- Да, да, - не падымае ён пагляду ад папер, якімі завалены ўвесь стол. - Зварыце яшчэ кубачак кавы, калі ласка. I за пятнаццаць... не, за дзесяць хвілін да пасяджэння нагадайце мне пра час...
***
Час - катэгорыя адносная. То цягнеш, выцягваеш яго - выцягнуць з балота перастаялых, іржавых ад дакукі хвілін не можаш, то ўтрымліваеш, нагамі і рукамі ўпіраешся, каб не даць уцягнуць сябе ў яго імклівы вір - і вынырваеш недзе напрыканцы тыдня, а мо і месяца, як не пашанцуе. Што было, чаго не было - усё згінула, ніводнага імгнення не вярнуць. А часам і не ўспомніць... Так... Абрыўкі фраз, звароты, павіслыя ў паветры пытанні...
«Людміла? Не пазнаеш? Пасля ўсіх салодкіх мінут, праведзеных разам, прызнаць не хочаш?»
«Гэта вы мне? Я вас не ведаю».
«Як жа так? Мне здаецца...»
«Калі здаецца, хрысціцца трэба», - не азіраецца на колішняга свайго знаёмца: ці мала такіх памятлівых, скарыстаных і адвергнутых ёю, на шляху? Не ўсё ж ім сваёю жорсткасцю выхваляцца!
«Праз паўгадзіны я заеду, Лялёк?»
«Мне шкада, але мяне не будзе дома. Мяне ўжо няма».
«Не зразумеў».
«Вам гэтага не зразумець, Валерый Юр’евіч», - на самае дно цішыні падае трубка, і аднекуль адтуль на міг выплывае думка, што нават замка мяняць не давядзецца: стары больш не сунецца...
А тэлефонныя званкі ўжо не змаўкаюць.
«Прыёмная. Не, яго няма».
«Па такіх пытаннях звоняць не ў прыёмную ЦК...»
«Вы звяртаецеся не па адрасе...»
«Прыёмная. Іван Кузьміч у ад’ездзе. Не, калі вяртаецца, не ведаю».
«Ты, Вяруня? Перавялі сына? Усё ў парадку? Неяк сустрэнемся...» - спрабуе яна зачапіцца за ўласнае абяцанне, а дзень адплывае, знікае ў цемры, як і ўчарашні, і пазаўчарашні...
«Канешне, канешне, Галена Феакцістаўна. Некалі ж абрыдне перакідвацца словамі, і ўсё стане на месца: крышачку правей, крышачку лявей - хіба гэта мае значэнне для нас з вамі?»
«Не скажыце, Люсі! Раптам гэтае новае ўсё-такі пусціць карані?»
«Госпадзі! А то бальшавікам першыня - злое семя з карэннем выдзіраць! Іншая справа...»
«У вас з’яўляюцца сумненні, Люсі?»
«У мяне з’явілася жаданне змяніць скуру, - не ўсміхаецца яна на спалох старой. - Змяніць і вось гэтую, зношаную, прадаць. Прадаць таму, хто купіць».
«Што вы такое кажаце, Люсі?! Я разумею: вас пакінуў...»
«Мяне?! Пакінуў? Ды гэта я пад зад нагою...»
Смех нагадвае тэлефонны званок, і калі яна на міг, толькі на міг зводзіць павекі, адразу чуе; тэлефон. Каму гэта няймецца? Яе няма. Яна яшчэ не вярнулася са службы. Яна прагульваецца пад дажджом. Ці з пудзелем, калі так праўдзівей. Прымае ванну. Урэшце, ляціць на Месяц! 3 шасці да васьмі яе ні для каго няма. Тым больш у пятніцу.
- Вас слухаюць, - не вытрымлівае, памінаючы ў думках чорта.
- Людміла Пятроўна Лялечкіна?
- Людміла Пятроўна. Лялечкіна. Ну і што?
- Вам тэлефануюць ад палкоўніка Шэршаня.
- Ад палкоўніка? - успыхвае ў ёй злосны агеньчык. - А хто гэта - палкоўнік Шэршань? Дарадца прэзідэнта? Кіраўнік антыўрадавае змовы? Намеснік Ісуса Хрыста? Я толькі што са службы. Я адпачываю, чорт вазьмі!