- Там, у глыбіні тваёй істоты, жывуць забытыя, спіхнутыя ў забыццё страх і жуда, зведаныя некалі, там палымнеюць не толькі твае асабістыя пажадлівыя памкненні і страсці, але і страсці ўжо спрахлых у зямлі пакаленняў тваіх продкаў, сярод якіх знайшліся б і сапраўдныя варвары.
- Глупства! - узіраецца яна ў пустату вакол і раптам заўважае, што яна, гэтая пустата, як і яна, замкнёна ў клетцы, якая звужаецца, меншае, абрастае ўсё больш тоўстымі кратамі. - Гэта твае жартачкі, падпалкоўнік?
- Палкоўнік, Людміла Пятроўна, палкоўнік. Мужчын, як бачыш, хутчэй павышаюць па службе, - з’яўляецца, быццам выкліканы гэтым зваротам, Шэршань ці хтосьці падобны да яго па той бок загарадкі.
- Што гэта значыць, чорт вас вазьмі! - нават страх адступае на нейкі час перад гневам і лютай злосцю. - Адкуль узялася гэта клетка, я вас пытаю?
- Гэта твая грудная клетка.
- Што, што?! Грудная клетка? Ты, няйначай, звар’яцеў, начапіўшы новыя пагоны. Так, так, звар’яцеў і хочаш дамагчыся таго ж ад мяне. Але дудкі! Я лепш здохну тут, у гэтай клетцы, чым...
- Чым што?! - склаўшы рукі на грудзях, стаіць ужо той побач з ёю, усміхаючыся на раптоўную знямеласць, скрозь якую, што ўжо зусім відочна, падбіраецца, падкрадваецца да сэрца жах. - Ты, я бачу, нічога не забыла, га?
Яна маўчыць. Hi слова, ні гуку не вырываецца з перасмяглага, здушанага падступіўшай млосцю горла. Адчувае, якімсь дзесятым пачуццём адчувае, што, калі ён наблізіцца, калі паспрабуе завалодаць гэтым растузаным, толькі-толькі загоеным целам, яна кінецца на яго - знойдзе ў сабе сілу і задушыць, сваімі ўласнымі рукамі задушыць яго.
- Што, да смяротнае схваткі рыхтуешся? - яшчэ шырэй, на ўсе зубы, усміхаецца Шэршань. - Не выйдзе, рыбачка. Пакуль я сяджу так глыбока ў табе, нічога ў цябе не выйдзе. I ты гэта ведаеш. Ведаеш, ведаеш, Людміла Пятроўна! - чалавеку ўласціва ведаць пра сябе больш, чым ён свядома прызнае перад сабою самім ці, тым больш, перад іншымі. Адны шукаюць усё жыццё Бога, другія - д’ябла. Мы з табою - пара, і, павер мне, варты адно аднаго.
- Лухта! Гэта ўсё лухта! - прарываецца гнеў.
- Лухта? Ды ты гэтак жа, як і я, трымціш ад жадання, ад няўтоленае жывёльнае прагі асалоды, гэтак жа, як і я, здольна на ўсё, нават на злачынства, калі прыпячэ, каб толькі атрымаць сваё!
Не вытрымліваючы больш гэткага здзеку, ненавідзячы палкоўніка так, як ніколі нікога ў жыцці не ненавідзела, яна кідаецца на яго з кулакамі: цяпер ужо ўсё роўна! цяпер ужо хоць такі, хоць іншы, але канец!
Не адразу разумее, што, аслепленая гневам, не бачыць перад сабою ні кратаў, ні палкоўніка з ягонай паганенькай усмешкай, - кінуўшыся ўперад, натыкаецца не на яго, а на нябачную сцяну, такую крохкую, што ад удару цела тая расколваецца, рассыпаецца на друзкі, і Людміла падае, бясконца падае скрозь іх дождж кудысьці ў пустату, на дно свайго немага крыку...
Крык заглушаецца звонам - звініць працятае ім наскрозь паветра - рвецца, перарываецца ад яго цяжару дыханне... Людміла ўскоквае на ложку, перш чым прачынаецца: тэлефон!
- Даведка?
- Якая яшчэ даведка? - ашалела круціць яна галавою, адыходзячы ад сну, няўцямна зіркае на паднятую тэлефонную трубку і, калі нарэшце пачынае разумець, што хтосьці проста памыліўся нумарам, кідае яе назад, на рычажок. - Няма ад вас спакою!
***
Гадзіннік паказвае без дзесяці сем. Не так ужо і рана. Заспалася. Галава цяжкая пасля ўчарашняга... I што толькі на яе ўчора найшло?
Грэбліва падціскае вусны, разглядвае чорт ведае ў што ператвораную спальню: перад люстэркам, проста на падлозе - перавернутая пустая пляшка з-пад віна і недапіты келіх, далей, у кутку, валяецца скамечаны халат і не кранутая начная сарочка, скрозь на дыване - рассыпаныя шпількі, на тумбачцы - заліты віном паднос, на якім параскіданыя яблыкі, два надкусаныя, пасцель...
«Вось так мы, Лялечкіна, пачынаем новае жыццё!» - сумна ўсміхаецца ў думках і змушае сябе падняцца, падняцца і падысці да люстэрка, не адвёўшы ўбок разгубленага пагляду. Выгляд, канешне... Замест прычоскі - растузаная капа сена, тры даволі прыкметныя сінякі: адзін - на плечуку, два другіх - сляды задужа прагавітых вуснаў! - на грудзях, якія тыдзень сыходзіць будуць; пацямнелыя кругі пад вачыма, тужлівыя, як у пабітай сучкі, вочы.
Ну, ну! Як заплачана, так і аддзячана. I няма чаго асабліва ўшчуваць сябе: учарашні вечар спісаны ў мінулае, і Людміла - па гэты бок яго, па гэты, а не па той. А той... Калі што-небудзь прыкрыць так, як належыць, яно перастае існаваць. Не ёю прыдумана. I не для яе адной, напэўна.
Не вельмі суцяшальная думка? Што ж, па суцяшальную гэтаксама далёка хадзіць не трэба: яна ў самой маралі, якая настойвае на захаванні знешняй прыстойнаці - і толькі. I толькі! Захоўваеш бачнасць маралі, маральных паводзін, паводзін сябе для ўсіх «быццам бы» - і ўсё ў парадку. Адно не давай злавіць, знянацку захапіць сябе ў хвіліну, падобную да любой з учарашніх, і ніхто ніколі нічога не дакажа. Можа здарыцца ўсякае, і нават шмат чаго можа здарыцца - абы не было асуду-перасуду, абы не ўзніклі зневажальныя плёткі. 3 гэтым у Людмілы ўсё о’кей. Пеўнік з ніжняга паверха закукарэкаць збаіцца, не кажучы пра яго шаноўнага папярэдніка, а яна і на Страшным судзе скажа: нічога не помніць - нічога не было. Няхай ужо самі паспрабуюць даўмецца, ці то і ўзапраўду нічога не было, ці то зацьменне на яе найшло, пакінуўшы ў душы толькі ціхі цень журботы.
Ціхі цень журботы - штосьці яўна кніжнае, ну ды ўсё роўна прыгожа. А вось валасамі давядзецца займацца доўга, як не ў каўтун, не расчасаныя нанач, збіліся. Хоць што валасы? Яны вымыюцца, расчэшуцца. 3 думкамі за адну раніцу не ўправіцца. Жыцця не хопіць, каб разгрэбці гэты сметнік: чаго толькі змалку - ад «Будзь гатоў!» - «Заўжды гатоў!» да «Далоў партакратыю!» - туды не напіхана!
Што ж да затузанай, навыварат маралі... О, дзе ўжо дзе, а тут усе падставіць ножку чорту імкнуліся - вучоныя, маралісты, літаратары, святары! Здавалася, чаго прасцей? Толькі адцягнуць увагу людзей ад праблем полу, сексу - і яны пра іх забудуць. Толькі не дражніць размовамі небяспечнымі, не выманьваць цікаўнымі пытаннямі старадаўняга, пасаджанага за жалезныя краты маральнасці звера - і ён стане ручным, хатнім. Толькі, як мага хутчэй і адводзячы вочы, абмінаць своечасова ўсё інтымнае, недатыкальнае, паводзіць сябе так, быццам нічога такога ў сапраўднасці і няма, - і яго не будзе. Чорт аб нашу рашучасць спатыкнецца - і адступіцца...
Чорт... Ды каб жа, каб жа толькі адзін на ўсіх чорт! Хто іх лічыў, чарцей? Хто іх калі злічыць?
Па маладосці, наіўна атаясамліваючы лёс і выпадак, яшчэ верыш, што моцна трымаеш у руках павадкі ўдачы і няўдачы і толькі ад дакладнасці наступнага руху залежыць паварот лёсу. Потым жа пачынаеш разумець, бачыш, што трымаеш пустату, а твой жыццёвы шлях прадвызначаны знутры: якім бы звілістым і бязглузда непадуладным ні здаваўся, а ўрэшце вядзе і выводзіць да нябачнае, усімі пакаленнямі тваіх продкаў вызначанае для цябе мэты. Вялікай, малой, злачыннай, дабрачыннай - не адразу і вызначыш.
Вось яна... «Ты, ты, мокрая, абшчыпаная галубка! - не адводзь вачэй, зірні ўважлівей на тое, што сабою ўяўляёш пасля ночы, пасля душу, без грыму і прычоскі, без ганарлівае ўсмешкі і моднае шаўковае блузкі: незадаволеная сабою і светам цётка, якая да жуды, да непрыстойнасці баіцца старасці і гатова залізваць на сабе любую зморшчыну, любую плямінку, каб толькі выглядаць дагледжанай, усё яшчэ маладой і шчаслівай». Якая маладосць? Якое шчасце? Адзінае, што набыла ў абмен на іх, - упартае нежаданне прадаўжаць гон як ні ў чым не бывала, зноў кідацца бегчы, так, быццам лёс не дагоніць, скрозь і ўсюды не даганяў яе.
Змяя, якая не можа змяніць скуру, гіне... Але ж са старой скурай нельга пакінуць на сцежцы пражытае: душа надзелена ракавою сілаю памяці, прыпаміну - і каго іншага льга падмануць, а сябе? Toe і яно.
- Вас слухаюць, - дацягваецца Людміла да тэлефона, не выпускаючы ўключанага фена.
- Людачка, гэта я. Нічога, што спазаранку?