Людміла неяк лёгка супакойваецца. Успомніўшы пра свае абавязкі, тэлефануе ў штаб акругі і ў канцылярыю ўладыкі, апярэджваючы іх візіты, старанна раскладвае пошту, звязваецца з аргаддзелам і ўдакладняе імя стэнаграфісткі на сённяшнім пасяджэнні Бюро, аддае распараджэнні загадчыцы буфета... Калі загараецца лямпачка, спакойна адгукаецца на выклік з кабінета.
- Вы прыпазніліся з поштаю, Людміла Пятроўна. Прынясіце ўсё атрыманае на мае імя зараз жа, - загадвае шэф, і як яна ні ўслухоўваецца, а асаблівага хвалявання ў яго голасе не заўважае: ці трымаецца там з такою годнасцю, ці ўсе падазрэнні супраць яго - проста ліпа.
Людміла бярэ папачку з раскладзенымі лістамі і паперамі, заходзіць, і пад цяжкімі позіркамі двух мужчын як мага грацыёзней, злёгку пакалыхваючы клубамі, набліжаецца да стала.
- Яшчэ што-небудзь, Іван Кузьміч? - старанна пазбягае позірку Шэршаня. - Мо па кубачку кавы?
- Як Анатоль Сямёнавіч... - схіліўся ўжо той над прынесенымі паперамі, яўна шукаючы тую, за подпісам Балоціна, якую яна сунула папярэдне ледзь не на самы спод.
- Я, папраўдзе, з прыемнасцю, - суха адгукаецца Шэршань. - Буду шчыра ўдзячны Людміле Пятроўне.
Пакуль яна гатуе моцную каву і рыхтуе патрэбны посуд, гоніць ад сябе ўсе думкі, і прыемныя і непрыемныя. I ледзь толькі з’яўляецца ў кабінеце з падносам, адразу адчувае: нешта змянілася. Што? Цішыня. Цяжкая цішыня, якая стаяла так, як стаяла б у затоцы глыбокая цёмная вада: ні зруху, ні водсвету.
- Прашу, палкоўнік. Вам як госцю...
- Дзякуй, Людміла Пятроўна. Мы як-небудзь самі ўправімся, - тут жа адсылае яе шэф, і адно, што Людміла паспявае заўважыць: позірк, якім праводзіць яе Шэршань, заклапочаны.
Ат, чорт з імі, з абодвума! Разбяруцца! Гэта ёй ў выпадку чаго трэба будзе хвалявацца, калі новы гаспадар кабінета захоча маладзейшую сакратарку займець, а яны... Самае большае паніжэнне - персанальная пенсія, звычайна ж і да гэтага не адразу даходзіць, так што... Так што можна далей ціха ненавідзець палкоўніка, з якім яна ўжо чакае абяцанае сустрэчы і гаворкі!
Людміла ўсміхаецца, звыкла паглядзеўшыся ў люстэрка, прыхаванае ў верхняй шуфлядзе стала: выгляд што трэба, сама ў кропку для сённяшніх падзей. Бог няроўна дзеліць: каму - новыя пагоны, каму - новая прычоска, ну ды чаго ўжо дужа наракаць? На фігушкі ёй пагоны, калі можна ўзяць разам з пагонамі...
***
- Прыёмная.
- Добры дзень. Магу я...
- Вы, прабачце, - гэта хто? - звыкла ўдакладняе, не чакаючы, пакуль суразмоўнік набярэцца смелаеці прадоўжыць. - Перш трэба назвацца.
- Але, але, - радуецца той адно таму, што не кладзе трубку. - Хлышч Сцяпан Сцяпанавіч. Рэжысёр народнага тэатра з Маладзечна. Мне б з таварышам сакратаром пагаварыць.
- Пагаварыць? - не хавае яна іроніі. - Вам... Сцяпан Сцяпанавіч, здаецца, што гэта мажліва?
- Я не так выказаўся. Я член партыі з шэсцьдзееят пятага... У мяне да таварыша сакратара просьба... Дакладней, справа. Я хачу запісацца на прыём. .
- Вы хіба не ведаеце, што ў прыёмныя дні (а яны бываюць нячаста) Іван Кузьміч прымае па папярэднім запісе? - ужо надакучыў ёй заікасты член партыі з шэсцьдзесят пятага. - Я запісу такога не вяду.
- Вы, дзевушка, не зразумелі, - спяшаецца той яшчэ штосьці патлумачыць. - Я, член партыі, хачу пагаварыць са сваім сакратаром. Па справе. Па справе тэатра. I лічу, што гэта важна...
- Нічым не магу дапамагчы, - рашуча перапыняе яна яго. - Іван Кузьміч заняты. I нікога не прымае.
Фыркае, паклаўшы трубку: «Член партыі!» Такімі членамі ўсе дарогі сюды загачаны, ажно не! - то аднаму, то другому карціць голас падаць, аб сабе раптам нагадаць: «Вы, дзевушка, не зразумелі...» Усё «дзевушка» зразумела, і не сённяшнім днём, ды тое, што зразумела, не ўсім ведаць. Узрадаваліся галубочкі аб’яўленым зменам - лісты пішуць, тэлефануюць напрамкі ў прыёмную праз галаву апарата, адказу чакаюць: «Вы, дзевушка, не зразумелі...» Адказаць бы катораму: «Пратры вочы, дурань! Якія змены? Хто што мяняе? Хто сваё карыта на тваё балота памяняе?», ды ніхто і такога адказу не варты - любы тут жа пабяжыць дакладваць, вочы начальству адкрываць, каб бліжэй хоць бы да сракі ягонае апынуцца. Цьфу ты, Божа мой, пра што яна думае!
- Прыёмная... Не, нічога не казаў. У дванаццаць - Бюро.
- Прыёмная... Іван Кузьміч заняты. На жаль, Валерый Юр’евіч, і для вас... Не ведаю... Пазваніце праз паўгадзіны.
- Прыёмная... А-а-а, гэта ты, Зінуля. Салют! Ведаеш, што сёння ты на стэнаграме? Ну і добра. Мне спакайней, калі ты сама... Што прывезлі? Боты? Мне не муляе... Яшчэ калі б аўстрыйскія! Прабач, я перазваню.
Цікуе, учуўшы рух за дзвярыма: адзін палкоўнік выйдзе ці разам з гаспадаром кабінета?
- Будзем лічыць, што дамовіліся, - чуе голас Шэршаня, залішне сухаваты для сяброўскае гаворкі, а потым і сам палкоўнік у цёмна-шэрым, строгім па кроі касцюме і светлай, пад колер касцюма кашулі, з расшпіленым каўняром з’яўляецца ў дзвярах, і сэрца ёкае ў яе ў грудзях: мо гэта яны наконт яе дамовіліся?
Глупства, канешне. Перш чым дзверы кабінета за ім зачыняюцца, Шэршань, і галавы не павярнуўшы ў яе бок, выходзіць з прыёмнай. Людміла пераводзіць дыханне. Адчувае... Не, не палёгку - лёгкае расчараванне. Чамусьці расчараванне.
Зазірае ў кабінет.
- Я прыбяру посуд, Іван Кузьміч?