць што-якое самастойна і паслаць агітатараў і іх наглядчыкаў куды далей. Мог бы - ды не змог. Такія, як вы, у страху за свае крыху цяплейшыя на ўчыненым вамі скразняку месцейкі, не далі. Чаго прасцей! Галоту, гарапашнікаў, якіх самі пладзілі, паддражні, нацкуй - і хадзі ў героях: як жа! з ворагамі народа расквіталіся!
Вы не толькі з тае ж галоты, панове бальшавікі, вы яе, тае галоты, саранча (чулі пра такую?), якая зжырае ўсё, нават тое, што жыццёва неабходна - не вам, дык вашым нашчадкам... Вашым нашчадкам! Ад такой нечысці, пэўна ж, не адхрысціцца, ды - свят, свят, свят, як кажуць! - не яны звядуцца, дык мо іх ахвяры паразумнеюць. Абы не дало злое семя, вамі кінутае ў нашу глебу, усходаў, абы пралілося святло ў душы людскія і сталі яны відушчымі!.
Аб адным шкадую: жыццё пражыў, не ведаючы, што сляпы. Хлусню заўважаў, іржавыя яе пляміны то тут, то там, неразумным, а то і злачынным кадравым перастаноўкам дзівіўся, тут жа вытлумачваючы імі няўдалае гаспадаранне і безадказнасць. Трэба было, значыць, каб ірвануў Чарнобыль, каб тыя, хто павінен быў ратаваць нас, адкрыўшы праўду, адкрыта пагрэў рукі над яго пякельным полымем... Якая жахлівая цана збаўлення ад слепаты!
Каб жа нашы няшчасці выліліся на вашы галовы, панове! Склінаю, перад смерцю склінаю вас, сытых, укормленых на нашых бедах, на векі вякоў. Калі ёсць праўда на зямлі ці вышэй, няхай абрынуцца на вас усе тыя беды - хоць бы дзеля заўтрашняга дня, дзеля «светлай будучыні», якую вы па сённяшні дзень раскідваеце па магілах...»
- Цікавы дакумент, ці не праўда?
Людміла ўздрыгвае ад голасу, быццам ад грубага дотыку: трэба ж было так зачытацца, каб не пачуць, не заўважыць прыходу гэткага чалавека, як Шэршань! - тым больш, што ён стаіць не у дзвярах, а побач, праз плячо зазіраючы ў паперы.
- Іван Кузьміч - што, на павышэнне ідзе? - падымае яна на яго погляд, здолеўшы адразу ўзяць сябе ў рукі.
- На павышэнне? - не чакаў ён такога пытання (і цяпер ужо яна ў душы ўсміхаецца) і рэагуе яўна не так, як хацеў бы: - Не чуў... Пра гэта табе лепш ведаць, га, Людміла Пятроўна? Цяпер, спадзяюся, Іван Кузьміч на месцы?
- Чакае, - суха, як мага спакайней адказвае, адганяючы страх, які цяпер заўсёды з’яўляецца, скоўваючы яе, калі б ні апынулася паблізу ад Шэршаня. - Праходзьце, палкоўнік. Папярэджваць Івана Кузьміча не трэба: ён чакае вас.
- А-а-а, іду, іду, - усміхаецца той, і ўсмешка змяняецца заклапочанасцю далёка не адразу. - Мяне сёння, па ўсім відаць, і гаворка з ягонай сакратаркай чакае, але пазней, пазней. Так што, Людміла Пятроўна, я ні ў якім разе не развітваюся.
Пайшоў. На момант палягчэла. Але ўсяго на момант. Што ён меў на ўвазе пад гаворкаю? Якая каша заварваецца тут, у кабінеце, праз сценку, і чаму, як яна разумее, і ёй нейкім чынам давядзецца яе расхлёбваць? Пры чым тут яна? Сведка? Сведка чаго? Усё, што магло б зацікавіць Шэршаня і яго ведамства, ужо ж адбывалася не тут, не ў сценах кабінета. Тым больш не ў прыёмнай. I наогул, калі параўноўваць шэфа з кімсьці на яго ўзроўні - ды хоць з кім заўгодна! - параўнанне будзе на яго карысць. Так што...
А чаго яна, уласна кажучы, перажывае? Што ён ёй - брат, кум, сват? Тычылася б якое з падазрэнняў яе, ягонай сакратаркі ў званні загадчыцы прыёмнай, адным узмахам брыва аддаў бы на закланне - хоць Шэршаню, хоць любому, абы чысценькім застацца, абы, крый Божа, не запэцкацца, імя сваё высокае не запэцкаць. І-мя! Шыльда, адглянцаваная рознымі інструктарамі і загадчыкамі, ад якой пагардліва адварочваецда новы час! Адварочваецца, а то і плюе, як гэты вось... як там яго... Кузьма Балоцін?! Але ж... Бог мой, во будзе штука, калі гэта не проста супадзенне, калі гэты Кузьма раптам... Іван Кузьміч Балоцін, першая асоба, кароль, можна сказаць, на сённяшні дзень у рэспубліцы (усё яшчэ кароль!), і раптам атрымлівае падобны ліст ад Кузьмы Балоціна, напісаны тым перад смерцю? Ці-ка-а-ва! Цікава, нават калі гэты Кузьма будзе насельнікам дома вар’ятаў дзе-небудзь... Не, не. Штосьці тут ёсць. Нездарма ж ліст трапіў сюды, у прыёмную. Ды і Шэршань, па ўсім відаць, ведае адрасата.